Чароўны свет нашай прыроды


Унікальная прырода, маляўнічыя ландшафты, цікавыя помнікі культуры і архітэктуры Верхня-дзвіншчыны абумоўліваюць важную ролю нашага раёна ў развіцці сферы турызму на Беларусі. Варта толькі збочыць з аўтамагістралі, і ты трапляеш у чароўны свет лясоў і дубраў, любуешся блакітам рэк і азёр.

Значным турыстычным аб’ектам раёна з’яўляецца і заказнік рэспубліканскага значэння «Асвейскі». Вялікая разнастайнасць флоры і фауны дазваляе пракладваць тут экалагічныя маршруты з пунктамі назірання за насельнікамі заказніка, а таксама маршруты прыродна-гістарычныя. Мэтазгодна развіваць розныя віды турызму: актыўны, «зялёны», дзелавы, рэлігійны, ваенна-гістарычны, культурна-пазнавальны, лячэбна-аздараўленчы, паляванне і рыбалку. Тым, каго прываблівае актыўны адпачынак на вадзе, можна прапанаваць сплаў на байдарках або плытах па Заходняй Дзвіне, Дрысе, Свольне. І нікога не пакінуць раўнадушным берагавыя пейзажы. А водная прагулка па Асвейскаму возеру задаволіць самыя патрабавальныя густы. Напэўна, не ўсе ведаюць, што сумесна з Себежскім нацыянальным паркам распрацаваны трансгранічны водны экалагічны маршрут «Гандлёвы шлях купца Навінскага». Яшчэ ў пачатку 19 стагоддзя прадпрымальны себяжанін, каб хутчэй дастаўляць тавар да спажыўцоў, пракапаў ад возера Армяя да возера Лісна канал даўжынёй каля 15 кіламетраў. Але нельга забываць, што развіццё турызму, як і любы іншы від дзейнасці чалавека, звязана з уздзеяннем на навакольнае асяроддзе. Непрадуманы падыход, залішняя камерцыялізацыя могуць прывесці да перавышэння дапушчальнага ўзроўню эксплуатацыі прыродных рэсурсаў — эрозіі глебы, забруджвання паветра. Зразумела, для паспяховага развіцця турыстычнай галіны патрабуецца адпаведная інфраструктура (месцы начлегу, харчаванне, транспарт, сувязь). І вось тут пакуль ёсць праблемы… Тым не менш, не выклікае сумнення той факт, што ўмелае выкарыстанне прыроднага і гісторыка-культурнага патэнцыялу раёна станоўча адаб’ецца на развіцці сферы турызму, акажа пэўны ўплыў на эканоміку, дасць дадатковыя і новыя рабочыя месцы насельніцтву.

І. ВАЙНІЛОВІЧ, вядучы спецыяліст заказніка рэспубліканскага значэння «Асвейскі».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *