Віншуем пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва

Общество

Урачыста і ярка адзначыла Беларусь традыцыйнае свята ўраджаю — рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2011». 

У кагорце лепшых хлебаробаў рэспублікі — прадстаўнікі нашага раёна. На «Дажынкі» ў Маладзечна былі запрошаны верхнядзвінскія працаўнікі — пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва ў васьмі намінацыях! Старшыня райвыканкама І. І. Марковіч і першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў прымалі віншаванні і ўзнагароды за першае месца, якое Верхнядзвінскі раён заняў у спаборніцтве па ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый трэцяе месца па вытворчасці збожжа заняло КУВСП «Верхнядзвінскі», узначальвае якое А. Т. Тумашэвіч. Другое месца ў спаборніцтве аператараў зернесушыльных установак у аператара ААТ «Шайцерава» А. А. Садоўскага. У лік пераможцаў зноў увайшоў старшы камбайнер ААТ «Прудзінкі» У. М. Лапкоўскі, які заняў трэцяе месца сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. На другім месцы ў рэспубліцы наш маладзёжны экіпаж з «Прудзінак» у складзе старшага камбайнера С. У. Гапановіча і камбайнера А. А. Пілюшына. А вадзіцель Л. С. Іваноў з гэтай жа гаспадаркі стаў першым у спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Яшчэ раз пацвердзіў сваё высокае майстэрства неаднаразовы пераможца «Дажынак» вадзіцель ААТ «Шайцерава» М. Л. Магер — на гэты раз ён заняў другое месца сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Ганаровым госцем «Дажынак» стала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Л. К. Грэсько, якая ўклала шмат сіл у вырошчванне важкага хлебнага караваю. Нагадаем, што ён у раёне перавысіў 80 тысяч тон пры самай высокай у вобласці ўраджайнасці. Віншуем пераможцаў рэспубліканскіх «Дажынак» і шчыра дзякуем за працу, якая забяспечвае наш агульны дабрабыт!

Алег Садоўскі, аператар зернесушыльных
установак ААТ «Шайцерава»:

-Упершыню трапіў на рэспубліканскае свята «Дажынкі» і крыху сумеўся — настолькі яркім і захапляльным яно было. Два дні ў прыгожым і гасцінным Маладзечна праляцелі хутка. Аднак за гэты час паспелі і адпачыць: хадзілі на цырымонію ўзнагароджання і ўсе канцэрты, проста гулялі па святочным горадзе.
Сярод аператараў зернесушыльных комплексаў вобласці я заняў другое месца. Парадавала і ўзнагарода — дыплом, які ўручыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, і чатыры мільёны рублёў. Мая перамога — сямейная. Ужо другі год на сушылцы дапамагае сын Павел, для якога летнія канікулы — час падзарабіць і набрацца вопыту. Пакуль ён яшчэ не вырашыў, куды паступаць. Аднак паралельна з заняткамі ў школе вучыцца на трактарыста. Жонка з дачкой Веранікай таксама задаволены. Я і сам ганаруся зробленым.

Сяргей Гапановіч, старшы камбайнер
ААТ «Прудзінкі»:

-Уражанняў ад паездкі мноства! І ўзнагароды атрымалі, і адпачыць пасля страды паспелі. Наш маладзёжны экіпаж (Сяргей працаваў разам з памочнікам Аляксеем Пілюшыным — рэд.) заняў другое месца ў вобласці. Канешне, быць пераможцамі і стаяць на сцэне перад усёй рэспублікай вельмі прыемна і пачэсна. Вялікі гонар — атрымліваць віншаванні ад Прэзідэнта. Мы сядзелі вельмі блізка да сцэны і мелі магчымасць добра бачыць усё, што там адбывалася.
За працоўныя перамогі мне ўручылі дакументы на мотаблок, а Аляксею — дрэваапрацоўчы станок. Праз месяц ужо будзем карыстацца падарункамі.
Увогуле, з нашай гаспадаркі было шмат пераможцаў. Маладому вадзіцелю Леаніду Іванову ўручылі новенькі камп’ютар. Ведаеце, хвалявання зусім не было. Толькі спакой і гонар — пашана ж заслужаная.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *