Дзень жывёлавода ў Асвеі

Жизнь сельских Советов

На дні жывёлавода, які адбыўся ў КУВСП «Асвейскі», падведзены вынікі работы ў 2011 годзе і пастаўлены задачы на бягучы год.


І працаваць, і ўшаноўваць перадавікоў, і адпачываць «з агеньчыкам» у «Асвейскім» умеюць. У многім, дзякуючы кіраўнікам — людзям нераўнадушным і актыўным. Дырэктар гаспадаркі Мікалай Мартынаў падтрымлівае любую карысную ініцыятыву, а старшыня прафкама Лідзія Русак арганізуе людзей і зацікавіць агульнай справай. Нездарма прафсаюзная пярвічка гаспадаркі прызнана лепшай у вобласці — тут праводзяць святы выхаду ў поле і «Дажынак», дні работнікаў сельскай гаспадаркі і іншыя працоўныя даты. На гэты раз гадавы сход адбыўся ў жывёлаводаў — з размовай аб вытворчых справах, падвядзеннем вынікаў, узнагароджваннем пераможцаў, музычнымі нумарамі.
Удзел у дні жывёлавода прымалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй, кіраўнікі і спецыялісты гаспадаркі, работнікі комплексу і ферм. Такая ўвага да жывёлаводчай галіны ў «Асвейскім» невыпадковая — у гэтым напрамку спецыялізуецца самая вялікая гаспадарка раёна. Статак налічвае звыш 6 тысяч галоў, з якіх 3,5 тысячы — на комплексе па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Як праінфармавала намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па жывёлагадоўлі Алена Весялова, у 2011 годзе ўдалося дасягнуць прыросту па прывагах і надоях. Валавая вытворчасць малака да ўзроўню папярэдняга года склала 130%, надой на карову — 4490 кг, што таксама вышэй ранейшага паказчыка. На 108% выраслі прывагі на комплексе — у суткі ў сярэднім яны дасягаюць 785 грамаў. Усяго прададзена 612 тон мяса, прычым вышэйшай укормленасцю — 99,7% прадукцыі. Сярэдняя вага адкормка дасягае 468 кілаграмаў, а выручка ад продажу галавы — 9,2 млн рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці ялавічыны складае 25,3%, а прыбытак — 810 млн рублёў.
Тым не менш, падсумоўваючы зробленае, работнікі гаспадаркі крытычна аднесліся да вынікаў. Так, дасягненні ёсць, але маглі быць і лепшымі. Аб гэтым гаварылі дырэктар гаспадаркі Мікалай Мартынаў, галоўны заатэхнік Вольга Суворава, начальнік комплексу Лідзія Русак, галоўны ветурач Сяргей Канаш. Спецыялісты аналізавалі прычыны, якія найбольш уплываюць на паказчыкі. Галоўныя — адносіны да справы і захаванне тэхналогій вытворчасці прадукцыі. Стрымліваюць актыўны рух наперад парушэнні дысцыпліны, незахаванне парадку кармлення і догляду жывёлы, якія здараюцца яшчэ на прадпрыемстве.
Кіраўнік гаспадаркі прывёў какнкрэтныя прыклады, калі з-за так званага чалавечага фактару трывала вытворчасць. Былі б больш стараннымі адносіны да працы — можна было б зменшыць расход кармоў, павялічыць прывагі і надоі, павысіць захаванасць цялят. Іншы раз жывёлаводам не хапае элементарных ведаў аб тым, як захававаць тэхналогіі кармлення ці вызначыць стан здароўя жывёлы. У выніку — мастыты і іншыя захворванні, зніжэнне якасці прадукцыі, а то і прамыя яе страты.
Асаблівасцю жывёлагадоўчай галіны «Асвейскага» з’яўляюцца такія напрамкі дзейнасці, як конегадоўля і авечкагадоўля. Спецыялісты гэтай сферы Руслан і Наталля Петуховы гаварылі аб здабытках і перспектывах іх развіцця. Пагалоўе коней і авечак у гаспадарцы плануецца павялічваць — папулярнасцю карыстаюцца паслугі конна-спартыўнай школы, а прадукцыя авечкагадоўлі — адна з самых каштоўных. Але і тут ёсць недапрацоўкі. Напрыклад, неэфектыўна выкарыстоўваецца воўна, дапускаюцца страты сыравіны з-за адсутнасці сартыроўкі і правільнага захоўвання.
Акрэсліваючы планы на будучае, работнікі прадпрыемства вызначылі канкрэтныя задачы па павелічэнні вытворчасці і якасці прадукцыі.
Лепшым жывёлаводам уручаны граматы, падзячныя пісьмы і прэміі за сумленную працу. Узнагароды атрымалі даяркі Надзея Бурак — гадавы надой у яе групе склаў 286,2 тоны, ад каровы атрымана 6528 кг малака, і Галіна Цэхан, якая надаіла адпаведна 190 тон і 5864 кг малака. Самыя высокія паказчыкі на дарошчванні маладняку ў аператараў комплексу Надзеі Лапека — 860 грамаў сярэднесутачных прываг, Алены Ясюкевіч — 743 грамы і Анны Казачонак — 735 грамаў. На ўчастку заключнага адкорму лідзіруе Іван Ермалёнак, паказчык якога — 870 грамаў. Падзякі і прэміі за сумленную працу атрымалі рабочыя Генадзь Путро і Міхаіл Букевіч.
А завяршыўся дзень жывёлавода пачастункам і культурнай праграмай, якую падрыхтаваў гурт «Сенькавіца». У «Асвейскім» упэўнены, што такія мерапрыемствы павінны быць традыцыйнымі — яны аб’ядноўваюць калектыў на дасягненне новых працоўных рубяжоў.
С. ДЗВІНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *