Пачуць кожнага i дапамагчы


З пачатку года ў Дзёрнавіцкі сельвыканкам ад насельніцтва паступіла 39 зваротаў: 24 з іх задаволены, 4 — перададзены для вырашэння ў іншыя інстанцыі, па 11 зваротах праведзена растлумачальная работа.

Гэтыя факты з’яўляюцца лепшым сведчаннем актыўнай пазіцыі сельскага Савета ў вырашэнні праблемных сітуацый. Бачны аднолькава ўважлівы падыход як да спраў агульных, так і, здавалася б, бытавых дробязей. -Важна, што такія «дробязі» у вёсках, асабліва аддаленых, дзе жывуць, у асноўным, пенсіянеры, не застаюцца па-за ўвагай нашых старэйшын, — зазначае старшыня сельскага Савета Ж. Л. Тарлецкая. — Яны ведаюць, хто са старых не змог назапасіць на зіму паліва, у каго ўзнікла праблема з падачай у дом электраэнергіі, у каго печ патрабуе тэрміновага рамонту ці дах прадзіравіўся. Старэйшына вёскі Дзёрнавічы З. В. Грачова кожны дзень наведваецца ў сельвыканкам. Яна вядзе ўлік жывёлы у падсобных гаспадарках жыхароў, ведае ўсіх здатчыкаў сельгаспрадукцыі. Актыўны, нераўнадушны чалавек. Па суседству з Зінаідай Віктараўнай жыве праблемная сям’я, дзе трое дзяцей — школьнік і двое малых. «Шэфствуе» над імі. Нядаўна задаволена паведаміла, што суседзі нарыхтавалі дровы, якіх не ставала на зіму. Упэўнена, што агульнымі намаганнямі сям’ю можна ўтрымаць. Намеснік старшыні КУВСП «Лявонішана» М. І. Бароха з’яўляецца старэйшынай вёсак Лявонішана і Юзэфова. Зыходзячы з магчымасцей, якія дае службовая пасада, Міхаіл Іванавіч часта вырашае праблемнае пытанне, нават афіцыйна не афармляючы яго як зварот. На днях прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта, на якім разглядалася пытанне «Аб прафілактычнай рабоце з асобамі, схільнымі да правапарушэнняў». М. І. Бароха гаварыў аб скаргах людзей, якія церпяць ад п’яных аднавяскоўцаў, а то і родных «дзетак». З парушальнікамі грамадскага парадку ў сельвыканкаме разбіраюцца індывідуальна, наладжваюць кантроль з боку працоўных калектываў. Знаходзяць сумесныя меры грамадскага ўздзеяння на асацыяльных асоб. Існуе і зваротная праблема: калі аматару спіртнога самому патрэбна дапамога. Жыве такі чалавек адзін, нікому не патрэбны, здараецца, у холадзе і голадзе, бо пенсіі не хапае. Мінулую зіму пенсіянер Ваганаў М. І. з в. Зябкі правёў у сацыяльным аддзяленні Боркавіцкай бальніцы. Па звароту старэйшыны вёскі Н. Л. Ушаковай і хадайніцтву Дзёрнавіцкага сельвыканкама яму будзе выдзелены ложак-месца і сёлета. Так склаліся жыццёвыя абставіны, што састарэлая Р. П. Запольская з в. Гараўцы засталася адна ў пустой хаце, ды яшчэ хворая, амаль нерухомая… Звярнулася ў сельскі Савет з просьбай дапамагчы. Ж. Л. Тарлецкая і загадчыца Дзёрнавіцкага ФАПа Н. В. Кротава пасадзейнічалі, каб адзінокая і хворая жанчына мела дастойнае медабслугоўванне і ўмовы пражывання ў Валынецкай бальніцы сястрынскага догляду. Звароты ад грамадзян паступаюць і ў ходзе рэйдаў-абследванняў вёсак, якія рэгулярна ажыццяўляюць члены сельвыканкама. Пен-сіянерка М. І. Шчавінская з в. Зябкі мела пільную патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па дамоўленасці з дырэктарам КУВСП «Лявонішана» А. С. Калмычэўскім жанчыне прадастаўлена на выбар некалькі варыянтаў лепшага жылля. Прыкладам узгодненых дзеянняў сельвыканкама і грамадскасці стала вырашэнне калектыўнага звароту жыхароў вёскі Залессе аб добраўпарадкаванні грама-дзянскіх могілак Цярэнева. Старэйшына вёскі Н. М. Беладзед для гэтай мэты арганізавала збор сродкаў самаабкладання, прапанавала вяскоўцам самім паўдзельнічаць ва ўборцы могілак. Шэфы з ААТ «Нафтан», якія займаліся добраўпарадкаваннем у сельскім Савеце, высеклі на могілках хмызняк, замянілі агароджу. З. Г. Піруцкая з в. Залессе і індывідуальны прадпрымальнік Ю. У. Жынгель з суседняга Расонскага раёна забяспечылі фарбай, таму што некаторыя жыхары памежнай вёскі Латышава таксама праводзяць захаванні на гэтых могілках. -Надзённымі застаюцца пытанні рамонту дарог, вулічнага асвятлення і чысткі дарог у зімовы час, перападу электраэнергіі і тэлефоннай сувязі, — гаворыць упраўляючы справамі сельвыканкама З. У. Валадзёнак. — Усе звароты прымаем да ведама і па меры магчымасцей вырашаем. Сёлета зваротаў у нас зарэгістравана больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Значыць, людзі ўпэўнены, што ў сельскім Савеце іх заўсёды пачуюць і дапамогуць.

Людміла АРЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *