Слова — дэлегатам 41-га з’езда БРСМ

Актуально

Д. Дзенісёнак, в. а. першага сакратара райкама ГА «БРСМ»

-Уражанняў ад 41-га з’езду ГА «БРСМ» засталося вельмі шмат. Перш чым трапіць у Мінск, пабывалі ў Віцебску, дзе з моладдзю правёў сустрэчу губернатар вобласці А. М. Косінец. У Палацы спорту з намі сустрэўся Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка. У сваім выступленні ён адзначыў, што моладзь — апора і будучае краіны, і дзяржава заўсёды будзе яе падтрымліваць. Падчас сустрэчы мы даведаліся аб далейшых перспектывах развіцця маладзёжнага руху, аб тым, якія задачы ставіць дзяржава перад сённяшняй моладдзю. Цікава было наведаць і прэзентацыю праектаў самых паспяховых ідэй рэспубліканскага маладзёжнага праекта «Сто ідэй для Беларусі». Увогуле, з’езд быў карысны тым, што мы змаглі сустрэцца, абмеркаваць хвалюючыя пытанні, падзяліцца вопытам.

Д. Мароз, настаўнік працоўнага навучання СШ № 2

-Я з цікавасцю прыняў удзел у гэтым форуме рэспубліканскага маштабу. Прапанаваная дэлегатам праграма была вельмі насычанай, шмат уражанняў пакінуў канцэрт. У сталіцы паўдзельнічалі ў дабрачынным нон-стоп марафоне «Усе фарбы жыцця — для цябе», што праходзіў пры падтрымцы зорак айчыннай эстрады ў дапамогу дзецям, якія знаходзяцца пад апекай Беларускага дзіцячага хоспісу. Удалося сустрэць шмат знаёмых, даведаўся, як развіваецца маладзёжны рух у іншых абласцях. Яшчэ раз упэўніўся, што такая арганізацыя, як «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», вельмі патрэбна. На з’ездзе адбыўся канструктыўны дыялог аб маладзёжных праблемах з удзелам Прэзідэнта нашай краіны. Былі падведзены вынікі працы за мінулыя тры гады і вызначаны планы далейшага развіцця.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *