Электралічыльнік — не цацка

Общество

У апошні час сталі паступаць скаргі жыхароў раёна на тое, што за пашкоджаныя пломбы на электралічыльніках кантралюючыя арганізацыі прымяняюць штрафныя санкцыі. Ці справядліва гэта? Адказаць на пытанне мы папрасілі начальніка Верхнядзвінскага «Энергазбыту» М. М. ПАЛАЧАНІНА.

-Яшчэ ў красавіку 1996 года загадам Міністра паліва і энергетыкі Рэспублікі Беларусь зацверджана Інструкцыя па арганізацыі ўліку электрычнай энергіі. Гэты дакумент быў унесены і ў Нацыянальны рэестр 22.03.2000 года. У адпаведнасці з ім парушэнне пломбы на лічыльніку пазбаўляе законнай сілы ўлік электраэнергіі. І пры выяўленні ў бытавога спажыўца парушэння схемы падключэння разліковага прыбора ўліку, яго пашкоджання або зрыву пломбы, а таксама ўстройства электраправодак, не прадугледжаных праектам, самавольнага падключэння электрапрыбораў, са спажыўца спаганяецца сума прычыненай шкоды.
-І часта даводзіцца прымяняць такія меры?
-Летась, напрыклад, за пашкоджанне пломб былі складзены акты на бытавых спажыўцоў электраэнергіі В. Г. Дашкевіча з н. п. Бігосава, яму давялося выплаціць 175540 рублёў, С. Н. Дзярко, жыхара вёскі Бароўка (117820 рублёў), А. В. Уліновіча з Лявонішана (1728370 рублёў).
-Мікалай Мікалаевіч, Інструкцыя, аб якой Вы расказваеце, прынята шмат гадоў таму. Ці не ўстарэла яна?
-У кастрычніку мінулага года Пастановай Савета Міністраў зацверджаны Правілы электразабеспячэння, якія ўступілі ў сілу зусім нядаўна, 2 лютага 2012 года. Цяпер адказнасць за захаванасць, цэласнасць і аднаўленне сродкаў разліковага ўліку электрычнай энергіі, устаноўленых у аднакватэрным, блакіраваным жылым доме, збудаванні, групе тэрытарыяльна аб’яднаных збудаванняў, а таксама ва ўводным устройстве, вынесеным за межы ўчастка, пломб на ім, вызначаецца дагаворам электразабеспячэння.
У выпадку невыканання або неналежнага выканання абавязацельстваў, вызначаных дагаворам, абанент абавязаны кампенсаваць рэальную шкоду.
-Хто вызначае яе памер?
-Падставай для прымянення мер адказнасці з’яўляецца акт, складзены прадстаўнікамі энергазабяспечваючай арганізацыі або органаў дзяржэнерганагляду ў прысутнасці спажыўца або яго прадстаўніка. Акт складаецца ў двух экземплярах, адзін з якіх уручаецца (дасылаецца) спажыўцу.
-А калі спажывец адмаўляецца падпісваць дакумент, вымушаючы гаспадара плаціць штраф?
-Гэта не мае ніякага значэння. Акт усё роўна мае законную сілу.
-Як вымяраецца разлік сумы нанесенай шкоды?
-Энергазабяспечваючая арганізацыя карыстаецца метадычнымі ўказаннямі па прымяненні «Парадку вызначэння памеру шкоды, прычынай пры парушэннях у выкарыстанні электрычнай і цеплавой энергіі». Дакумент узгоднены Мінюстам, Мінфінам і Мінэканомікі і зацверджаны намеснікам Міністра Мінпаліўэнерга Рэспублікі Беларусь.
Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз напомніць жыхарам раёна, што энергазберажэнне цяпер з’яўляецца як ніколі актуальным. Гэта задача дзяржаўнай важнасці. Будзем жа грамадзянамі сваёй краіны.
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *