Дзякуем за Хлеб жыцця

Образование

У Верхнядзвінскім Касцёле адбыліся ўрачыстасці ў гонар Нараджэння Багаро-дзіцы, падчас якіх прыхаджане дзякавалі Богу і Святой Маці за ўраджай і асвячалі збожжа.

У галоўнай каталіцкай святыні раёна гэта асобае парафіяльнае свята — Касцёл носіць імя Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, а значыць, шырока адзначае ўрачыстасці, запрашае гасцей, праводзіць фэст, арганізоўвае розныя мерапрыемствы. Адметна, што дзень нараджэння Святой Маці, якая дала свету Збаўцу, прыпадае на ўраджайны, шчодры на дары вераснёўскі час. Таму ў праграму ўрачыстасцяў увахо-дзяць і падзяка за Хлеб, і асвячэнне збожжа новага ўраджаю. Не забываюць вернікі і пра плён духоўны — моляцца за Божае благаславенне дзяцей на новы навучальны год. Сёлета для ўдзелу ў гэтых святочных падзеях былі запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. Г. Кісялевіч, іншыя афіцыйныя асобы. На ўрачыстасці да верхнядзвінцаў прыехалі ксяндзы з Мінска, Магілёва, Росіцы і вернікі з суседніх парафій. Касцёл сустракаў гасцей святочным убраннем, карункамі кветак і пахам залатога збожжа, якое пералівалася ў вянках, снапах і вёдрах. Нібы радуючыся агульнаму добраму настрою, сонца рассеяла вераснёўскія хмары і напоўніла святыню ласкавым святлом. Усё нагадвала аб велічнасці падзеі і прысутнасці Бога. І ў пропаведзі айца Алега Шэнды, які вёў Святочную Імшу, гаварылася менавіта аб тым, што чалавек можа здабыць поспех у любой справе толькі тады, калі спадзяецца на Бога, звяртаецца да Яго ў розных патрэбах. Гэта значыць, з любоўю адносіцца да бліжняга, з адказнасцю выконвае свае абавязкі, у любой жыццёвай сітуацыі робіць сумленны выбар. Немагчыма разлічваць на плён у справе, калі выконваем яе абыякава, імкнемся перакласці абавязкі на іншых, пагарджаем маральнымі нормамі. І наадварот, поспех спадарожнічае тым, хто моцны ў веры, паслядоўны ў духоўным развіцці, актыўны ў працы і ўдзячны Богу за здабыткі. Прыхаджане паднеслі да алтара збожжа новага ўраджаю. Касцёл шчыра маліўся Богу за дараваны хлеб і жадаў здароўя, моцы і благаславення людзям, якія яго вырошчваюць. Асвячаючы збожжа пад сяўбу будучага ўраджаю, святары і ўдзельнікі ўрачыстасці прасілі Бога і Святую Маці дапамагчы ў гэтай жыццядайнай для чалавека справе. Вітаючы вернікаў, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч адзначыў, што царква заўсёды разам з людзьмі, яна — надзейная апора і памочнік дзяржавы. «У нас адна задача, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — служыць народу.» Дзякуючы за падтрымку ў працы і малітву ад добрым ураджаі, Ігар Іванавіч заўважыў, што каравай у раёне сёлета, сапраўды, важкі. У другі раз за сваю гісторыю раён перавысіў 80-тысячны рубеж намалоту збожжа. Верхнядзвіншчына займае першае месца ў вобласці па ўраджайнасці зерневых. Гэтыя высокія паказчыкі дасягнуты дзякуючы самаадданай працы аграрыяў, усіх удзельнікаў жніва, а таксама — святароў, якія благаслаўляюць людзей на плён у справе, настройваюць на сумленную работу, моляцца за ўсіх нас. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў раёне агульнымі намаганнямі многае зроблена па аднаўленню і росквіту нашых храмаў. Кожны з іх мае сваю гісторыю і прызначэнне. Касцёл Нараджэння Багародзіцы — храм Любові і Аховы, Свята-Мікалаеўская царква прымае вернікаў пад апеку Святога Мікалая, Сар’янскі храм з’яўляецца абаронцам сям’і і вернасці, Росіцкі — зберагае памяць аб тых, хто загінуў у гады вайны. На прыкладах Святых пакутнікаў — росіцкіх святароў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, верхнядзвінскага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, якія аддалі жыццё, не скарыўшыся духам ворагу, мы вучымся мужнасці і адданасці Богу і ідэалам дабра. І. І. Марковіч павіншаваў прыхаджан са святам і пажадаў міру, любові і дабрабыту. Ён уручыў настаяцелю касцёла айцу Тадэвушу кветкі як сімвал прыгажосці нашай зямлі і каравай — у знак яе багацця і шчодрасці. Пробашч падзякаваў уладзе раёна і ўсім гасцям святыні за пастаянную дапамогу, разуменне і сумесную працу па адраджэнню духоўнасці. У парафіі многа зроблена дзеля гэтага. Верхнядзвінскі касцёл адрамантаваны, добраўпарадкаваны, тут абноўлены дах, наўкол — прыгожы квітнеючы двор, вядуцца работы па абсталяванню ацяплення святыні. Дзейнічаюць малітоўныя капліцы ў Боркавічах і Каханавічах. У святынях многа робіцца дзеля выхавання маральнасці, духоўнай моцы людзей. Для дзяцей і моладзі працуе нядзельная школа. Асобая ўвага надаецца барацьбе за цвярозасць. Пры Касцёле дзейнічае група ананімных алкаголікаў, дзе дапамогу ў вяртанні да цвярозага жыцця можа атрымаць кожны залежны ад алкаголю чалавек. Ёсць у святыні і Кніга цвярозасці, куды вернікі запісваюць свае прозвішчы, даючы зарок не ўжываць спіртное пэўны час альбо ўсё жыццё. Жнівень штогод абвяшчаецца ў парафіі месяцам цвярозасці. Касцёл мае дачыненне да ўсіх падзей у жыцці сваіх прыхаджан і грамадства ў цэлым. Вось і на гэты раз святар благаславіў дзяцей і настаўнікаў на плённы навучальны год. А да гадавіны пачатку другой сусветнай вайны моладзь падрыхтавала сцэнку «Арышт Благаславенага ксяндза Мечыслава Багаткевіча». Сцэнарый гэтай велічнай і трагічнай гісторыі напісаў А. Бубала. Рэжысёрскую работу выканала Н. Карніцкая. Усемагчымую дапамогу ў арганізацыі пастаноўкі аказаў дырэктар РДК В. Хадорчанка. Акцёрамі ж былі юныя прыхаджане святыні. І варта адзначыць, яны вельмі кранаюча і пераканаўча расказалі гісторыю ксяндза, які служыў у Верхнядзвінскім касцёле і ў 1942 годзе быў расстраляны немцамі за антыфашысцкую дзейнасць. Перажываючы ў тэатральнай пастаноўцы цярністы і гераічны шлях святара, многія вернікі не маглі стрымаць слёз. Дзякуючы Богу за сённяшняе мірнае жыццё, якое наблізілі для нас людзі таго мужнага пакалення, вернікі радаваліся сонечнаму дню і ўсім цудоўным праявам свята. Моладзь падрыхтавала выдатны канцэрт духоўнай музыкі і спеваў. І ўсе госці ўрачыстасці маглі пачаставацца дарамі зямлі: садавінай, гароднінай, смачнымі блінамі, пірагамі, пірожнымі. Шчодры пачастунак падрыхтавалі працаўнікі хлебазавода і самі прыхаджане, якія прынеслі на свята свае фірменныя прысмакі. -Душа спявае, — гаварылі ўдзельнікі ўрачыстасці, перапоўненыя моцай сумеснай малітвы, узнёслым настроем, радасцю яднання, добразычлівасцю. Людзі панеслі ў свае дамы і на месцы працы іскрынкі гэтай любові і дабрыні, з якіх будуць загарацца лепшыя пачуцці і ўчынкі, стане святлей і прыгажэй наша жыццё.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *