Палотны мастака з Сар’і

Жизнь сельских Советов

Заслужаны работнік лясной гаспадаркі раёна, вялікі знаўца роднага краю, таленавіты мастак, цікавы субяседнік, паважаны чалавек — усё гэта пра Канстанціна Несцеравіча Піскуновіча — любячага сына і патрыёта Сар’яншчыны.

Сустрэча з мастаком К. Н. Піскуновічам (у цэнтры).

 

Зразумела, што кожная сустрэча з ім — жаданая і цікавая. Напярэдадні навагодніх святаў работнікі дзвюх сар’янскіх бібліятэк — аграгарадка і школьнай — вырашылі зрабіць землякам падарунак: арганізавалі прэзентацыю-партрэт «Выдатны чалавек — славуты земляк», прысвечаную творчасці самабытнага мастака К. Н. Піскуновіча. У памяшканні Сар’янскай бібліятэкі была разгорнута выстава карцін з уласнай калекцыі Канстанціна Несцеравіча. Як сам зазначае, малюе больш для душы. Палотны з роднымі краявідамі ўзнімаюць настрой, выклікаюць пачуццё гонару за прыгажосць Сар’яншчыны, якой прысвяціў шмат гадоў жыцця і ён, працуючы ляснічым мясцовага лясніцтва.
Багаты ўнутраны свет гэтага чалавека, высокая духоўнасць знайшлі адлюстраванне ў іконажывапісу, які займае значнае месца ў творчасці мастака.
Яго цудоўныя палотны выклікаюць захапленне ў людзей розных узростаў і прафесій, веравызнання, жыхароў Сар’яншчыны і яе гасцей. Аб гэтым гаварылі ўдзельнікі сустрэчы, дзякавалі за творчую працу, выказвалі спадзяванні, што Канстанцін Несцеравіч будзе і надалей радаваць цікавымі і таленавітымі творамі.
Настаяцель Свята-Успенскай царквы ў Сар’і айцец Васіль зазначыў, што поспех спадарожнічае тым, хто актыўны ў працы, моцны ў Веры і ўдзячны Богу за здабыткі, што карціны мастака Піскуновіча — сапраўдны скарб, які трэба берагчы. У ім — высокая духоўнасць, любоў да бліжняга і роднай зямлі, да багатай беларускай спадчыны, якая ўзбагачае наша жыццё.
Запомніцца гэтая сустрэча і мультымедыйнай прэзентацыяй. Вядучыя — вучаніцы Сар’янскай СШ Крысціна Бубала і Дар’я Янкоўская — расказалі аб мясцовых святынях — Сар’янскім і Росіцкім храмах, якія з’яўляюцца не толькі ўнікальнымі архітэктурнымі помнікамі, але і сведкамі векапомных падзей, скарбонкамі духоўнасці і мудрасці, з якіх выпраменьваецца святасць на сар’янскую зямлю і яе жыхароў.
-Гэты край падараваў шмат заслужаных і таленавітых людзей, — заўважыла загадчыца Сар’янскай бібліятэкі А. М. Бубала. — Сёння мы сустрэліся з Канстанцінам Несцеравічам Піскуновічам. Мяркуем запрасіць у госці былых выпускнікоў Сар’янскай школы — навукоўцу, дацэнта Белдзяржуніверсітэта Віктара Генадзьевіча Шадурскага, старшыню райвыканкама Ігара Іванавіча Марковіча, настаўніка, паэта і краязнаўцу Антона Францавіча Бубалу. Яны не забываюць нашы мясціны і для такога, як сёння, больш цёплага і блізкага яднання з землякамі, думаем, час знойдуць.
У планах мясцовых бібліятэкараў — пазнаёміць маладое пакаленне аграгарадка з творчасцю вядомых пісьменнікаў Сяргея Венядзіктавіча Сартакова і Эдуарда Міхайлавіча Самуйлёнка, якіх звязваюць з Сар’яншчынай глыбокія роднасныя карані.
Л. ФЁДАРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *