Верхнядзвінцы клапоцяцца аб захаванасці ўраджаю

Актуально Экономика

На Верхнядзвінскім вытворчым участку ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» у гэтыя дні завяршаецца прыём збожжа новага ўраджаю. На ўчарашні дзень дзяржзаказ тут выкананы на 90 працэнтаў.
Усяго ўчастак павінен нарыхтаваць 5740 тон харчовай пшаніцы. На склады ўжо прынята 4660 тон. Першымі ў раёне выканалі дзяржзаказ хлебаробы СП «Верхнядзвінскі». Самы вялікі дзяржзаказ у раёне – 900 тон – «закрылі» аграрыі СП «Каханавічы».
З дня на дзень выканаюць план продажу сельгаспрадпрыемствы «Вужыца-Агра» і «Сакалоўшчына».

– Сёлетняя ўборачная пачалася раней, чым звычайна, і ідзе хуткімі тэмпамі, – адзначае начальнік участка Анатоль Ганус. – 14 ліпеня адправілі на камбінат хлебапрадуктаў апошні вагон пшаніцы леташняга ўраджаю, а 22 ліпеня пачалі прыёмку новага і літаральна за 10 дзён «набралі» 3800 тон збожжа.
– Сёлета надвор’е спрыяе аграрыям. Першыя 140 тон зерня прыйшлося дасушыць. Затое астатняе паступае з дапушчальнай вільготнасцю, – працягвае Анатоль Аляксандравіч. – Усё зерне, якое паступае на ўчастак, – харчовага трэцяга і чацвёртага класаў. Хлебам могуць пахваліцца працаўнікі СП «Асвейскі» і ААТ «Бялькоўшчына», якія паставілі пшаніцу толькі трэцім класам.
Сёлета на ўчастку занята шэсць адзінак на адвозцы – гэта машыны ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Па заяўках сельгаспрадпрыемстваў яны дастаўляюць хлеб на ўчастак. Прама на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў здавалі збожжа ААТ «Антонава-Агра», «Нурава», «Прудзінкі», СП «Лявонішана» і «Боркавічы». Гэта прыкладна 40% ад дзяржзаказу раёна, які складае 9 тысяч тон.


Працэс наладжаны так, каб здача хлеба праходзіла без затрымак. Уваходны кантроль якасці зерня ажыццяўляе лабараторыя. Пад кіраўніцтвам старшага тэхніка-лабаранта Кацярыны Кайро працуюць тэхнікі-лабаранты Яна Мазнёва і Аляксандра Ганус. Яны праводзяць экспрэс-аналіз збожжа – вызначаюць натуральную вагу, колькасць і якасць клейкавіны, вільготнасць. Дзеліцца сакрэтамі «хлебнай» справы Надзея Быкава, якая адпрацавала на ўчастку амаль 20 гадоў.
На аўтаразгрузчыку заняты Уладзімір Сушкевіч і Уладзімір Казлоў. У сезон на дапамогу прыйшлі Андрэй Нілаў, Канстанцін Якаўлеў і Пётр Шкецін. Даводзіць збожжа да патрэбнай кандыцыі аператар зернесушыльнага комплексу Уладзімір Корбут. Немалы фронт работ «закрываюць» дапаможныя рабочыя Наталля Балтрушэвіч і Галіна Ярмак.
– Асноўная наша задача – прыёмка, сушка і захоўванне зерня для наступнай перапрацоўкі на камбінаце, – гаворыць Анатоль Аляксандравіч. – Зберагчы збожжа – задача не з лёгкіх, але работнікі ўчастка паспяхова з ёй спраўляюцца.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *