Пад аховай Крыжа

Духовность

Пры ўездзе ў Бялькоўшчынскі сельсавет узведзены новы Крыж

На асвячэнне гэтага галоўнага хрысціянскага знака, якое праходзіла на каталіцкае свята Узвіжання Святога Крыжа Гасподня, сабраліся святары, кіраўнікі сельвыканкама і ААТ «Бялькоўшчына», вернікі, моладзь. Вера ўладна вяртаецца на нашу зямлю, што праяўляецца і ў такіх вось сумесных духоўных справах. Над устанаўленнем Крыжа і добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі разам працавалі духоўныя асобы, сельсаветчыкі, актывісты мясцовай каталіцкай суполкі. Пробашч Верхнядзвінскай парафіі айцец Тадэвуш звярнуўся ў сельвыканкам з просьбай дапамагчы замяніць Крыж. Старшыня сельскага Савета Зінаіда Ільінічна Хадаронак і прадстаўніца каталіцкай супольнасці Часлава Вітольдаўна Петрашкевіч заняліся падрыхтоўчымі работамі. Сельвыканкам арганізаваў транспарт, каб прывезці каменне і грунт. Устанавілі выраблены вернікамі Крыж, абсталявалі каменны падмурак, дарожкі, высадзілі прыгожыя кветкі. Цяпер Крыж узносіцца высока ў неба на перакрыжаванні дарог. Нібы дае магчымасць усім, куды б хто ні імкнуўся, узяць у спадарожнікі Бога. Прыпыніцца, памаліцца, прывесці ў парадак думкі, паразважаць над ахвярай Хрыста, папрасіць благаславення. -Мы вельмі ўдзячны за гэта святое месца, — сказала падчас асвячэння Крыжа З. І. Хадаронак. — Заўсёды звяртаемся да Бога ў розных патрэбах, і Ён нам дапамагае. Можам прывесці шмат такіх прыкладаў са свайго жыцця. Вось і сяўбу пачыналі асвячоным збожжам, з малітвай і святарскім благаславеннем. І першымі ў раёне завяршылі ўборку, атрымалі высокі ўраджай, раней за ўсіх пасеялі азімыя, заканчваем уздым зябліва. З Богам усё робіцца спраўна. Бо, удасканальваючыся духоўна, мяняецца сам чалавек.

Праходзячы каля Крыжа, людзі не стануць смеціць, п’янстваваць, зласловіць, яны нібы маральна дысцыплінуюцца. І становяцца больш адказнымі ў працы і жыцці. Зінаіда Ільінічна выказала надзею, што сюды будуць прыязджаць з кветкамі маладыя, збірацца людзі на хрысціянскія святы. Галава мясцовай улады ўручыла айцу Тадэвушу кветкі і каравай новага ўраджаю. Ксёндз асвяціў Крыж, падзякаваў усім, хто працаваў над яго ўстанаўленнем, і благаславіў людзей на добрыя справы. Моладзь выканала духоўныя песні і ўсклала да Крыжа кветкі. Усе маглі пастаяць ля Святыні і накіраваць свае малітвы Богу. Гэта вельмі важна, каб чалавек меў такую духоўную сувязь. Дырэктар ААТ «Бялькоўшчына» Ю. В. Вышылаў расказаў, што неяк разам з выпуск-ніком семінарыі разважаў над праблемай п’янства ў вёсцы. Кіраўнік тады сказаў у адносінах лайдакоў і п’яніц: «Напэўна, Бог забыўся пра іх». Духоўнік паправіў : «Гэта яны забыліся пра Бога». Няхай людзі заўсёды жывуць з Богам, а Крыжы пры дарогах дапамагаюць ім у гэтым.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.

Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *