У Росіцы адбыліся ўгодкі памяці благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя і Антонія

Актуально Духовность

Традыцыйныя ўгодкі памяці благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча адбыліся ў Росіцы.

Кожны год лютаўскімі днямі ў Росіцкім касцёле Святой Троіцы збіраюцца вернікі з суседніх парафій і розных краін свету, каб ушанаваць памяць святароў, якія ў 1943 годзе здзейснілі подзвіг духу — прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваіх прыхаджан.
Вітаючы гасцей, гаспадар святыні айцец Часлаў Курэчка падкрэсліў: «Дзіўнае месца — Росіца. І ў самы люты мароз, і ў летнюю спёку сюды абавязкова збіраюцца пілігрымы. Ніякія перашкоды не палохаюць людзей, якія імкнуцца ў гэта намоленае святое месца. Росіца сілкуе, аздараўляе, умацоўвае дух і дае правільныя жыццёвыя арыенціры».
І на гэты раз, нягледзячы на зімовы холад, у святыню прыбылі шматлікія пілігрымы з Мінска, Жодзіна, Барысава, Глыбокага, Браслава, Полацка, Наваполацка, Лучая, Верхнядзвінска і іншых мясцін. Удзел ва ўрачыстасцях прымалі прадстаўнікі свецкай улады і высокія духоўныя асобы: генеральны вікарый Віцебскай дыязэзіі, дэкан Полацкі, ксёндз-прэлат Францішак Кісель, правінцыял ордэна марыянаў з Варшавы Павел Навумовіч, апостальскі адміністратар грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і сёстры законныя з розных парафій. Святочную Імшу ўпрыгожваў спевамі хор духоўнай музыкі з Барысава пад кіраўніцтвам святара Вячаслава Пялінака.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, айцец Павел Навумовіч адзначыў, што росіцкія святары далі нам прыклад сапраўднай веры, адданасці Богу і любові да бліжняга. Ён нагадаў іншых пакутнікаў касцёла, якія ахвярна неслі сваю службу, церпячы пераслед і прымаючы смерць цела дзеля жыцця духу. Гэта ахвяра заўсёды мае вялікі сэнс. Адчуваючы яе, людзі імкнуцца да святых месцаў, моляцца, просяць Божага благаслаўлення і дапамогі святых.
Духоўны пасілак асабліва важны сёння, калі чалавек іншы раз губляе сваё сапраўднае прадвызначэнне, гонячыся за матэрыяльным дастаткам. Ставячы на першае месца ўласнае абагачэнне, многія забываюць аб пераходнасці ўсяго зямнога, спусташаюць душу. Росіца патрэбна, каб аздараўляць яе і правільна вызначаць прыярытэты. Каб у цішы гэтых мураваных сцен згадаць, аб чым маглі думаць людзі сцюдзёнымі лютаўскімі днямі 43-га, трасучыся з дзецьмі ў холадзе і разумеючы, што іх чакае наперадзе. Каб узважыць ахвярнасць і веліч учынку святароў, якія адракліся ад зямнога жыцця, каб падтрымаць паству. У кожнага з нас ёсць пытанні, якія можам задаць тут свайму сумленню. Асабліва дарэчы зрабіць гэта цяпер, калі ў хрысціян распачаўся Вялікі Пост — час разважанняў і малітвы, суцішэння і ўстрыманасці.
А Росіца будзе чакаць пілігрымаў на новыя вялікія ўрачыстасці. Сёлета касцёлу Святой Троіцы спаўняецца 100 гадоў. Адзначыць юбілей плануецца летам. Да гэтага часу айцец Часлаў збіраецца ажыццявіць новыя задумы па добраўпарадкаванню і ўпрыгажэнню святыні і навакольнай тэрыторыі. Адзначае, што вялікую дапамогу ў гэтым яму аказваюць раённая ўлада, многія прадпрыемствы і прыватныя асобы. Зроблена многа, але наперадзе яшчэ таксама шмат працы.
Сярод задум — агароджа могілак з камянёў, сімвалізуючых Ружанец. Гэта будуць, свайго роду, помнікі спаленым у вайну вёскам. У Росіцы нямала ўжо такіх куточкаў, дзе можна памаліцца і паразважаць аб справах духоўных. І на гэты раз вялікая працэсія рушыла на месца гібелі пакутнікаў, дзе ўзвышаецца абноўлены Крыж.
Росіца, сапраўды, стала цэнтрам духоўнасці, і ўсім нам трэба берагчы і развіваць яе, каб не згасла вера і не збяднела душа чалавека.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *