За правапарадак змагаемся разам

Райисполком

Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне аб эфектыўнасці работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў.
Заслухаўшы інфармацыю намесніка старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлева, адзначана, што ў раёне праводзіцца пэўная работа па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў».
Аднак ў 2011 годзе дапушчаны рост агульнай злачыннасці на 1,8% — з 281 да 286 выпадкаў. Вырасла колькасць цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў. Міліцыяй у апошнія тры месяцы праводзілася комплекснае мерапрыемства «Быт» — па месцы жыхарства правераны ўсе асобы, схільныя да ўчынення правапарушэнняў. У выніку ў студзені цяжкіх злачынстваў учынена на 5 менш, чым за гэты ж перыяд мінулага года. Не зарэгістравана ніводнага злачынства на бытавой глебе.
Узмоцнена работа па прафілактычнаму нагляду за асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. У мінулым годзе зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць непагашаную і незнятую судзімасць. Абсталяваны пакой для часовага пражывання асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Асаблівая ўвага ў прафілактыцы правапарушэнняў надаецца барацьбе з п’янствам. У раёне абмежаваны час рэалізацыі алкагольных напіткаў з 10 да 21 гадзіны. Вылечана ад алкагольнай залежнасці 229 чалавек, у ЛПП накіравана 24. Знішчана 800 літраў самагоннай брагі, да адміністрацыйнай адказнасці за п’янства з лістапада па люты прыцягнута звыш 300 грамадзян.
Разам з тым, ёсць недахопы ў рабоце грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Пакараны толькі 2 прадаўцы, якія рэалізоўвалі спіртное непаўналетнім. Аднак падлеткамі ўчынена 13 злачынстваў, што на 3 больш, чым у папярэднім годзе. Выяўлена 8 падлеткаў, якія знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Па-ранейшаму высокім застаецца ўзровень правапарушэнняў, учыненых навучэнцамі Боркавіцкага ліцэя.
Ёсць і факты няўзгодненых дзеянняў сельвыканкамаў з супрацоўнікамі міліцыі, не ўсюды існуе цесная ўзаемасувязь сельсаветчыкаў з участковымі. Іншы раз суб’екты прафілактыкі дзейнічаюць адасоблена, што не дае належнага эфекту ў барацьбе з проціпраўнымі дзеяннямі грамадзян.
Вырашана ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічны стан ГПАП, удакладніць у іх спісы грамадзян, якія маюць патрэбу ў прафілактычным наглядзе. Прадугледжана актывізаваць работу сярод непаўналетніх, уцягваць школьнікаў з праблемных сем’яў у гуртковую, ваенна-патрыятычную, спартыўную работу.
Супрацоўнікам РАУС пажадана праводзіць комплексныя мерапрыемствы «Быт» штоквартальна. Будзе праведзена вучоба з сацыяльнымі работнікамі ТЦСАН па пытаннях абароны пажылых людзей ад злачынных замахаў. Запланавана стварыць адзіны банк дадзеных асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напіткамі.
Неабходна ўзмацніць адказнасць участковых за ранняе выяўленне асоб, якія злоўжываюць алкаголем, вырашана штомесяц заслухоўваць іх справаздачы аб рабоце.
Кожны месяц будуць праводзіцца аналіз крымінагеннай абстаноўкі ў Боркавіцкім ДПЛ і прымацца меры па папярэджанні правапарушэнняў. Намечаны абучаючы семінар для камандзіраў добраахвотных дружын. РАУС сумесна з медработнікамі належыць арганізоўваць выязныя агляды асоб, якія злоўжываюць алкаголем.
Прадугледжаны іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне злачыннасці і захаванне парадку ў грамадстве.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *