Вынiк агульнай працы


Упершыню пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак» стаў калектыў КУВСП «Верхнядзвінскі», які забяспечыў рэкордны паказчык па вытворчасці збожжа. Наш суразмоўца — дырэктар сельгаспрадпрыемства А. Т. ТУМАШЭВІЧ.
Злева направа: перадавікі вытворчасці КУВСП «Верхнядзвінскі» А. Пузака, М. Заляціла, аграном Л. Ялоўская, А. Габрусёнак, галоўны аграном С. Панкрат, Л. Іваноў, С. Гласка, Д. Гласка.
-Антон Тадэвушавіч, у чым сакрэт такога незвычайнага поспеху: гаспадарка з самымі цяжкімі ў наваколлі землямі, і раптам — з лепшым намалотам? -Адразу скажу, што гэта — не проста шанцаванне, а вынік доўгай мэтанакіраванай працы. Па-першае, навучыліся працаваць з угнаеннямі — на 100% унеслі арганіку і тукі. Раней мы толькі чулі, што ёсць такія гліфасфаты, а цяпер спаўна карыстаемся імі. Па-другое, вясна была спрыяльнай — удалося правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны. У гаспадарцы з’явілася дастатковая колькасць энерганасычанай, прадукцыйнай тэхнікі, што дазваляе якасна рыхтаваць глебу. Захоўваем належны севазварот, пачалі выкарыстоўваць двухгадовыя сенакосы і пашы. Забяспечылі належны догляд пасеваў — правялі барацьбу са шкоднікамі і пустазеллем. Захоўванне тэхналогій і стараннасць хлебаробаў акупіліся. -Які ўраджай атрымалі? -Сёлета ўраджайнасць збожжа склала 38 цэнтнераў з гектара. Зрэшты, у нас і раней выспявалі 40-цэнтнерныя ўраджаі. Важна тое, што дабіліся рэкорднай для нашых мясцін валавой вытворчасці збожжа — 5 тысяч тон. Для параўнання, калі я толькі прыйшоў у гаспадарку, атрымлівалі найбольш па 2 тысячы. Поўнасцю разлічыліся з дзяржавай, аддалі даўгі райаграсервісу, частку сродкаў пусцілі на патрэбы гаспадаркі. У нас сёлета не толькі добрае збожжа, але і кармавая база — здымаем па два ўкосы шматгадовых траў, убралі 400 гектараў кукурузы. Травяных кармоў збіраем утрая больш, чым у папярэднія гады. -Хто ўносіць найбольшы ўклад у дасягненні калектыву? -На ўраджай у нас працуюць усе. Так, граматныя рашэнні на збожжавым і кармавым палях прымае галоўны аграном Сяргей Леанідавіч Панкрат, дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве з галоўным заатэхнікам Сяргеем Васільевічам Вільчыкам. Абодва — свае, мясцовыя спецыялісты, атрымалі выдатную адукацыю, адказна адносяцца да справы. Але ж нельга не падзякаваць за працу і нашай бухгалтэрыі, эканамічнай службе, якія забяспечваюць правільныя разлікі, належную аплату працы. Гэта найбольш стымулюе хлебаробаў. У нас 50% заробку залежыць ад якасці выконваемых работ. Хочацца адзначыць вялікі ўклад у агульную справу механізатараў Сяргея Свірыдава, Анатоля Янкоўскага і Леаніда Іванова, якія стараліся на пасяўной, Дзмітрыя Гласка — ён забяспечыў якасны ўздым зябліва, Леаніда Карповіча, Аляксандра Пузакі, Сяргея Коўзеля, якія паспяхова працавалі на розных відах работ, Аляксандра Габрусёнка — на жніве. А ўвогуле, перамога на «Дажынках» — гэта вынік агульнай працы. -Чым запомнілася паездка ў Маладзечна? -Галоўная каштоўнасць «Дажынак» у тым, што гэта — свайго роду сведчанне палітыкі нашай дзяржавы і народа, накіраванай на чалавека працы. Трэба было бачыць, як сустракалі нас па ўсёй дарозе да Маладзечна. Людзі — старыя і дзеці — падыходзілі да аўтобусаў з хлебам-соллю, паўсюдна віталі, дзякавалі за працу. І гэта не было паказухай — мы адчувалі павагу і ўдзячнасць ад сэрца, якую ў нас выказваюць людзям ад зямлі, тым, хто корміць народ. Прыемна атрымаць дыплом і прэмію з рук Прэзідэнта. Калі ж на сцэне «Дажынак» віншавалі за першае месца Верхнядзвінскі раён і ўручалі ўзнагароды нашым кіраўнікам, мы былі перапоўненыя радасцю і гордасцю за сваю зямлю. Гэта — падзея ўсяго жыцця. -І яна стымулюе для далейшых здабыткаў? -Безумоўна. Мы на «ўздыме пачуццяў» рыхтаваліся да будучай пасяўной — своечасова справіліся з ворывам зябліва, сяўбой азімых. Бачна, што людзі не жадаюць зніжаць планку. Калі ж ёсць вера ў сябе, будзе і вынік.

С. АЛЯКСАНДРАВА. Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *