Тэма тыдня: Візіт Лукашэнкі ў Азербайджан

Общество Тема недели

Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан адбыўся 13-14 красавіка.

Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў правялі дзве сустрэчы. Адна з іх адбылася адразу пасля прыбыцця беларускага лідара ў Баку, перагаворы доўжыліся амаль пяць гадзін. У нефармальнай абстаноўцы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі асноўныя напрамкі беларуска-азербайджанскіх адносін і стратэгічныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Афіцыйная частка перагавораў адбылася 14 красавіка. Сустрэча прэзідэнтаў прайшла ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый. Асноўная ўвага была ўдзелена пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і напаўненню супрацоўніцтва новым зместам. Бакі разгледзелі пытанні прамысловай кааперацыі, рэалізацыю бягучых і перспектыўныя праекты ў галіне вытворчасці і паставак прадуктаў харчавання, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Былі закрануты і не менш актуальныя тэмы: супрацоўніцтва ў ахове здароўя, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і турыстычнай сферах. Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся  меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве ў турызме, энергетыцы і нафтавай галіне.

Лукашэнка: перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Азербайджана не можа ні адна пандэмія

Перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Азербайджана не можа ні адна пандэмія. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

«Напэўна, наша сустрэча ў нейкай ступені прагучыць рэфрэнам на фоне гэтых усіх падзей: пандэміі і іншага. Але сапраўдныя сябры не адкладваюць на доўгі час тыя мерапрыемствы, якія трэба правесці своечасова. Перашкодзіць гэтаму не можа ні адна пандэмія», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што краіны дыверсіфікавалі свае адносіны ў палітыцы і эканоміцы і «яны абсалютна нічым не абцяжараны». «Мы нікому не перашкаджаем і нам ніхто стараецца не перашкаджаць. Таму што калі ты хочаш нешта зрабіць, то цяжка гэтаму перашкодзіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта добры вынік з пункту гледжання дынамікі.

«Што датычыцца нашых палітычных адносін, цяжка сказаць, чаго нам не хапае. У нас бліскучыя адносіны. І я гэтым заўсёды ганаруся. Мы аднавілі самыя цёплыя адносіны з часоў Савецкага Саюза па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў падтрымку з боку Беларусі ў аднаўленні закранутых нядаўнім канфліктам тэрыторый. «Мы ўчора аб гэтым вельмі доўга гаварылі. Я вельмі рады, што вы як сапраўдны сябар беларускага народа разумееце, што наперадзе ой колькі яшчэ работы. Цяжкай работы, мірнай работы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І вы павінны ведаць, што ў Беларусі — вашы надзейныя сябры. Нашы магчымасці вы ведаеце. Мы сёння з міністрамі, спецыялістамі яшчэ раз абмяркуем. Калі мы дамовімся (у нас заўсёды так было), мы заўсёды рэалізуем нашы дамоўленасці».

«Вельмі тонкае пытанне» — Лукашэнка прапанаваў Аліеву паглыбіць супрацоўніцтва ў нафтавай галіне

 

У час сустрэчы кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць свайму азербайджанскаму калегу за падтрымку Беларусі ў сферы паставак вуглевадароднай сыравіны.

«Нам, можа, трэба недзе разгледзець пытанне паглыблення адносін менавіта ў гэтай сферы. Вельмі, зразумела, тонкае і далікатнае па прычыне таго, што Беларусь размешчана ў эпіцэнтры эканамічных і палітычных падзей. Але тым не менш няма невырашальных пытанняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Азербайджан дамовіліся перайсці на новую стадыю кааперацыі ў эканамічным супрацоўніцтве

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з журналістамі пасля перагавораў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час перагавораў 13 і 14 красавіка бакі правялі грунтоўную рэвізію адносін. Быў пацверджаны стратэгічны характар адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам і канстатавана адсутнасць праблем або разыходжанняў у меркаваннях па міжнародным парадку дня.

«Нашы ацэнкі абстаноўкі ў свеце цалкам супадаюць. Ёсць яснасць адносна далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах крызісу сусветнай эканомікі, пандэміі і, самае галоўнае, неадназначных прагнозаў на перспектыву», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што апошнім часам краіны значна рушылі наперад у адносінах.

У час перагавораў шмат увагі было ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і пераходу на новую стадыю кааперацыі. Размова ідзе аб трансферы тэхналогій і адкрыцці ў Азербайджане новых сумесных прадпрыемстваў: для стварэння неабходных вытворчасцей і новых рабочых месцаў. «Мы гатовы падставіць сваё плячо і зрабіць гэта адказна», — заявіў Прэзідэнт.

Вялікі патэнцыял для кааперацыйных сувязей беларускі бок бачыць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, інфармацыйных тэхналогіях, ахове здароўя, турызме, адукацыі. Добрыя перспектывы бачацца ў паглыбленні ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай і ваенна-прамысловай сферах.

Бакі таксама прааналізавалі, як развіваецца пандэмічная сітуацыя ў свеце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва, для гэтых мэт будуць выкарыстоўвацца створаныя ў краіне па расійскіх тэхналогіях прэпараты. Аднак увесь аб’ём вырабленых вакцын Беларусь спажыць не зможа, таму іх гатовы экспартаваць, у тым ліку і ў Азербайджан. «Гэта было ўспрынята не толькі станоўча, але і з пэўнай надзеяй», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Ільхама Аліева ў Беларусь, дадаўшы, што некаторыя пункты праграмы яго візіту ўжо былі намечаны. «Мы заўсёды былі і застанёмся надзейнымі сябрамі вашай краіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Беларусь шчыра вітае дамоўленасці аб спыненні ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху — Лукашэнка

«Мы шчыра вітаем дамоўленасці аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у зоне нагорнакарабахскага канфлікту. Гэта важнае палітычнае рашэнне, якое павінна стаць асновай трывалага міру ў рэгіёне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — З чым я хачу павіншаваць народ Азербайджана і народ Арменіі — з заканчэннем гэтай страшнай трагедыі, якая доўжылася 30 гадоў».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго пазіцыю ведаюць і ў Азербайджане, і ў Арменіі.

«Дай бог, каб выраўнялася гэта бяда, каб не было нейкіх асколкаў у душы і сэрцы ў армянскага і азербайджанскага народаў. У чым я ўпэўнены: з боку майго сябра і брата ніякага звядзення рахункаў, помсты не будзе», — заявіў Прэзідэнт.

Ільхам Аліеў у сваю чаргу заявіў, што Азербайджан нацэлены на ўмацаванне мер даверу ў адносінах з Арменіяй. «Мы разлічваем, што Беларусь як наш сябар, правераны партнёр прыме актыўны ўдзел не толькі ў аднаўленні тэрыторый. Беларусь як партнёр Арменіі, краіна, якая разам з ёй з’яўляецца членам ЕАЭС і АДКБ, і як краіна, якая з’яўляецца блізкім сябрам Азербайджана, можа адыграць важную ролю і ў наладжванні кантактаў паміж Арменіяй і Азербайджанам», — дадаў ён.

Аліеў: адносіны Беларусі і Азербайджана цалкам свабодныя ад усякіх праблем

Адносіны Беларусі і Азербайджана цалкам свабодныя ад усякіх праблем. Аб гэтым Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Азербайджанскі лідар адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі паспяхова развіваецца як у палітычнай сферы, так і ў эканоміцы. Паводле яго слоў, беларуска-азербайджанскім сувязям была нададзена такая дынаміка, што развіццё ідзе па ўсіх напрамках.

«Нашы ўзаемныя візіты маюць рэгулярны характар. Гэта ўсё сведчыць аб цесным палітычным узаемадзеянні, высокім узроўні даверу паміж краінамі і нацэленасці на вынік, — заявіў Ільхам Аліеў. — У нас адносіны цалкам свабодныя ад усякіх праблем. Нашы рэгулярныя кантакты дазваляюць проста падводзіць вынікі зробленага, намячаць наступныя крокі і рухацца наперад як два сябры, партнёры».

Як паведамлялася, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіла ў Палацы Прэзідэнта Азербайджана «Загульба», які з’яўляецца часткай яго рэзідэнцыі, размешчанай у аднайменным пасёлку за 40 км ад Баку. Прэзідэнцкі палац знаходзіцца на беразе Каспійскага мора і прызначаны для правядзення афіцыйных сустрэч і перагавораў.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў правялі працяглую нефармальную сустрэчу.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *