Памяць будзе жыць


7 верасня на 90-м го-дзе жыцця, пасля працяглай хваробы, памерла Герой Савецкага Саюза Надзея Віктараўна Траян. 

Яна была нашай зямлячкай — нарадзілася 24 кастрычніка 1921 года ў г. Дрыса. У час акупацыі стала членам падпольнай камсамольскай арганізацыі, створанай пры Смалявіцкім торфозаводзе. Маладыя падпольшчыкі збіралі разведданыя аб праціўніку, папаўнялі рады народных мсціўцаў, аказвалі дапамогу іх сем’ям, пісалі і расклейвалі лістоўкі. З ліпеня 1942 года Надзея Траян была сувязной, разведчыцай, медсястрой партызанскіх атрадаў «Сталінская пяцёрка», «Бура», брыгады «Дзядзі Колі». Удзельнічала ў аперацыях па ўзрыву мастоў, нападзеннях на варожыя абозы, не раз уступала ў бой з карнікамі. Самай бліскучай аперацыяй, у якой удзельнічала Надзея Віктараўна разам з М. Б. Осіпавай і А. Р. Мазанік, стала ліквідацыя гаўляйтэра Беларусі рэйхскамісара Вільгельма фон Кубэ. За гэты подзвіг, які пакладзены ў аснову знакамітага фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы», падполь-шчыцы былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны Надзея Траян прысвяціла сябе медыцыне. У 1947 годзе скончыла першы Маскоўскі медінстытут, у 1962 паспяхова абараніла дысертацыю, стала кандыдатам навук. Працавала дырэктарам НДІ санітарнай асветы Міністэрства аховы здароўя СССР, дацэнтам кафедры хірургіі 1-га Маскоўскага інстытута, прарэктарам гэтай ВНУ. Прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Была членам прэзідыума Савецкага камітэта ветэранаў вайны, членам Камітэта абароны міру, старшынёй выканкама Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР, членам Савета міжнароднай Федэрацыі барацьбітоў супраціўлення, старшынёй Міжнароднай арганізацыі санітарнай асветы. Н. В. Траян была ўдастоена высокіх дзяржаўных узнагарод, сярод якіх ордэн Леніна, ордэн Айчыннай вайны першай ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Дружбы народаў, многія медалі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *