Парадак на зямлі – клопат агульны

Жизнь сельских Советов

Чарговае пасяджэнне выязнога прэзідыума раённага Савета дэпутатаў прайшло ў Валынцах. На парадак дня было вынесена пытанне «Аб эфектыўнасці работы землеўпарадкавальнай службы раёна, аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ДРУВП ЖКГ па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў Валынецкага сельсавета».

У рабоце прэзідыума райсавета прынялі ўдзел вядучыя спецыялісты і работнікі райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, дэпутаты Валынецкага Савета, старэйшыны, кіраўнікі арганізацый, гаспадарак і прапрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Адзначалася, што Валынецкім сельвыканкамам праводзіцца сістэмная, мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванню населеных пунктаў, навядзенню парадку на зямлі, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў вытворчай і сацыяльнай сферы. Па словах галоўнага архітэктара раёна С. Г. Гараўскай, мастацка-эстэтычныя абрысы аграгарадка Валынцы, яго інфраструктура пастаянна ўдасканальваюцца. Новы сучасны выгляд набылі будынкі магазінаў, Дома культуры, бальніцы сястрынскага догляду, самога сельскага Савета. Пабудавана лазня модульнага тыпу. Рэканструяваны ачышчальныя збудаванні і ўведзена ў эксплуатацыю новая артэзіянская свідравіна з модульнай станцыяй абезжалезвання вады. Адміністрацыйны будынак УП «Валынецкае ПМС» ды і ўся тэрыторыя могуць служыць эталонам добраўпарадкавання вытворчых прадпрыемстваў. Дагледжаны тэрыторыі школ, дзіцячых садкоў, бальніцы. Цэнтральную вуліцу ўпрыгожваюць кветкавыя кампазіцыі і малыя архітэктурныя формы. У перспектыве — добраўпарадкаванне парка і зоны адпачынку на рэчцы.

Пад патранажам землеўпарадкавальнай службы працягваецца работа па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці». Праведзена інвентарызацыя такіх дамоў ва ўсіх населеных пунктах. З пачатку дзеяння Указа знесена 44 забудовы, 10 зямельных участкаў (пасля зносу старых дамоў) перададзены СВК «Прудзінкі» і «Антонава-Агра» для забудоў аднакватэрнымі жылымі дамамі.

У бягучым годзе СВК «Прудзінкі» і «Антонава-Агра» перададзена амаль 28 гектараў пустуючых і невыкарыстоўваемых зямель. Дадаткова ўнесена ў сельскагаспадарчы абарот для нарыхтоўкі кармоў 22 га няўдобіц. Плошча палёў севазвароту гаспадарак павялічылася на 224 га за кошт зямель грамадзян і на 2,2 га — зямель, узараных ля ферм.

-Разам з тым, яшчэ 34 зямельныя ўчасткі ў 15 вёсках не выкарыстоўваюцца, зараслі хмызняком, — заўважыў намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы раёна С. П. Дзмітрыеў. Зразумела, што самастойна вырашыць праблему сельвыканкам не ў стане. СВК «Прудзінкі» і «Антонава-Агра» трэба больш актыўна займацца навядзеннем парадку на землях ля мехдвароў, ферм і іншых вытворчых аб’ектаў.

Валынецкім сельскім Саветам распрацавана і зацверджана схема збору камунальных адходаў. Яна прадугледжвае рэгулярную санітарную ачыстку 34 населеных пунктаў — пасрэдніцтвам трох мініпалігонаў, дзвюх пляцовак часовага складзіравання і сеткі кантэйнерных пляцовак. Але, як вынікае з даклада галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Я. П. Мішута, на практыцы дзейнічаюць толькі кантэйнерныя пляцоўкі ў Валынцах і цэнтральных сядзібах гаспадарак, якія абслугоўвае ДРУВП ЖКГ. Ачыстка тых населеных пунктаў, дзе адказнымі за вываз адходаў з’яўляюцца іншыя арганізацыі, а гэта 29 вёсак, — не праводзіцца. Міні-палігоны і пляцоўкі часовага складзіравання адходаў утрымліваюцца з парушэннем правілаў. Усё гэта сведчыць аб адсутнасці ўзгодненых дзеянняў паміж сельскім Саветам, арганізацыямі, гаспадаркамі і жыхарамі населеных пунктаў.

Праблемным застаецца абслугоўванне і рамонт вясковых вуліц пасля перадачы іх на баланс ДРУВП ЖКГ — з-за адсутнасці спецыялізаванай тэхнікі і недастатковага фінансавання.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел адзначыла, што большасць з узнятых праблем тычыцца і іншых сельскіх Саветаў. У мэтах актывізацыі іх работы прэзідыум раённага Савета дэпутатаў пастанавіў паскорыць знос трухлявых дамоў і ўвод невыкарыстоўваемых зямельных участкаў у сельгаспадарчы абарот; забяспечыць сумесна з ДРУВП ЖКГ выкананне схем і графікаў ачысткі населеных пунктаў, ліквідаваць несанкцыяніраваныя звалкі, навесці парадак на міні-палігонах вёсак Антонава і Казуліна; СВК «Прудзінкі» навесці парадак на землях ля былых майстэрань у Валынцах і былой фермы ў в. Няверава; удасканальваць работу па далейшаму добраўпарадкаванню вёсак, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных рэсурсаў з дапамогай органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання; арганізаваць да 1 кастрычніка правядзенне штотыднёвых санітарных дзён па навядзенню парадку ў населеных пунктах.

11/09/2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *