Добрая традыцыя

Жизнь сельских Советов

Перамагаць шмомесяц у абласным спаборніцтве па вытворчасці малака стала для ААТ «Шайцерава» ужо добрай і прыемнай традыцыяй. 

Вось і верасень прынёс чарговую заслужаную ўзнагароду — дыпломам абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню і прафсаюза работнікаў АПК адзначаны калектыў малочна-таварнай фермы «Шайцерава-2» (загадчык — Таццяна Мікалаеўна Лаўручонак), які заняў першае месца. А падменная даярка Таццяна Уладзіміраўна Шыманская стала лепшай сярод аператараў машыннага даення вобласці. Павіншаваць пераможцаў, уручыць ім грашовыя ўзнагароды і пажадаць далейшых поспехаў прыехала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй. Калектыў гэтай фермы дружны, працаваць і любіць, і ўмее, аб чым красамоўна сведчаць паказчыкі. 400 кароў, якія ўтрымліваюцца на МТФ «Шайцерава-2», абслугоўваюць дзевяць даярак — шэсць асноўных і тры падменныя. Усяго з пачатку года надаілі 581 тону малака, а вераснёўскі паказчык склаў 64,2 тоны, прычым уся прадукцыя фермы ішла гатункам «экстра». Сярэднесутачны надой ад каровы — 6670 кілаграмаў. З адзінаццатага кастрычніка жывёлу перавялі на стойлавае ўтрыманне. Перад гэтым належным чынам падрыхтавалі памяшканні — пабялілі і прадэзінфіцыравалі. Вядзецца трохразовая дойка ў малакаправод. Зараз у кармавы рацыён уваходзяць сянаж, сілас, канцэнтраты. -Тут нельга працаваць на паўсілы, работа займае ўвесь час, — зазначае Т. Шыманская. — Нават трымаць вялікую асабістую гаспадарку не атрымліваецца. Рабочы дзень доўжыцца з пяці гадзін раніцы да дзевяці вечара, так што сваёй каровы ў мяне няма. Застаецца пажадаць калектыву поспехаў і новых дасягненняў, а яны, несумненна, будуць, бо працуюць тут сапраўдныя прафесіяналы.

Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *