Нашы майстры на «Славянскім базары ў Віцебску»

Актуально Культура

Надышоў час самай доўгачаканай падзеі лета: 13 ліпеня ў абласным цэнтры адбыліся першыя канцэрты ў рамках ХХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Верхнядзвінскія артысты і майстры народных рамёстваў таксама гатовыя здзіўляць і ўражваць гасцей свята.
Раней за ўсіх у фестывальны Віцебск адправіліся рамеснікі: на працягу чатырох дзён, з 14 па 17 ліпеня, яны прэзентуюць свае вырабы ў традыцыйным Горадзе майстроў на вуліцы Прыбярэжнай. На кірмашы-продажы ёсць магчымасць не толькі ўбачыць рэчы, з душой і любоўю створаныя самымі таленавітымі ўмельцамі Беларусі, але і набыць што-небудзь на памяць. Верхнядзвінскі раён прадстаўляюць майстры раённага Дома рамёстваў Святлана Малахоўская, Алена Дзямешка, Кацярына Бясецкая і Галіна Чарнавок.

Народны майстар С. Малахоўская прымае ўдзел у Міжнародным конкурсе майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты», які праводзіцца 14 – 16 ліпеня, а К. Бясецкая – у адкрытым абласным свяце-конкурсе народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства – 2022» 17 ліпеня.
Сёння, у Дзень Саюзнай дзяржавы, на Пушкінскай плошчы праходзіць свята народнай культуры і традыцый «Гуляй, народ!» у фармаце open-air – пад адкрытым небам. На сцэне выступаюць творчыя калектывы з Расіі і Беларусі, а прыгранічныя раёны-суседзі прадстаўляюць сумесныя тэматычныя пляцоўкі. Святочную атмасферу на аб’яднаным падворку Верхнядзвінска і Себежа ствараюць народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Ярыца», артысты Асвейскага ГДК і ансамбль народнай песні «Сударушка» Ідрыцкага КДК (Себежскі раён). Смачныя беларускія і расійскія стравы прапануюць народны калектыў «Расіца» і майстры нацыянальнай кухні Себежа, а вясёлы настрой гарантуе народны фальклорны калектыў «Сенькавіца», які знаёміць гасцей з традыцыйнымі гульнямі.
Таксама 15 ліпеня народны ансамбль народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі» выступае на чарговым абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…», на якім паспяхова прадстаўляе родны рэгіён ужо не адзін год запар. На наступны дзень, 16 ліпеня, калектыў будзе акампанаваць удзельнікам IX адкрытага турніра нацыянальных танцаў «Танчым разам».
17 ліпеня ўзорны тэатр гульні «Игрик» Верхнядзвінскага РЦКіНТ прыме ўдзел у праекце «Лялечны дворык» на пляцоўцы каля Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, а народнае аматарскае аб’яднанне «Расіца» правядзе выставу-прэзентацыю ў музеі-сядзібе Іллі Рэпіна «Здраўнёва» ў рамках абласнога фестывалю беларускай нацыянальнай кухні «Дзвінскі смак».
У гэты дзень адбудзецца ўрачыстае закрыццё «Славянскага базару ў Віцебску – 2022», і ўсе яго асноўныя пляцоўкі спыняць сваю работу, але святочная атмасфера ў горадзе захаваецца да 18 ліпеня, калі пройдуць апошнія фестывальныя мерапрыемствы.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *