Паклiкаў школьны званок

Жизнь сельских Советов

 

Залівісты званок паклікаў вучняў Сенькаўскай базавай школы на першы ўрок новага навучальнага года. На святочнай лінейцы сабраліся як выпускнікі школы, для якіх ён прагучыць у апошні раз, так і адзіны ў гэтым годзе першакласнік — Косця Сінякоў, — новы член дружнай школьнай сям’і. У падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён атрымаў кнігу «Мая радзіма — Беларусь».

 

Ад усёй душы вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў з Днём ведаў павіншавала дырэктар школы Галіна Міхайлаўна Станько. Вучням яна пажадала паспяховай вучобы, настаўнікам — творчых поспехаў, а бацькам цярплівасці.

Са словамі віншаванняў выступілі госці свята — інспектар ДПС Верхнядзвінскага РАУС , капітан міліцы В. В. Каськовіч, намеснік начальніка пагранічнай заставы «Савейкі» А. Л. Кусцінскі, супрацоўнік газеты «Дзвінская праўда» А. М. Зімацкая.

У летні час вучні Сенькаўскай школы не толькі адпачылі ў аздараўленчым лагеры, але і дапамаглі з уборкай ураджаю мясцовай гаспадарцы. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі СП «Асвейскі» Л. В. Русак выказала ім словы падзякі за добрую працу і ўручыла падзячныя пісьмы і падарункі.

Пачаўся навучальны год. Наперадзе — урокі і перапынкі, экзамены, хваляванні , новыя перамогі. А ў гэты дзень званок гучаў асабліва па-святочнаму, і права яго даць атрымаў маленькі першакласнік.

* * *

На першы званок адноўленая пасля рамонту сабрала сваіх вучняў і Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа. Сёлета тут за парту сядуць восем першакласнікаў. Усяго ж на святочнай лінейцы сабраліся 123 вучні. Іх вітаў дырэктар С. П. Драздоў. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі сталі 71% выпускнікоў. У мінулым годзе гэты паказчык складаў 51%.

Вучняў, іх бацькоў, настаўніцкі калектыў школы са святам прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі РАУС, РАНС, Верхнядзвінскага райаграсервісу, масласырзавода, айцец Уладзімір. Вучням 9-га класа начальнік раённага вузла паштовай сувязі А. М. Кавалеўская ўручыла падпіску на часопісы. Атрымала школа таксама падарунак ад Бялькоўшчынскага сельскага Савета і ТАА «Мастак» г. Наваполацка, якое аказала спонсарскую дапамогу і дапамагло з рамонтам.

А. ПАЛЯВАЯ. Фота В. САЛАЎЁВА і А. ЗІМАЦКАЙ.

04/09/2010 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *