Ратаваліся ў лясах і балотах


Я нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Гаі і добра памятаю, як пачалася вайна. Памятаю, як у бок Каханавіч ехалі на конях немцы.

У нашай вёсцы яны хацелі забраць калгаснага жарабка, ды той не даўся. Потым пачаліся нашы блуканні. Спачатку сям’ёй выехалі ў партызанскую зону, вёску Дзедзіна. Кватаравалі ў хаце цёткі Валянціны. Яна з мамай гатавала для партызанаў ежу, а старэйшыя адвозілі яе ў лес. Калі пайшлі карнікі, давялося змяніць месца жыхарства — спачатку зрабілі зямлянку на ўскрайку леса ля вёскі Буёва, затым перабраліся ў Маторына. Аднойчы над вёскай пачаў кружыць самалёт. Адзін з партызанаў стаў страляць па ім, а ўсе жыхары грузілі няхітрым скарбам павозкі і спяшаліся схавацца ў лясным гушчары. Карнікі стралялі па нас, кулі клаліся побач, але на той раз усё абыйшлося. Зімавалі ў лесе. Каб не замерзнуць, палілі па начах касцёр. Каб увесь час падтрымліваць полымя, прызначалі дзяжурнага. У адну з начэй дзяжурыў Філімон Новікаў. Не заўважыў, як задрамаў. І загарэліся на ім ватныя штаны. Ледзь патушылі… Пачалася чарговая карніцкая экспедыцыя. Хаваліся на балоце. Калі пацяплела, выйшлі ў нейкую вёску. Неўзабаве завітаў да нас мой брат Іван, партызан. Ён быў у нямецкай форме, бо ішоў у разведку, а ўзброены рускай вінтоўкай СВТ. Даў мне выстраліць. Больш яго мы не бачылі, лічыцца прапаўшым без вестак. У наступнай вёсцы бацькі зайшлі ў зямлянку, а мы, маладзейшыя, засталіся звонку. Раптам бачым — машына, у кузаве — немцы з аўтаматамі, на прычэпе — палявая кухня. Накіраваліся яны да калодзежа, а бацька запрог каня ў плуг, нам далі кошыкі і вёдры, усёй сям’ёй рушылі ў бок хмызняку, быццам садзіць бульбу. Але фашысты не звярнулі на нас увагі. Затым мы перахварэлі тыфам, зноў хаваліся ад карнікаў, апынуліся аж за Расонамі. Сталі заядаць вошы. Старыя вырашылі затапіць лазню на ўскраіне спаленай вёскі. Мыліся па чарзе. На світанку ўсіх захапілі немцы, пагналі ў бок хмызняку, дзе стаяла закрытая аўтамашына. Пастроілі ў два рады, адкрылі задні борт. А там — кулямёт. Мы кінуліся ў абдымкі адзін да аднаго… Толькі цудам не трапілі пад расстрэл. Зноў давялося жыць у лесе і на балоце. Пачаўся голад. Старыя выйшлі на дарогу ў пошуках якой-небудзь ежы. А там ужо нашы салдаты. Цэлы тыдзень мы жылі ля тылавой кухні, пад наглядам афіцэра-медыка. Потым прыйшлі на папялішча ў родныя Гаі. …А другі мой брат, Віктар Захаравіч, загінуў ва Усходняй Прусіі.

Генадзь ГАРДЗЕЙ, в. Чыстаполле.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *