Аб гандлёвым абслугоўванні

Экономика

У артыкуле «Далей у лес — больш дроў», змешчаным у раённай газеце № 102 за 13 снежня, ішла гаворка аб некаторых праблемах гандлёвага абслугоўвання ў магазінах харчовых тавараў аграгарадка Бігосава.
Артыкул быў накіраваны на рэагаванне ў райспажыўтаварыства. Яго адміністрацыя паведаміла, што фарміраванне рознічных цэн у гандлёвых прадпрыемствах раёна вядзецца, зыходзячы з адпускных цэн, якія ўстанаўліваюць вытворцы альбо імпарцёры прадуктаў, і мінімальных гандлёвых нацэнак на сацыяльна значымыя тавары, зацверджаныя адпаведнымі пастановамі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і аблвыканкама.
Усё гэта так. Але яшчэ на пасяджэнні сельвыканкама (што адзначалася і ў артыкуле) выказвалася прапанова, каб райспажыўтаварыства шукала больш зручных пастаўшчыкоў, прадукты па ніжэйшых цэнах, каб нароўні з нарошчваннем тавараабароту ўлічваць інтарэсы пакупнікоў.
У рэагаванні зазначалася, што адміністрацыям гандлёвых прадпрыемстваў райпо даецца права ажыццяўляць даацэнку рэшткаў прадуктаў да ўзроўню цэн нанава паступіўшых з выкарыстаннем сумы розніцы на патрэбы гаспадарчай дзейнасці. Адпаведна гэтай пастанове, маўляў, праводзілася даацэнка і новых партый масла сметанковага, аб якім упаміналася ў артыкуле.
Але ж факт даацэнкі ў ім не абвяргаўся. На пасяджэнні сельвыканкама гаварылася, што членам рабочай групы ў магазіне «Дзіўны» было адмоўлена ў прадастаўленні менавіта актаў даацэнкі.
Адміністрацыя райпо паведаміла, што работнікі магазіна «Дзіўны» строга папярэджаны аб недапушчэнні парушэнняў Правілаў гандлю ў далейшым. Гэта датычыцца афармлення выставачных ярлыкоў цэн, захавання асартыментнага пераліку, своечасовага выяўлення прадуктаў, у якіх заканчваецца тэрмін прыгоднасці.
Пакупнікі аграгарадка прапаноўвалі часцей праводзіць акцыі-распродажы. І кааператары раёна хутка адрэагавалі: перад Новым годам і Калядамі прайшло шмат перадсвяточных акцый, дзякуючы якім можна было купіць значна дзешавей крупы, рыбу, каўбасныя вырабы, садавіну, сокі, іншыя прадукты. Будзем спадзявацца, што акцыі трывала ўвойдуць у практыку работы верхнядзвінскіх кааператараў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *