Майстар па ткацтву валодае многімі відамі народных рамёстваў

Наш край

Майстар па ткацтву Верхнядзвінскага Дома рамёстваў Валянціна Леанідаўна Шумская валодае многімі відамі народных рамёстваў.

У 1989 годзе Валянціна Леанідаўна паступіла ў смаленскае вучылішча на спецыяльнасць выканаўца мастацка-афармленчых работ. Пасля заканчэння спрабавала ўладкавацца на працу ў родным Верхнядзвінску, аднак такія спецыялісты не патрабаваліся. Дзяўчыну прынялі на фабрыку мастацкіх вырабаў ткачом-умельцам. І гэта аказалася яе прызваннем.
Ткацтва… Працэс гэта няпросты, працаёмкі, патрабуе цярплівасці, руплівасці і ўважлівасці. Рамяству дзяўчына вучылася ў Лідзіі Пятроўны Прашкевіч. Дзякуючы ёй у той час актыўна развівалася шасцінітовае двухуточнае ткацтва, якое імітуе пераборную вышыўку: «твар» і выварат адрозніваюцца, але выглядаюць аднолькава акуратна, і менавіта гэта стала адметнай рысай Верхнядзвінскага ткацтва.
Пазней, калі Валянціна ў 1992 годзе часова працавала загадчыкам Жыгулёўскага сельскага клуба, ёй давялося трапіць на абласныя курсы па саломапляценню. Там і “захварэла” гэтым самабытным відам творчасці.
З 2002 па 2010 гады Валянціна Леанідаўна займала пасаду дырэктара Дома рамёстваў. Творчасцю па-ранейшаму захаплялася і асвоіла нямала сакрэтаў народных промыслаў. Прыйшоў у Дом рамёстваў майстар па габеленах – навучылася ткаць габелены. З’явіўся спецыяліст па кераміцы – асвоіла і гэта мастацтва. Па-першае, новая справа захапляла. Па-другое, Валянціна Леанідаўна зразумела: каб з майстрам размаўляць на адной мове, разумець яго творчасць, трэба самому засвоіць навыкі яго рамяства.
Сёння майстрыцы падуладны амаль усе віды народнай творчасці: ткацтва на кроснах, ручное ткацтва на раме – габелен, саломапляценне, лепка з гліны, вязанне, вышыўка традыцыйная і атласнымі стужкамі.
У 2018 годзе Валянціна Шумская прадставіла слайд-прэзентацыю па ткацтву на абласным фестывалі рамесніцкай культуры, які адбыўся ў Ідрыцкім Доме культуры Себежскага края. У прысутных была магчымасць падзівіцца на тое, што падуласна ўмелым рукам верхнядзвінскіх майстроў.
Творы Валянціны Леанідаўны выкананы на высокім прафе-сійным мастацкім і тэхнічным узроўні, з традыцыйным нацыянальным беларускім каларытам.
У раённым Доме рамёстваў ёсць два ткацкіх станка. Той, якім карыстаецца Валянціна Леанідаўна, – фабрычнай выт-ворчасці, мадэрнізаваны, але набліжаны да традыцыйнага. Другі – аўтэнтычны, прыкладна ХІХ стагодзя, і ўсё яшчэ рабочы, трэба толькі заправіць. А гэта задача не з лёгкіх: на падрыхтоўку кроснаў да працы патрэбна да двух дзён! Напэўна, таму і вучняў па ткацтву на кроснах пакуль што няма. Затое знайшлося нямала жадаючых ткаць габелены. Гэта тэхналогія прасцей, ды і прастор для творчасці большы – набор малюнкаў не абмежаваны пэўнай колькасцю геаметрычных узораў, можна зрабіць нават партрэт, калі хопіць майстэрства. У снежні лепшыя работы Валянціны Леанідаўны і яе выхаванцаў з гуртка «Ткацтва» былі прад-стаўлены на суд віцебскіх гледачоў на выставе габеленаў «Тканыя гісторыі».
Таленты Валянціны Леанідаўны не абмяжоўваюцца творчасцю. Яна – прыёмная шматдзетная маці. Спачатку ў сям’і з’явіліся дзяўчынкі-блізняты з Асвейскага прытулку, затым да іх далучыліся яшчэ дзве родныя сястрычкі з той жа сям’і. Валянціна Леанідаўна навучыла дзяўчынак шыць, вышываць, вязаць, працаваць з саломкай.
Метадыст па ткацтву Дома рамёстваў Валянціна Шумская з легкасцю і спрытам выконвае адразу некалькі спраў. Скончыла ткаць ручнік – узялася за габелен, затым занялася вырабам сувеніраў з саломкі. Сувеніры ад Шумской – заўсёды выдатны падарунак. Адным словам, любая справа, за якую бярэцца Валянціна Шумская, становіцца яе любімым заняткам.
С. МАЛАХОЎСКАЯ,

дырэктар Верхнядзвінскага раённага Дома рамёстваў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *