Абаронца Айчыны-2012

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

Раённыя спаборніцтвы па летняму шматбор’ю прыкладнога фізкультурна-спартыўнага комплексу «Абаронца Айчыны-2012» прайшлі на базе СШ № 2, каманда якой з’яўляецца традыцыйным лідарам такіх спартыўных сустрэч.


Гэта выніковыя спаборніцтвы, якія штогод арганізоўваюцца для школьнікаў дапрызыўнога і прызыўнога ўзросту. Юнакам прадастаўляецца добрая магчымасць праверыць сваю фізічную падрыхтоўку, памерацца сіламі з равеснікамі, парадавацца спартыўным перамогам і ўпэўніцца ў сваёй гатоўнасці да службы ў арміі.
Удзельнікі спаборніцтваў дэманстравалі навыкі ў стральбе з пнеўматычнай зброі, кіданні гранаты, падцягваліся на высокай перакладзіне, пераадольвалі кароткія (100 м) і доўгія (3000 м) дыстанцыі.
У асабістым заліку сярод дапрызыўнікаў лепшых вынікаў дасягнулі прадстаўнікі СШ № 2 Вадзім Кавалёнак (1 месца) і Сяргей Нарубін (3 месца), якія былі прызёрамі і мінулагодніх спаборніцтваў, Яўген Альхімовіч з СШ № 1 заняў 2 месца. У групе прызыўнікоў лідзіравалі Мікіта Піваварчык з СШ № 1, гімназіст Сяргей Кучараў і Анатоль Смулько з СШ № 2.
Па выніках агульнага заліку сярод каманд дапрызыўнога ўзросту першае месца сёлета зноў заняла каманда СШ № 2. У каманды СШ № 1 — другое месца, гімназіі — трэцяе. Лепшымі камандамі прызыўнікоў сталі прадстаўнікі Галубаўскай, Сенькаўскай і Нураўскай базавых школ.
Актыўны ўдзел у арганізацыі спаборніцтваў прынялі аддзелы па фізкультуры, спорту і турызму, па справах моладзі, адукацыі райвыканкама, ДТСААФ і райваенкамат. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і медалямі. Яны будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе спаборніцтваў «Абаронца Айчыны-2012».
Л. ФЁДАРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *