Цяпло, вада, святло не бязмежныя

Актуально

Завяршаецца месячнік энергазберажэння, аб’яўлены ў лістападзе Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і шэрагам міністэрстваў.

Што зроблена? Ці навучыліся мы эканоміць электрычнасць, ваду, цяпло? Адназначнага адказу няма. Мала хто мые сталовы посуд у запоўненай ракавіне, іншы раз ззяюць лямпачкі і пры дзённым святле, хтосьці лянуецца ўцяпліць дзверы. Тым не менш, станоўчыя зрухі ў наяўнасці. Дбайныя гаспадары, а іх па раёну звыш 4 тысяч, яшчэ загадзя паклапаціліся аб устаноўцы ў сваіх домаўладаннях лічыльнікаў уліку вады. Цяпер схамянуліся і тыя, хто раней не займаўся падлікамі затрат на мыццё бялізны, падлогі, асабістую гігіену і г. д. Толькі за месяц у жылкамунгас паступіла 12 заявак на ўстуноўку лічыльнікаў. Усе заяўкі аператыўна выкананы. Больш сур’ёзна сталі сачыць жыхары і за спраўнасцю сантэхнікі. Вядома ж, што 10 кропель вады з крана за мінуту раўняюцца двум тысячам літраў за год. Як тут не ўспомніць выказванне незабыўнага Аркадзя Райкіна: «Калі ў цябе кран не з таго боку цячэ, то ты ўжо не жылец». Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца энергазберагаючыя электралямпачкі. Хоць і каштуюць даражэй за звычайныя, але затраты акупляюцца. Дарэчы, у пад’ездах многіх шматкватэрных дамоў горада зманціраваны аўтаматычныя модулі ўпраўлення асвятленнем, і святло на лесвіцах запальваецца толькі пры з’яўленні гаспадароў кватэр або іх гасцей. Гэта новаўвядзенне дазволіла толькі за верасень сэканоміць каля трох тысяч кілават электраэнергіі. Яшчэ можна дадаць, што на рахунку райжылкамунгаса і ўстаноўка на гарадскіх вуліцах 48 энергазберагаючых свяцільнікаў, а ўсяго па Верхнядзвінску іх 420. Увогуле, ролю ДРУВП ЖКГ у справе энергазберажэння нельга недаацэньваць. Калі ў мінулым годзе страты цяпла складалі 35 працэнтаў, то сёлета 20, што адпавядае нарматыву. -Дасягнута гэта за кошт укаранення новага абсталявання, — гаворыць дырэктар прадпрыемства І. А. Буйніцкі. — Закупілі шэсць энергазберагаючых помпаў, за свае, заўважце сродкі, — 89,6 млн. рублёў, а таксама паставілі на кацельні гарачага водазабеспячэння пласцінчаты цеплаабменнік. Выдаткавалі на гэта 22 мільёны, таксама з уласнай «казны». Затое цяпер нараканняў на халодную ваду з «гарачых» кранаў няма. Яшчэ Ігар Аляксандравіч паведаміў, што за летні сезон заменена амаль тры кіламетры цеплавых сетак, выкарыстаны сучасныя ПІТы — папярэдне ізаляваныя трубы. Праўда, план — 3,6 кіламетра — выканаць не ўдалося, паколькі тэндэр на іх набыццё быў заключаны да рэзкага скачку курсу долара, а калі гэта здарылася, пастаўшчыкі адмовіліся працаваць па ранейшых цэнах. Пасля новага тэндэру трубы сталі паступаць толькі ў ліпені. Адметна, што ўсю работу па змене цепласетак камунгас правёў сваімі сіламі, без прыцягнення падрадчыкаў. За апошні час асабліва востра ставіцца пытанне аб павелічэнні аб’ёмаў мясцовых відаў паліва. Калектыў камунгаса імкнецца адпавядаць патрабаванням часу. Сёлета, як ніколі раней, выкананы план па нарыхтоўцы дроў уласнымі сіламі. Цяпер ідзе назапашванне драўніны для вырабаў трэсак. А трэскі, калі хто не ведае, выкарыстоўваюцца ў большасці кацельняў раёна, звычайна нароўні з прыродным газам. І пакуль маразы не лютуюць, ацяпляемся мы здробленай драўнінай, эканомячы «блакітнае паліва». -Праўда, трэсак пакуль назапашана недастаткова, — заўважае галоўны інжынер ДРУВП ЖКГ А. В. Урбан. — Толькі нядаўна ўдалося адрамантаваць дыскавы рубільны агрэгат СН-260, бо цэны на імпартныя запчасткі нават агучваць не хочацца. Агрэгат працуе, будзем наганяць упушчанае. …Сапраўдная зіма вось-вось заявіць аб сабе. Трэба спадзявацца, што выпрабаванне на «холадатрываласць» нас не напалохае.

М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *