Да зімы рыхтуйся летам

Актуально Общество

Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне «Аб выніках ацяпляльнага перыяду 2011-2012 гадоў і падрыхтоўцы раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2012-2013 гадоў».

Акцэнтуючы ўвагу на важнасці пытання, ад вырашэння якога залежыць уся жыццядзейнасць раёна і яго жыхароў, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч адзначыў, што ў мінулым годзе была наладжана безаварыйная работа цеплакрыніц, бесперабойнае забеспячэнне энерганосьбітамі і палівам усяго народнагаспадарчага комплексу. Ацяпляльны перыяд прайшоў арганізавана, без збояў і надзвычайных здарэнняў. Раёнам выкананы мэтавы паказчык па энергазберажэнні за 2011 год — пры заданні «мінус» 5,0% забяспечана «мінус» 6,4%. Павялічылася доля мясцовых відаў паліва да 72,3% пры заданні 70%.
Аднак былі і недапрацоўкі, якія трэба прааналізаваць і выправіць. А галоўнае — максімальна поўна выкарыстаць цёплы сезон для таго, каб сустрэць зіму ва ўсеўзбраенні.
Адной з праблем, якая перашкаджае рытмічнай рабоце, намеснік старшыні райвыканкама С. П. Валковіч назваў запазычанасць арганізацый па аплаце за аказаныя паслугі ДРУВП ЖКХ. На пачатак мая яна складае 350 млн рублёў. Абследванне цеплавой гаспадаркі паказала, што яна не ўсюды ў належным парадку. На асобных прадпрыемствах патрабуюць рамонту кацельні, цеплавузлы, ведамасны жылы фонд. Немалыя рэзервы ў назапашванні мясцовых відаў паліва, яго выкарыстанні. Камунгас не выканаў заданне па абсталяванню павецяў для захоўвання дроў на кацельнях, што працуюць на МВП. Не забяспечыла планавыя пастаўкі дроў раёну ААТ «Полацклес».
Райвыканкамам зацверджаны склад камісіі па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых работ да наступнага ацяпляльнага сезону. Такія ж рэкамендавана стварыць у ведамствах, дзе ёсць на балансе кацельні і цеплавыя гаспадаркі. Спажыўцы цеплаэнергіі павінны распрацаваць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да АЗП і своечасова выконваць іх. Да 1 верасня неабходна завяршыць асноўныя віды работ па падрыхтоўцы цеплаэнергетычнага абсталявання да зімы. Прадугледжаны меры па стварэнні запасаў паліва, у тым ліку мясцовых відаў, будаўніцтву павецяў для яго захоўвання.
Перад спажыўцамі ўсіх форм уласнасці пастаўлена задача аформіць пашпарты гатоўнасці ва ўстаноўленыя энергаінспекцыяй тэрміны.
Камунгасу належыць падрыхтаваць да ацяпляльнага сезону не толькі цеплавыя сеткі, але і жылы сектар. Выканаць, дзе гэта патрэбна, рамонт дахаў, сцен, пад’ездаў. Неабходна ажыццявіць да пачатку ацяпляльнага сезону прамыўку ўнутрыдамавых інжынерных сістэм ацяплення і гарачага водазабеспячэння, устаноўку прыбораў уліку цеплаэнергіі і вады, наладзіць іх пастаяннае абслугоўванне. Вырашана набыць драбільны комплекс для вытворчасці паліўнай шчапы, прыняць меры па аптымізацыі схемы цеплазабеспячэння кацельні БПК з устаноўкай цеплакрыніц з механізаванай загрузкай.
Райвыканкам абавязаў усіх спажыўцоў камунальных паслуг да 1.08.2012 г. пагасіць дэбіторскую запазычанасць ДРУВП ЖКХ. Намечана таксама правесці раённы семінар з адказнымі работнікамі па правілах падрыхтоўкі і правядзення асенне-зімовага перыяду.
Задачы па своечасовай пастаўцы дроў і шчапы пастаўлены перад лясгасам, Верхнядзвінскім і Боркавіцкім лесапунктамі; рэалізацыі паліва насельніцтву — перад філіялам УП «Віцебскаблпаліва» і ААТ «Полацклес».
Райаграсервісу належыць завяршыць газіфікацыю ведамаснай кацельні. Канкрэтныя задачы па падрыхтоўцы да АЗП вызначаны іншым ведамствам.
Старшыня райвыканкама І. І. Марковіч падкрэсліў, што патынне падрыхтоўкі да зімы будзе знаходзіцца на пастаянным кантролі ўлады і адказных службаў. Акцэнт трэба зрабіць на скарачэнні тэрмінаў падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, каб выканаць пастаўленыя задачы своечасова і якасна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *