Рабіць дабро


Такое жыццёвае правіла ў старэйшыны вёскі Жыгулі Ванды Міхайлаўны Немянёнак, якая нядаўна адзначыла 75-гадовы юбілей.
Колькі ведаю гэту не- вялікую хударлявую жанчыну з уважлівымі вачыма і адкрытай усмешкай, яна — у руху. На сваім нязменным веласіпедзе, у адзенні спартыўнага стылю, з поўнымі авоськамі прадуктаў з уласнага двара і безданню важнай інфармацыі, яна некуды спяшаецца па неадкладных справах. І калі даведалася пра ўзрост Ванды Міхайлаўны, не паверыла — за ёю ж маладым не ўгнацца. Падумаць толькі: адной трымаць у ідэальным парадку вялікі дом, участак і гаспадарку з каровай, парсючкамі ды курамі, сустракаць дзяцей і ўнукаў, а галоўнае, вырашаць столькі агульных спраў вёскі, дзе 85 двароў і 215 жыхароў, — якую трэба мець моц і вытрымку! Але Ванда Міхайлаўна валодае не столькі гэтымі, колькі іншымі якасцямі: яна выпраменьвае добразычлівасць і любоў да людзей, як і да жыцця ўвогуле. І гэта дапамагае ёй спраўляцца і з сялянскай працай, і з вясковымі клопатамі, і з сабой, нарэшце: узрост жа можа схіліць, а можа ўмацаваць чалавека. Гэта ўжо — як хто здолее. У Ванды Міхайлаўны трэба вучыцца ладзіць з узростам і захоўваць прагу жыцця. Натура ў яе баявая і ак- тыўная з маладых гадоў. Родам з Міёрскага раёна, Ванда закончыла Лепельскае педагагічнае вучылішча і ў 1956 годзе прыехала па размеркаванню ў Сар’янскую школу. Цераз год выйшла замуж за свайго земляка Антона. Муж працаваў вадзіцелем, але быў майстрам на ўсе рукі — і мулярам, і цесляром, і кавалём, і печніком… Талентаў у гэтага чалавека-самародка аказалася незлічона — мала што працаўнік, дык і душа тонкая, на скрыпцы іграў — заслухаешся. Жонка пасавала яму стараннасцю, увішнасцю і аптымізмам. Дзесяць гадоў жылі ў Сар’і, а затым, калі нарадзіліся дочкі, пераехалі ў Жыгулі. Ванда Міхайлаўна прыняла Барсукоўскую пачатковую школу, пасля працавала ў СШ № 1. У Жыгулях сям’я збудавала вялікі дом, аб якім марыла — па ўласнаму праекту і сваімі рукамі. Звыш 35 гадоў аддала Ванда Міхайлаўна педагагічнай працы. Вучыла дзяцей не толькі пісьменнасці, але і жыццю. Яе вучнёўскія вытворчыя брыгады і групы падоўжанага дня заўсёды былі лепшымі ў раёне. Дзеці вылучаліся актыўнасцю і ў грамадскім жыцці, і ў самадзейнасці, і ў творчых выставах, і ў краязнаўстве, і ў стварэнні школьнага музею. Не злічыць Ганаровых грамат і Дыпломаў за дасягненні ў працоўнай і грамадскай дзейнасці — Міністэрства адукацыі, раённай улады, абласнога і раённага аддзелаў адукацыі, мясцовай гаспадаркі. Самая дарагая ўзнагарода Ванды Міхайлаўны — нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы», які яна атрымала ў 1984 годзе. Сям’я Немянёнкаў заўсёды з’яўлялася ў Жыгулях узорам працавітасці і згоды. Жылі Ванда з Антонам душа ў душу, гадавалі дачок Ірыну і Галіну, побач была матуля. Людзі глыбока веруючыя, яны разам ездзілі ў касцёл, выхоўвалі дзяцей у хрысціянскіх традыцыях. Усё ладзілася і ў быце — першымі ў акрузе купілі выдатную легкавушку, вялі моцную гаспадарку. Бяда здарылася, як заўсёды, не- чакана. У 59 гадоў пайшоў з жыцця муж. Ванда Міхайлаўна цяжка перажывала страту любімага чалавека. І сёння яна не можа без слёз гаварыць аб сваім Антоне. Захаваць жыццёвую стойкасць дапамаглі ёй вера і любоў да тых, хто побач. Яна ведала, што патрэбна дзецям, унукам, аднавяскоўцам. Забывалася ў працы: і сена карове накасіць, і агарод пасадзіць, і жывёлу дагледзець, і дом адрамантаваць, — усё лягло на яе плечы. Балазе, дочкі і зяці дапамагалі. Дзеці ў Ванды Міхайлаўны выраслі працавітымі. Гэтак жа стараюцца сёння на падвор’і ўнукі, іх у бабулі трое, ёсць і праўнучак. Нашчадкі — людзі паспяховыя, жывуць у гарадах, але бабуліну актыўнасць заахвочваюць. Ведаюць, што яна гэтым жыве — карову толькі нядаўна збыць угаварылі. Астатняя ж гаспадарка захоўваецца. А яшчэ яе вялікая сям’я — уся вёска. Ванду Міхайлаўну нездарма з году ў год выбіраюць старэйшынай. Ад яе ўважлівых вачэй не схаваецца ніводная праблема. Немагчыма было праехаць па вуліцы Зялёнай — пабывала на прыёме ў дэпутата Нацыянальнага сходу У. Ю. Скавародкі і дырэктара Верхнядзвінскага ПМС А. В. Яраша. Пытанне вырашылася — вуліцу ўмацавалі асфальтавай крошкай, бітумам, пяском, прагрэйдзіравалі. Дабіваецца старэйшына зносу ветхіх будынкаў, абкосу тэрыторый, асвятлення вуліц, устаноўкі кантэйнераў для смецця. Працуе не дзеля грошай ці прызнання — грамадскія абавязкі, вядома ж, не аплачваюцца. Проста яна бачыць, што трэба людзям, і дапамагае ім па поклічу душы. Хто стане вазіцца з нямоглай бабкай ці выпівохам? У Ванды Міхайлаўны пад апекай старэнькія людзі, якіх корміць, мые ў лазні, пераапранае, падтрымлівае духоўна. Некаторых даўно адправілі б у дом састарэлых ці на сацыяльны ложак, а яна «адстаіць» і дагледзіць. Пазбаўлялі маладую жанчыну бацькоўскіх правоў за п’янства — завезла яе ў таварыства ананімных алкаголікаў пры касцёле і прасачыла, каб наведвала заняткі. Здараецца, чалавек у адчаі з-за таго, што пенсія не дазваляе набыць паліва ці прадукты. Ванда Міхайлаўна падкажа, куды звярнуцца за матэрыяльнай дапамогай, не палянуецца сабраць і падаць дакументы. Вельмі ўдзячна старэйшына кіраўніку ААТ «Шайцерава» М. П. Гумнянкову: «Добры чалавек, ніколі не адмовіў у маіх просьбах. І ўвогуле, спецыялісты гаспадаркі бачаць нашы патрэбы. Раней спісы на апрацоўку агародаў складала. А сёлета галоўны аграном В. Л. Шкіндзер сам накіраваў тэхніку на нашы ўчасткі — імгненна ўсё было зроблена. Кармы гаспадарка выдзяляе і матэрыяльную дапамогу, каму трэба. Выдатна працуецца і з нашым сельскім Саветам — старшыня Т. А. Разумная і ўпраўляючы справамі В. А. Чэрнік вельмі ўважліва ставяцца да людзей». Мясцовыя ўлады, са свайго боку, заўсёды прыслухоўваюцца да меркавання старэйшыны. Хацела гаспадарка знесці стары Жыгулёўскі млын — маўляў, ёсць сучасны ў Шайцерава. Ванда Міхайлаўна выказала просьбу людзей пакінуць яго. І сёння шайцераўцы самі прыязджаюць сюды змалоць збожжа — млын працуе выдатна. акіх прыкладаў узае- мадзеяння ў забеспячэнні людскіх патрэб нямала. І старэйшына адыгрывае ў гэтым вядучую ролю. Вось што расказалі аб рабоце Ванды Міхайлаўны землякі.

Т. РАЗУМНАЯ, старшыня Шайцераўскага сельвыканкама:

-Старэйшына — звязуючае звяно паміж сельскім Саветам і жыхарамі вёскі. Ванда Міхайлаўна ў гэтым сэнсе — узор актывіста. Яна — член назіральнай камісіі проціпажарнага стану вёскі, арганізатар работ па добраўпарадкаванню і санітарнай ачыстцы населенага пункта і могілак, «шэф» над адзінокімі і састарэлымі, так званымі «катэгарыйнымі» групамі насель-ніцтва, абавязанымі і непрацуючымі асобамі. Выяўляе факты непарадку ў сем’ях і інфармуе нас аб гэтым. Збірае сходы грамадзян, напамінае аднавяскоўцам аб тэрмінах уплаты падаткаў на зямлю і нерухомасць. Сядзіба Ванды Міхайлаўны — адна з самых прыгожых у вёсцы. Тут і сажалка з каменнай горкай і лілеямі, і ружы, і дзесяткі гатункаў вяргіняў, і дагледжаны агарод. Гэты чалавек — гордасць нашага сельсавета, сардэчна дзякуем ёй за працу.

Р. МАЙСЮК, жыхарка в. Жыгулі:

-Калі ўбачыш жанчыну з вялікім пакетам, якая ўбірае выкінутае ля дарогі смецце ці пластыкавыя бутэлькі — гэта Ванда Міхайлаўна. Яна і з вяскоўцамі вядзе работу па добраўпарадкаванню, і сама яе не цураецца. Дзе дабіваецца, каб гаспадары сачылі за парадкам, дзе сама прыбярэ ці нават сядзібу абкосіць. Ветлівая да ўсіх, уважлівая, але і настой-лівая: не дасць спакою электрыкам ці дарожнікам, калі трэба ліхтар замяніць ці ямку засыпаць. У вёсцы яна — сапраўды гаспадар.

І. ВАЛЕНЦІК, загадчык Жыгулёўскай бібліятэкі-клуба:

-Такога старэйшыны, як у нас, нідзе не знойдзеш. Да ўсяго мае дачыненне: мы ніводнага свята без Ванды Міхайлаўны не праводзім. Адзначалі Дзень вёскі, дык яна на сваёй сядзібе цэлае прадстаўленне зрабіла. Сям’я — у нацыянальных касцюмах, з беларускімі вершамі і песнямі, стравамі нацыянальнай кухні. На Дні пажылых людзей выступае — усіх заслужаных працаўнікоў адзначыць. Такая неўтаймаванасць у яе — маладым на зайздрасць!

Н. ГАЙБУТ, загадчык Жыгулёўскага ФАПа:

-Ванда Міхайлаўна вельмі дапамагае нямоглым і адзінокім вяскоўцам — яны яе любяць і цэняць. І для нас гэта падспор’е: добры догляд пажылых людзей спрыяе здароўю і даўгалеццю. Сочыць і за неблаганадзейнымі сем’ямі, стараецца, каб яны выправіліся. Прычым, працуе не фармальна, але — ад усяго сэрца, шукаючы да кожнага свой падыход. І людзі ёй вераць, шукаюць у яе падтрымкі. Такіх старэйшын трэба шанаваць. Усе, з кім гаварылі аб Вандзе Міхайлаўне, шчыра дзякавалі ёй за клопат, дапамогу, сардэчнасць. А нам хацелася б падзякаваць гэтаму чалавеку яшчэ і за прыклад таго, як і дзеля чаго трэба жыць. Гледзячы на Ванду Міхайлаўну, нібы набіраешся моцы, адсоўваеш убок свае праблемы і разумееш, што жыццё — дзеля дабра і святла, дзеля любові і стварэння. І на гэтым шляху для ўсіх хапае месца.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.

Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *