Верхнядзвінцы адзначылі Дзень Незалежнасці і Дзень горада маштабнымі мерапрыемствамі

Актуально Общество

Маштабнымі мерапрыемствамі адзначылі верхнядзвінцы Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень горада.

Па традыцыі святочныя мерапрыемствы пачаліся ў Мемарыяла памяці ў гарадскім скверы, дзе адбыўся мітынг, прысвечаны 78-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Урачыстасці працягваліся ў гарадскім парку, дзе разгарнуліся шматлікія выставы і прэзентацыі сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, творчых калектываў, тэматычныя пляцоўкі і гістарычныя кампазіцыі. Багатая спадчына нашага краю дазваляла захапіць гасцей цікавымі аповедамі і экспанатамі, асаблівы акцэнт у якіх быў зроблены на тэматыку  Года гістарычнай памяці.

Са святочнай сцэны гучалі словы падзякі людзям Прыдзвінскага краю за мужнасць у змаганні  за свабоду роднай зямлі, працоўныя і творчыя дасягненні. Землякоў і гасцей Верхнядзвінска сардэчна павіншаваў са святам старшыня райвыканкама В.М. Шылаў.

Павіншаваць верхнядзвінцаў з адметнымі датамі прыбылі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М.М. Шаўчук, іншыя афіцыйныя асобы, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Валакаламска, Кінгісепа і Себежа. Госці падрыхтавалі героям урачыстасці падарункі, сярод якіх былі два новыя мікраааўтобусы для мясцовага аўтатранспартнага прадпрыемства.

Удзельнікі ўрачыстасці шчырымі апладысментамі віталі  на сцэне людзей, якія праслаўляюць сваю Верхнядзвіншчыну працоўнымі дасягненнямі, творчымі здабыткамі, паказваюць прыклад моцных сем’яў.

Свята поўнілася шматлікімі відовішчамі, канцэртамі, у якіх удзельнічалі  расійскія артысты, забаўляльнымі праграмамі, паказальнымі выступленнямі, атракцыёнамі, спартыўнымі спаборніцтвамі, гандлевымі радамі, аглядавымі палётамі на верталёце і іншымі.  А завяршыўся святочны дзень  акцыяй “ Спяем гімн разам” і  вялікім феерверкам.

Фотарэпартаж са свята – у наступным нумары газеты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *