Юбілею паэта Эдуарда Зубрыцкага прысвячаўся конкурс чытальнікаў

Актуально Наш край

17 красавіка 80-гадовы юбілей мог бы адзначаць паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіст Эдуард Зубрыцкі. Хоць месцам нараджэння яго з’яўляецца вёска Шклянцы Докшыцкага раёна, менавіта Верхнядзвіншчыне аддадзены гады плённай працы і амаль усё жыццё паэта. 3 1971 года Эдуард Іосіфавіч – супрацоўнік раённай газеты «Дзвінская праўда», на старонках якой часта друкаваліся яго вершы.

Захапленне мовай бацькоў і першыя спробы пяра яшчэ ў школьныя гады сталі пачаткам творчага шляху паэта.
Першыя вершы Эдуарда Зубрыцкага надрукавалі Бягомльская раёнка «Савецкі патрыёт» і часопіс «Маладосць», а за імі – «Звязда», «ЛіМ», «Полымя», альманахі «Натхненне», «Дзень паэзіі» і іншыя рэспубліканскія і абласныя выданні.


Пасля службы ў арміі свет пабачыла першая аповесць «Суэма». І ўсё ж пераважная большасць творчай спадчыны Эдуарда Зубрыцкага – паэзія: у вершах ён разважае аб сэнсе жыцця, у іх гучыць любоў да радзімы, народа. Лірычныя, з падчас сумнай афарбоўкай, і разам з тым светлыя, павольныя, прасякнутыя святлом і мудрасцю, яны міжволі западаюць у душу.
Першы зборнік вершаў і паэм «Блакітныя казкі» пабачыў свет у 1975 годзе. У 2002 годзе – кніга «Птушка з водсветам заранкі». Надзвычай плённымі сталі 2005 і 2006 гады, калі адна за другой выйшлі кнігі «Мне б хоць кропельку неба», «Рабінавыя астравы», «Журлівіца», «След чмяля». За імі – «Прычашчэнне», «Сцяблінка баравая», «Опаленная птица».
Ужо пасля того, як паэт пайшоў з жыцця, выдадзена кніга выбраных твораў Эдуарда Іосіфавіча «Восень над вогнішчам» (2011 год).


Раённы конкурс «Жыццёвы спраўдзіў запавет» на лепшае выкананне твораў Эдуарда Зубрыцкага, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння, адбыўся ў раённай бібліятэцы.
Жадаючых прачытаць любімы верш паэта было нямала. Вершы, балады і паэмы – выбраць нешта асаблівае, блізкае для душы, змог кожны ўдзельнік. І дарослыя, і дзеці чыталі творы Зубрыцкага пранікнена і з задавальненнем.
Журы пры вызначэнні пераможцаў прыйшлося нялёгка: ацэньваліся не толькі артыстызм чытальнікаў, але і граматная гаворка, стварэнне мастацкага вобраза, перадача сэнсавага значэння твора.


Сярод самых маленькіх выступоўцаў пераможцам стаў Раман Карман (Валынецкая СШ), другое падзялілі вучні СШ №2 Ліза Лісоўская і Вікторыя Смаляк, а таксама Мар’яна Грыбоўская (Прыдзвінска-Бароўская СШ). Трэцяе – у Паліны Ушак і Аляксандры Матэленак (СШ №2).
Першае месца ў катэгорыі вучні 5-11 класаў заваявала Адэліна Мацук (Прыдзвінска-Бароўская СШ). У кроку ад перамогі спыніліся Марыя Караленка (Каханавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа) і Ціхан Найдзёнак (Галубаўская БШ). Трэцяе месца прысуджана Ангеліне Савейка (Каханавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа) і Івану Хадачынскаму (Прыдзвінска-Бароўская СШ).
Лепшым выступленнем сярод дарослых выканаўцаў прызнана чытанне вершаванага твора Нінай Невяроўскай (СШ №2). Другое месца прысуджана Алене Мацкевіч (аг. Сар’я), трэцяе – Дар’і Літвінавай (в. Марозы).
– Рыхтуючыся да конкурсу, перачытала шмат вершаў Эдуарда Зубрыцкага, – падзялілася Ніна Невяроўская. – Яны асаблівыя, з глыбокай філасофіяй. Напэўна, больш блізкія і зразумелыя дарослым, але і дзеці з выкананнем справіліся вельмі добра.
Удзельнікі конкурсу атры-малі дыпломы і памятныя падарункі, спонсарамі якіх выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру».
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *