Айцец Тадэвуш Кавальскі: «Вера i лад жыцця — непадзельныя»

Духовность

Сёння свой 50-гадовы юбілей адзначае пробашч Верхнядзвінскага Касцёла Нараджэння Панны Марыі айцец Тадэвуш Кавальскі. Мы папрасілі святара расказаць аб сваім служэнні ў прыходзе і справах духоўнасці, якім ён прысвяціў жыццё.


-Айцец Тадэвуш, роўна два гады назад, калі пачыналі службу ў Верхнядзвінску, Вы адмаўляліся даць інтэрв’ю. Маўляў, нічога яшчэ тут не зрабіў. Прайшло ўжо даволі часу, ды і нагода добрая — паўвекавы юбілей…

-Было б больш дырэчы падсумоўваць зробленае ў будучым годзе — тады будзе юбілей майго святарства — 25 гадоў служэння Богу і лю-дзям. Для святара гэты рубеж куды больш важны, чым асабісты. Але ўжо магу сказаць, што добра зведаў парафію, вызначыў прыярытэты ў працы і прызвычаіўся да Верхнядзвін-скага краю.

-Напэўна, гэта было няпроста пасля службы ў Маладзечна — даволі буйнога горада з моцнай каталіцкай супольнасцю?

-Калі пераязджаў у Верхнядзвінск, сапраўды, перажываў. Але не з-за чакаемых складанасцей: аддаленасці раёна, невялікай парафіі і праблем паглыблення веры ва ўсходнім кутку Беларусі. Наш святарскі шлях, наадварот, тым каштоўней і цікавей, чым больш цяжкасцей удаецца пераадолець. Несці веру туды, дзе яна больш патрэбна — галоўная місія духоўнай асобы. У Маладзечна заставаўся недабудаваны касцёл, над якім працаваў некалькі гадоў. І гэта непакоіла, як любая недаробленая справа.

-Ваш папярэднік айцец Томаш многае зрабіў для адраджэння веры на верхнядзвінскай зямлі. Але час дыктуе новыя патрэбы. Які напрамак для сябе вызначылі як першачарговы?

-Адразу па прыездзе быў запрошаны на семінар у райвыканкам, дзе востра ставілася праблема барацьбы з п’янствам. Мяне папрасілі аказаць дапамогу ў гэтай важнай справе — п’янства раз’ядае грамадства, як іржа, сіроціць дзяцей, губіць людзей, нараджае злачынствы і беды. Паколькі меў ужо вопыт работы з аматарамі спіртнога ў Маладзечна, дзе працавала таварыства ананімных алкаголікаў, рашыў выкарыстаць яго на новым месцы. Запрасіў маладзечанскіх удзельнікаў групы АА ў Верхнядзвінск, яны расказалі аб тым, як адолелі згубную прывычку, пазнаёмілі з методыкай «12 крокаў». Цяпер пры нашым касцёле дзейнічае такое таварыства, куды прыходзяць хворыя алкагалізмам людзі. Радуе, калі чалавек становіцца на шлях выпраўлення: маці вяртае сабе дзіця, муж і бацька зноў заваёўвае давер сям’і. Але ў гэтай справе не бывае лёгкіх перамог — нярэдка «выхаванцы» зноў зрываюцца, пасля трэба доўга лячыць «рэцыдывы». Важна не апускаць рукі ў гэтай барацьбе. Увагі патрабуюць не толькі тыя, хто мае ўжо залежнасць, але і людзі, для якіх спіртное — спадарожнік адпачынку, святаў, сяброўскіх сустрэч. З гэтага пачынаецца прывыканне. Вядзем у касцёле Кнігу цвярозасці, аб’яўляем месячнікі без спіртнога, прымаем абеты цвярозасці. Даючы абяцанне перад Богам, людзі практычна заўсёды яго вытрымліваюць. Многае маглі б яшчэ зрабіць: святары гатовы прыходзіць у школы на класныя гадзіны. Ёсць магчымасць правесці месячную рэабілітацыю алкаголікаў у Жыровічах або Навінках — звычайна хворыя вяртаюцца адтуль іншымі людзьмі. Трэба толькі згода саміх залежных ад алкаголю і дапамога адпаведных службаў. Напрыклад, сабраць праблемных маці і арганізаваць транспарт для адпраўкі на лячэнне. Каб мець цвярозае грамадства, варта радыкальна мяняць падыходы ў выхаванні цэлых пакаленняў. Жыццё без спіртнога неабходна напаўняць новым зместам, іншымі каштоўнасцямі.

-Касцёл робіць у гэтым накірунку многае. Усіх уразіла парафіяльнае свята Нараджэння Багародзіцы з падзякай Богу за ўраджай. Яркае, светлае, з цікавым канцэртам, сцэнкай, пачастункам, яднаннем людзей. Гэта таксама, свайго роду, прыклад паўнацэннага адпачынку без спіртнога?

-Мы стараемся, каб чалавек меў духоўны пасілак і ў малітве, і ў рэлігійнай практыцы, і ва ўсіх жыццёвых справах. Адзначаем у касцёле святы, адметныя даты, разам працуем і адпачываем. На святы ладзім сцэнкі і конкурсы. І не толькі ў Верхнядзвін-ску. Удзельнічаем, напрыклад, у Асвейскіх Калядных сустрэчах — лю-дзям вельмі падабаецца. Адметна, што парафіяне ў нас актыўныя: ёсць каму і сцэнарыі рыхтаваць, і ролі выконваць, і займацца музыкай і спевамі, і арганізоўваць адпачынак дзяцей.

-Дарэчы, заняткі з дзецьмі — гэта не толькі Нядзельная школа?

-Падабаецца малым праводзіць «Канікулы з Богам» — разам адпачываць у лагеры. З дапамогай педагогаў арганізоўвалі такі ў Нураве, іншых месцах. Але кожны раз займацца перавозкамі складана. Задумалі абсталяваць пастаянна дзеючы лагер у Росіцы, дзе ёсць прыдатнае памяшканне. Дзеці адпачываюць тут ад камп’ютара і тэлевізара — ходзяць у касцёл, займаюцца, гуляюць. Аздараўляюцца і духоўна, і фізічна.

-Пры Касцёле створаны легіён Марыі. Што гэта за фарміраванне?

-Група жанчын служыць Пану Богу малітвай і справамі міласэрнасці праз заступніцтва Багародзіцы. Просьбы да Бога за хворых, рознага роду дапамога касцёлу, наведванне і падтрымка людзей, якія церпяць з-за хваробы ці нястачы, — у «легіянерак» шмат спраў.

-Касцёл умацоўваецца і як супольнасць, і як святыня. Акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі, не спыняюцца работы па абсталяванню будынка?

-Удалося зрабіць дах, а галоўнае — вырашыць пытанне з ацяпленнем будынка. Пракладзена цеплатраса, устаноўлены кацёл — хутка зможам падаць у Храм цяпло.

-Справы духоўнасці шырацца па ўсяму раёну — у нас з’явіліся новыя малітоўныя месцы?

— Акрамя капліцы ў Боркавічах, абсталяваны малітоўны дом у Каханавічах. Хочам зрабіць такі і ў Сар’і. Працую разам са святаром айцом Генрыхам Кучынскім — удваіх рабіць усё лягчэй. Удзячны, што і ў справах духоўных, і матэрыяльных адчуваем падтрымку раённай улады. Гэта дае надзею на ажыццяўленне новых карысных задум.

-Якой галоўнай мэты хацелі б дабіцца ў будучым?

-Паглыблення і пашырэння веры сярод людзей. Чалавек, які верыць, пастаянна ўдасканальваецца духоўна. Вера і лад жыцця — непадзельныя. З Богам людзі маюць належны ўласны кантроль — сумленне. Імкнуцца захоўваць запаведзі, не грашыць, весці сябе прыстойна. А гэта дазваляе ўпарадкавана і добра жыць у сям’і, грамадстве, адказна ставіцца да работы. Лічу, што нам трэба больш супрацоўнічаць з іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Многае можам зрабіць сумесна з нашымі братамі ў веры — праваслаўнымі. А хіба не варта павучыцца ў хрысціян веры Евангельскай: цвярозасць там — норма жыцця. Будзем дзейнічаць заадно — умацуем духоўнасць на нашай зямлі. Гэта асабліва важна ў наш час, калі ідзе барацьба за чалавека, яго душу. На жаль, у касцёле паменшала хрышчэнняў, шлюбаў, першых прычасцяў. Справа не толькі ў дэмаграфічным спадзе — пагоня за жыццёвым камфортам і не заўсёды карысныя наступствы цывілізацыі пагражаюць маральнасці. Вяртаць і ўмацоўваць духоўнасць — галоўнае. А для гэтага трэба многа працаваць.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *