Восеньскія матывы Росіцы

Наш край

Гэты куточак беларускай зямлі прыгожы ў любую пару года. Росіцкі касцёл і навакольная тэрыторыя і восенню здзіўляюць сваімі краявідамі, таленавіта ўдасканаленымі чалавечымі рукамі. Кожны год у іх з’яўляюцца новыя фарбы.

Гэты куточак беларускай зямлі прыгожы ў любую пару года. Росіцкі касцёл і навакольная тэрыторыя і восенню здзіўляюць сваімі краявідамі, таленавіта ўдасканаленымі чалавечымі рукамі. Кожны год у іх з’яўляюцца новыя фарбы.


Гаспадары касцёла святары Аляксандр Жарнасек і Часлаў Курэчка разам з памочнікамі-валанцёрамі клапоцяцца аб прывабнасці ўнікальнай святыні, якой нададзены статус санктуарыя благаславёных мучанікаў Юрыя і Антонія. Найперш Храм прыцягвае моцай малітвы – асаблівую духоўную атмасферу святыні адчуваюць усе, хто прыязджае ў Росіцу. Касцёл заўсёды адчынены: кожны можа зайсці сюды памаліцца, папрасіць заступніцтва благаславёных пакутнікаў, пакінуць ахвяру. У святым месцы можна набыць духоўную літаратуру, у тым ліку аўтарства ксяндза Аляксандра, а яшчэ – цудоўныя абразы, якія вырабляе ён у тэхніцы дэкупажу.


Пасуе ўзнёсламу пачуццю пры сустрэчы з Росіцай і навакольны выгляд: люстэркі сажалак з гарлачыкамі, задуменныя дрэвы з буслінымі гнёздамі, каскады кустоўя над возерам і кветкі – цэлыя плантацыі кветак. Вясной і ўлетку тут змяняюць адно аднаго пралескі, крокусы, цюльпаны, ліліі, ружы, флоксы, вяргіні і яшчэ дзесяткі квітнеючых раслін. Рознакаляровымі алеямі акружаюць святыню фарзіцыі, баярышнік, бэз, спірэя, барбарыс. Уражваюць суквеццямі экзатычныя магноліі і рададэндроны. Дзівоснымі рэльефамі ўпрыгожваюць тэрыторыю туі і цісы.
Адметна, што гэтыя жывыя карціны ніколі не паўтараюцца, і стараннямі нястомнага аматара прыгажосці айца Часлава штогод набываюць новыя адценні. Сёлета чарговай знаходкай сталі рознакаляровыя хрызантэмы – чароўныя кветкі восені. Кастрычніцкае сонейка нібы разгадала задуму «фларыста» і шчодра надзяляе іх апошнімі ласкавымі промнямі. Святар паказвае вялізныя пышныя кветнікі, якія нагадваюць усходнія дываны. Хрызантэмы падабраны па колерах так, што ствараюць прыгожыя мудрагелістыя ўзоры. І кожны «дыван» не паўтарае папярэдні. «Гэтыя кветкі вытрымаюць і першыя замаразкі, – гаворыць гаспадар. – Могуць цвісці яшчэ некалькі тыдняў».

Восень дадала ўзорыстым кветнікам залатых і чырвоных фарбаў лісця, зялёнага аксаміту травы, чыстага блакіту неба – і наваколле здаецца казачным. Яго непаўторнасць дапаўняе лебядзіная сям’я, якая паволі плыве па гладзі сажалкі. У сям’і грацыёзных птушак вывяліся чацвёра птушанят – яны ўжо выраслі, і толькі шэрае апярэнне нагадвае, што ім яшчэ належыць ператварыцца ў белых прыгажуноў. Айцец Часлаў паказвае любімае месца адпачынку каралеўскіх птушак – драўляны пірс, прыладжаны да берага спецыяльна для крылатых сяброў. На росіцкай сажалцы з’явіўся і востраў – таксама рукатворны. Вадаём пашыраўся так, што быў створаны спачатку «паўвостраў», а затым пракапаны канальчык, які аддзяліў яго ад берага. Гаспадар думае, як прыгожа «абыграць» гэты ансамбль.
Разраслася і сям’я буслоў – гнёзды з’явіліся непадалёку ад вадаёмаў. Белакрылыя птушкі даўно адляцелі ў вырай, але абавязкова вернуцца ў родны край, да сваіх берагоў і святынь, як вяртаецца чалавек да таго, што дорага яго душы…
С. Аляксандрава.
Фота Ларысы Зайцавай.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *