8 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Для ўсіх вернікаў, якія аддаюць пашану Божай Маці, гэтае свята з’яўляецца вельмі значным. Шматлікія касцёлы ў Беларусі маюць тытул Нараджэння Панны Марыі. У Віцебкай дыяцэзіі такіх касцёлаў тры: у Браславе, Відзах і Верхнядзвінску.
Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі — падзея значная. Дастаткова ўзгадаць хаця б тое, што Маці Божая была пазбаўлена першароднага граху, з якім нараджаецца кожны чалавек. Гэтым самым Бог рыхтуе Найсвяцейшую Панну да таго, каб яна стала МаціЕзусаХрыста.
Багародзіца атуляе матчынай апекай касцёлы, каталіцкія рухі і кожнага верніка, які са шчырым сэрцам звяртаецца да яе, просячы заступніцтва ў штодзённым жыцці. Маці Божая — своеасаблівы мост для кожнага чалавека на яго шляху да Бога. Сваім незвычайным нараджэннем яна ні ў якім разе не аддаляецца ад чалавека і не пагарджае ім. Найсвяцейшая Панна адначасова з’яўляецца і Маці Божага Сына, і нашай Маці, а таму свята яе нараджэння павінна быць для верніка настолькі асабістай і блізкай падзеяй, як дзень нараджэння яго ўласнай маці.
У некаторых краінах свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі называюць таксама святам Маці Божай Сеўнай. Існаваў старадаўні звычай толькі пасля гэтага свята распачынаць новую сяўбу, каб Марыя благаславіла зерне, кінутае ў зямлю. У нашым касцёле падчас урачыстай святой Імшы таксама асвячаецца зерне новага ўраджаю.
Фэст у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца 6 верасня ў 12.00.