Верхнядзвінцы прымуць удзел у шэсці «Беларусь памятае»

Память

Мікалай Крук разам з сям’ёй штогод удзельнічае ў акцыі «Беларусь памятае». Ён нясе партрэт бацькі-франтавіка Мікалая Васільевіча Крука.

Па ўспамінах сына, Мікалай Васільевіч быў адважным чалавекам. Аднак падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўспамінаў неахвотна. Сведкамі тых часоў засталіся медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі» і раненні, якія непакоілі франтавіка ўсё жыццё. Аднак у спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны кнігі «Памяць» Міёрскага раёна, адкуль родам франтавік, яго прозвішча не было занесена. Пасля смерці бацькі дзеці пачалі пошукавую работу. Дзякуючы сваячцы ўдалося атрымаць дакументы з ваеннага архіва ў Санкт-Пецярбургу. Яны сведчаць, што «Загадам па 1254 стралковаму ордэна Аляксандра Неўскага палку 378 стралковай Наўгародскай Чырванасцяжнай дывізіі №01-н ад 4 студзеня 1945 года стралок 2-й стралковай роты радавы Крук Мікалай Васільевіч узнагароджаны медалём «За адвагу». За тое, што ён у перыяд баявой наступальнай аперацыі ў раёне латвійскага хутара 21 снежня 1944 года першым узняўся ў атаку, натхняючы байцоў. Уварваўся ў нямецкія траншэі, расстрэльваючы на сваім шляху ворагаў, настойліва рухаўся наперад. Асабіста забіў 2 нямецкіх салдат».
Тут жа – сціплыя звесткі пра радавога: 1922 года нараджэння, беспартыйны. Быў паранены 14 верасня.
– На той момант бацьку было ўсяго 23 гады, – гаворыць Мікалай Крук. – Ці змог бы сёння малады чалавек у такім узросце ўзняцца ў атаку, ахвяруючы жыццём?
А 7 студзеня 1945 года на Крука Мікалая Васільевіча, гвар-дыі радавога і кулямётчыка, падпісаны ліст да ўзнагароджання медалём «За баявыя заслугі». Гэты дакумент сведчыць, што воін быў з 19 кастрычніка 1943 да 28 ліпеня 1944 партызанам 4-й Беларускай партызанскай брыгады, у часці служыць з ліпеня 1944 і мае тры раненні – у жніўні, верасні і снежні 1944-га. Актыўны ўдзельнік баёў за Рыгу.
Пасля дэмабілізацыі бацька вярнуўся на радзіму, стварыў сям’ю, меў шасцярых дзяцей.
– Бацька працаваў на розных работах, нягледзячы на старыя раненні, – расказвае Мікалай Крук. – З раны на назе ў 1956-м выйшаў асколак з боб велічынёй. Гэтая ж нага была пакалечана бервяном, калі з іншымі калгаснікамі нарыхтоўваў лес для гаспадаркі. Вось тую траўму мірнага часу бацька-франтавік не перажыў – падкасіла гангрэна ў 1968-м. Маці надоўга перажыла яго, памерла ў 91 год.
Працоўныя справы бацькоў працягнулі дзеці – Вера, Валянціна, Дзмітрый і Мікалай, двайняты Аркадзь і Леў.
Мікалай Крук жыве з сям’ёй у Верхнядзвінску. Зараз ён на пенсіі, а да гэтага працаваў машыністам аўтагрэйдэра ў філіяле Верхнядзвінскага ДРБУ №143, двойчы заносіўся на раённую Дошку гонару. З жонкай Валянцінай узялі шлюб у 1982 годзе, нарадзілі сына і двух дачок, маюць пецярых ўнукаў.
Удзел Мікалая Крука у акцыі «Беларусь памятае» – толькі маленькая рэшта сапраўднай удзячнасці тым, хто цаной свайго жыцця падарыў нашчадкам мірнае неба над галавой.
– Хачу, каб ведалі і памяталі нашы дзеці і ўнукі пра падзеі таго жудаснага часу, каб перадалі гэтую памяць сваім нашчадкам.
Дзякуючы сабраным звесткам, пры падрыхтоўцы другога тома кнігі «Памяць» прозвішча Мікалая Васільевіча Крука бу-дзе занесена ў спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *