Калектыў ААТ «Шайцерава» занесены на абласную і раённую Дошкі гонару

Актуально Общество

Па выніках работы за 2020 год калектыў ААТ «Шайцерава» занесены на абласную і раённую Дошкі гонару, прызнаны пераможцам спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў сярод арганізацый сельскай гаспадаркі вобласці.

Сёння ААТ «Шайцерава» займае трывалыя пазіцыі сярод сельгасвытворцаў вобласці – прыбытак ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг у мінулым годзе склаў 2 млн 926 тыс. рублёў, узровень рэнтабельнасці – 15,3%.
У чым сакрэт высокіх паказчыкаў гаспадаркі? Міхаіл Гумнянкоў, які кіруе гаспадаркай 16 гадоў, упэўнены: поспех дасягнуты дзякуючы строгаму выкананню тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, старанню калектыву, у якім 362 работнікі і кожны – прафесіянал сваёй справы.
У «Шайцерава» намагаюцца не адставаць ад новых тэхналогій, беражліва і па-гаспадарску падыходзяць да фінансаў. Робяць стаўку на кармы, павышаюць іх якасць, асноўную выручку атрымліваюць ад вытворчасці малака і свінагадоўлі, паспяхова вырошчваюць зерневыя і зернебабовыя, рапс.
У 2020 годзе рэалізавана 7037 тон малака, што на 329 тон больш папярэдняга года. Гатункам «экстра» рэалізавана 83% прадукцыі. Надой малака ад каровы перавысіў васьмітысячны рубеж і дасягнуў 8720 кілаграмаў.
У свінагадоўлі валавыя прывагі склалі 4282 тоны, сярэднесутачныя на вырошчванні і адкорме – 643 грамы. За 2020 год атрымана 41844 галавы прыплоду.
Узведзены новы мясаперапрацоўчы цэх, дзякуючы якому павялічана вытворчасць прадукцыі да 5,5 тоны, вядзецца поўная перапрацоўка сыравіны ў гатовую прадукцыю, у тым ліку субпрадуктаў.
У мінулым годзе назапашана травяністых кармоў 30,5 ц.к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы пры заданні 28,4. Намалочана 9221 тона зерневых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 38,2 цэнтнеры з гектара, атрымана 1144 тоны масланасення рапсу пры ўраджайнасці 29,4 ц/га.
Машынна-трактарны парк папоўніўся зернеўбо-рачнымі камбайнамі New-Holland і КЗС-1218, пасяўным комплексам, культыватарам і іншай тэхнікай.
На дасягнутым сельгасвытворцы не спыняюцца. Каб і далей стабільна працаваць, неабходна павялічыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, атрымаць запланаваны ўраджай зерневых і зернебабовых, масланасення рапсу. Пры гэтым шайцераўцы нацэлены на зніжэнне выдаткаў, павышэнне прадуктыўнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі. Атрыманы дадатковы фінансавы вынік пойдзе на далейшае развіццё вытворчасці і павышэнне заробку людзей.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *