Відаць, ім і 800 тысяч не шкада…


За трэці квартал бягучага года міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету правяла 46 рэйдаў па лясных, водных і паляўнічых угоддзях. У выніку выяўлены 72 парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства.

У парушальнікаў адабрана 30 сетак агульнай даўжынёй два кіламетры, шэсць адзінак забароненых прылад рыбалоўства, чатыры гумавыя лодкі, чатыры паляўнічыя стрэльбы (прычым, адна незарэгістраваная), а таксама сорак пяць кілаграмаў рыбы. Браканьерам давялося выплаціць штрафы на суму ад 35 тысяч да 700 тысяч рублёў, акрамя таго, пакрыць нанесенную прыродзе шкоду — ад чатырох тысяч рублёў да 800 тысяч. На чым жа пападаюцца аматары дармавых дароў прыроды? Вось прыклад. Два жыхары вёскі Зара паставілі на рацэ Свольна сеткі. Але парадавацца здабычы не ўдалося. Наадварот, іх вельмі збянтэжыў прысуд раённага суда: 350 тысяч рублёў кожнаму плюс 767 500 рублёў на пакрыццё нанесенай шкоды, плюс канфіскацыя гумавай лодкі ў даход дзяржавы. Дзіўна, што браканьеры не сунімаюцца, нягледзячы на вельмі ўжо дарагую незаконна здабытую рыбу або дзічыну. Залог поспеху ў барацьбе з імі — сумесная работа прыродаахоўных органаў і насельніцтва. Тэлефон «гарачай лініі» 5-73-13.

В. ГАНЧАРОНАК, дзяржінспектар Верхнядзвінскай МРІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *