Ветэранскай арганізацыі — 25

Актуально Память

Канец 80-х — перыяд выхаду на пенсію былых франтавікоў і партызан, усіх, чыё юнацтва апаліла вайна. Яны і заснавалі ў раёне ветэранскую арганізацыю.

Любімае месца сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны - Курган Дружбы. І. І. Талкачоў (у цэнтры) з сябрамі А. А. Купцовым, які пайшоў ужо з жыцця, і В. К. Румо.

Ваеннае пакаленне — асобага гарту. Мужна змагалася з ворагам, а пасля ўзнімала разбураную краіну, адраджала да жыцця знявечаную зямлю. На заслужаны адпачынак гэтыя людзі не спяшаліся, былі і засталіся барацьбітамі. За мір, за лепшае жыццё, за шчасце дзяцей. Тым больш, што ў 80-я гэтыя якасці патрабаваліся асабліва — разбурэнне Саюза пагражала зменай каштоўнасцей.
Ветэранская арганізацыя была створана ў лютым 1987 года на першай канферэнцыі ветэранаў раёна. Старшынёй абралі ў мінулым баявога партызанскага камандзіра, а потым дырэктара СШ № 2 Сяргея Рыгоравіча Казачонка, якога ўжо няма сярод нас. А яго намеснік, былы франтавік і аўтарытэтны кіраўнік статыстычнага ўпраўлення Іван Іосіфавіч Талкачоў і сёння ў ветэранскім страі. Праз два тыдні таварышы будуць віншаваць яго з 90-годдзем!
У такім шаноўным узросце Іван Іосіфавіч захаваў аптымізм, уласцівы яму тонкі гумар, інтарэс да ўсяго, чым жыве Верхнядзвіншчына і асабліва — ветэранская арганізацыя, у якой цяпер, як зазначае, найбольш «маладыя».
-Мы пражылі вялікае і цікавае жыццё, пражылі годна і змястоўна, — гаворыць Іван Іосіфавіч. — Радуе, што нашы веды і вопыт былі запатрабаваны ў перыяд працоўнай дзейнасці. І потым мы не аказаліся за бортам жыцця. У значнай меры дзякуючы ветэранскай арганізацыі. Калі былі маладзейшыя, больш пры сіле, столькі карысных і цікавых спраў арганізоў-валі! Першы савет арганізацыі складалі аўтарытэтныя, ініцыятыўныя людзі. Франтавік, ардэнаносец Міхаіл Яфрэмавіч Драздоў, Герой Сацыялістычнай Працы Ганна Паўлаўна Шушкевіч… На жаль, даўно не бачыўся з імі.
Да сваёй грамадскай работы ставіліся вельмі адказна. Ва ўсіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна за паўгода былі створаны пярвічныя ветэранскія арганізацыі, якія актыўна ўдзельнічалі ў жыцці працоўных калектываў. Рэгулярна праводзіліся сходы, на якіх абмяркоўвалі найбольш злабадзённыя пытанні. Жыллёвыя праблемы, арганізацыя вольнага часу, барацьба з п’янствам, настаўніцтва і перадача перадавога вопыту — толькі невялікі пералік дзейнасці ветэранскіх «пярвічак». Асобна вы-дзялялася работа па ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
-Паказвалі прыклад маладым, як можна развіваць свае творчыя здольнасці, — успамінае Іван Іосі-фавіч. — Мяне прызначылі адказным за дзейнасць хору «Ветэран». Некалькі гадоў сам у ім спяваў.
Памятае, як ветэранская арганізацыя ў поўным саставе ездзіла на Курган Дружбы, цёпла прымалі яе ў школах. Задаволены сустрэчамі, якія арганізоўвае для ветэранаў штогод на 9 Мая адміністрацыя раёна. Заўсёды чытае ў «Дзвінскай праўдзе» паведамленні аб узнагароджанні сваіх паплеч-нікаў з нагоды юбілею граматамі і падзякамі. Значыць, яго таварышы па-ранейшаму ў страі!..
Людміла АРЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *