«Гатавалі ежу на кастрах у снарадных гільзах”


З успамінаў аб гадах ваеннага ліхалецця Марыі Мікалаеўны НАЛІВАШКА, якая нарадзілася ў 1921 годзе на хутары Ганы Асвейскага раёна.

Дзед мой і чацвёра яго сыноў выкупілі зямлю, лес, паставілі забудовы на 4 сям’і. Вырошчвалі збожжа і гародніну, трымалі пчол, касілі, выраблялі даматканыя палотны. Жылі дружна і працавалі ад цямна да цямна.

Але прыйшла калектывізацыя. Браты падзялілі агульны скарб, каб не трапіць пад раскулачванне, і перавезлі свае гаспадаркі ў розныя месцы.

У маіх бацькоў было, акрамя мяне, яшчэ сямёра дзяцей. Старэйшы сын, Сцяпан, вывучыўся на настаўніка, працаваў у школе на Асвейскім востраве. Пайшоў у армію, дзе і застаўся.

А бацька восенню 1939 года, пасля малацьбы, захварэў на запаленне лёгкіх і хутка памёр. Праз два гады пайшла з жыцця і маці…

Засталося нас сямёра сірот. Я была самай старэйшай, і ўсе клопаты аб сям’і ляглі на мае плечы. Дапамагалі браты Пятро, Валодзя і сястра Надзя, якія працавалі ў калгасе падпаскамі. Самай маленькай сястрычцы, Галі, было перад вайной год і восем месяцаў, Міхасю — тры з паловай гады, Фені — амаль пяць.

І тут вайна… Няма сэнсу расказваць, што давялося перажыць за гады акупацыі. Спынюся толькі на карнай экспедыцыі 1943 года. Пры набліжэнні немцаў мы запрэглі каня, пасадзілі на воз маленькіх. Забралі два мяхі льнасемя. І схаваліся ў лясным гушчары разам са шматдзетнымі сем’ямі Ягора Кураша, Аксінні Мажэйка, Аляксандра Кураша.

Вёску нашу Саломіна фашысты спалілі. А мы зрабілі на снезе падсціл-ку з яловых галінак, затым абставілі вакол лапняком для абароны ад ветру і снегу. Што елі? А што траплялася. Іншы раз знаходзілі забітую жывёліну, выразалі прамерзлае мяса і варылі ў снарадных гільзах.

А зараз я думаю, што ад галоднай смерці нас выратавала льняное семя, менавіта тыя два мяхі…

Аднойчы, калі мы шукалі ежу, натыкнуліся на немцаў і паліцаяў. Пагналі ўсіх да вёскі Маторына. Усю дарогу я галасіла. Адзін з паліцаяў, паляк, знайшоў пад дрэвам спавітае дзіця. Уручыў яго мне і загадаў несці. Як потым аказалася, гэта быў добры чалавек. Калі мы спыніліся на начлег, ён прынёс аднекуль хлеба і малака для маленькай. Галоўнае, папярэдзіў, што частку палонных немцы расстраляюць, а частку ад-правяць у Германію. І параіў бегчы пасля дзьвух гадзін ночы. Сярод нас была мясцовая жыхарка Вера Мікітаўна Габрусёнак. Яна паказала самае вузкае месца ракі, дзе можна было пераправіцца на другі бераг. Перапраўляліся з дапамогай дошак — разламалі труну, знойдзеную на гарышчы лазні. Уцёкі ўда-ліся. Самае дзіўнае і кранаючае, што знайшлася маці дзяўчынкі, якую я несла на руках!

…Я часта паўтараю ў думках і ўслых: «Вялікі дзякуй Госпаду Богу нашаму, што не адвёў вачэй ад сірот».

Мы выжылі, не зламілі нас цяжкія выпрабаванні, кожны знайшоў сваю долю, стварыў уласную сям’ю.

Як не пажадаць сваёй Радзіме — Беларусі мірнага неба, яе грамадзянам — духмянага хлеба, крынічнай вады і ніякай бяды?!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *