На «Тэатральных даляглядах вёскі»

Духовность

Драматычны гурток «Несцерка» Валынецкага СДК атрымаў Дыплом за ўдзел у абласным конкурсе «Тэатральныя далягляды вёскі-2011». А член гуртка Вольга Кутузава перамагла ў намінацыі «За лепшую жаночую ролю» і ўзнагароджана Дыпломам упраўлення культуры аблвыканкама.

Кожную вясну ў Віцебск з’язджаюцца маладзёжныя аматарскія тэатральныя калектывы з сельскіх устаноў культуры вобласці, каб прадэманстраваць сваё выканаўчае майстэрства. Валынецкі «Несцерка» ўдзельнічаў у конкурсе трэці раз і заваяваў прыхільнасць тэатральнай публікі.

Сёлета калектыў прадставіў спектакль «Пільнуй сваю хату», сцэнарый якога напісаны па аднайменнай камедыі таленавітага беларускага аўтара Леапольда Радзевіча. Работа валынецкіх самадзейных акцёраў спадабалася і гледачам, і журы. Яна прысвечана сямейным узаемаадносінам, жаноцкай мудрасці, разуменню і падтрымцы ў асяроддзі блізкіх людзей.

«Пільнуй сваю хату» — спектакль пяці акцёраў, таленавітых маладых людзей, для якіх тэатр стаў больш, чым хобі. Дзмітрый Іваноў, Мерген Ванікаеў і Павел Любчанка працуюць у Валынецкай ПМС, Павел Бадун — студэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, Вольга Кутузава — настаўніца Валынецкай СШ. Шліфаваць выканаўчае майстэрства ім дапамагае мастацкі кіраўнік Валынецкага СДК Жанна Бадун — яна рэжысёр-пастаноўшчык конкурснага спектакля.

Л. ФЁДАРАВА.

18/05/2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *