Наш зямляк зноў чэмпіён

Молодёжная страница "Ветразь"

На нядаўнім першынстве свету па цяжкай атлетыцы, якое праходзіла ў турэцкай Анталіі, наш зямляк Сяргей Лагун увайшоў у тройку лідараў: узяў малы залаты медаль у штуршку, а па агульнаму заліку стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату.

Выступаў Сяргей на гэты раз у асноўнай групе «А», сапернічаў са спартсменамі вагавой катэгорыі да 85 кілаграмаў. У сваім «залатым» штуршку ўзяў 211 кілаграмаў — вагу амаль у 2,5 раза большую за ўласную!

Зараз спартсмен адпачывае ад збораў і трэніровак, якія праходзяць у спартыўна-алімпійскім комплексе «Стайкі» пад Мінскам. Але бесклапотна бавіць час не выходзіць. Па-першае, трэба здаць экзаменацыйную сесію за другі курс. Сяргей — студэнт-завочнік спартыўна-педагагічнага факультэта ПДУ і займаецца па асобаму графіку. Па-другое, Сяргей заняты клопатамі па ўпарадкаванню новай кватэры, якую пабудаваў за ўласныя грошы ў Наваполацку. Так што на бліжэйшы час ён перасяліўся са сталіцы ў родныя мясціны. У Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, дзе некалі вучыўся, трэніруецца, каб падтрымліваць спартыўную форму.

А днямі Сяргей са сваёй сяброўкай Наталляй (дарэчы, таксама спартсменкай) наведаўся ў Дзёрнавічы. Каб разам з сям’ёй адзначыць «залаты» дзень нараджэння бацькі — Леаніда Паўлавіча. У Сяргея вельмі цёплыя адносіны з роднымі. Усе, хто яго ведаюць, сцвярджаюць: «зорная» хвароба — не для Сяргея. Сціплага і абаяльнага хлопца паважаюць усе аднавяскоўцы.

Людміла АРЛОВА.

06/11/2010 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *