Побач уважлівыя і чулыя людзі


Мой жыццёвы лёс у многім сугучны з лёсам людзей, дзяцінства якіх апаліла вайна. Цудам выжыла ў канцлагеры, куды трапіла трохгадовым дзіцём. І потым, калі раён адраджаўся ад разрухі, мы, дзеці, не былі спешчаны ні смачнай ежай, ні добрай вопраткай.

Выраслі, вучыліся старанна, каб прафесію якую атрымаць. Я скончыла медвучылішча і ўсю сваю працоўную біяграфію звязала са службай аховы здароўя раёна. Працавала фельчарам у Бігосаве, Асвеі і амаль 20 гадоў — у Відокскім ФАПе.

У гэтай вёсцы і цяпер жыву. Пайшоў з жыцця муж, дзеці раз’ехаліся, аказалася адна ў вялікай хаце, дзе некалі было так мнагалюдна. Але, дзякуй Богу, людзі мяне не забываюць. Днямі адзначыла свой юбілейны, 70-гадовы дзень нараджэння. Дзеці з сем’ямі прыехалі, суседзі прыходзілі, знаёмыя званілі. І адміністрацыя цэнтральнай раённай бальніцы зычыла цёплыя віншаванні. Было так прыемна, да слёз расчулілася…

Вельмі важна, што побач уважлівыя і чулыя людзі не толькі ў святы і радасныя моманты. Разам са мной састарэла і хата, якую некалі выдзеліў нам калгас «Дружба». Яго правапрыемнік цяпер СП «Асвейскі». Дык дырэктар гаспадаркі прыслаў рабочых, якія падрамантавалі ўсё, падлогу новую насцялілі. Вялікі дзякуй мужчынам, што ў мяне працавалі, і асабіста Мікалаю Пятровічу Мартынаву. Удзячна ўсім добрым людзям, якія паважаюць ветэранаў.

Л. СУШЧЭВІЧ, в. Відокі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *