Чаму вучыць жывая гісторыя

Актуально Наш край

 

І вось мы, родная старонка,
Зноў сустракаемся з табой…
Аклікнуць хочацца мне звонка:
Дзень добры, край Асвейскі мой!

У Асвейскім ГДК адбыўся тэматычны вечар «Зямля Асвейская святая», прысвечаны гісторыі і сённяшняму дню роднага краю.
Кожны чалавек любіць сваю Бацькаўшчыну, незалежна ад велічы і хараства прыроды, багацця і славы, заможнасці і дабрабыту, якімі яна адорвае сваіх сыноў. На самай поўначы Беларусі паблізу ад мяжы з Латвіяй і Расіяй на беразе вялікага возера размясціўся пасёлак гарадскога тыпу Асвея. «Паўночная жамчужына» – так назвалі Асвею нашы продкі. І сёння яна не страціла сваёй прывабнасці і загадкавасці. Асвейскі край – сваеасаблівае і ўнікальнае мястэчка, дзе на працягу стагоддзяў выпрацоўваліся свае традыцыі, духоўныя каштоўнаці, у якіх адлюстраваны асаблівасці мясцовага жыцця з самых далёкіх часоў.
Вядучая І.У. Шаўчэнка расказала гледачам пра гісторыю пасёлка, а бібліятэкары Н.Ф. Статун і Г.Э. Радзюк паведалі пра жудасную старонку яго жыцця, вядомую чалавецтву як «Асвейская трагедыя».
Не было на беларускай зямлі мясціны, якая перажыла такую страшную знішчальную карную экспедыцыю, як былы Асвейскі раён. 16 лютага 1943 года фашысцкія акупанты сагналі ў касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак, а праз некалькі дзён спалілі іх зажыва. У полымі загінула 700 чалавек – старых, жанчын, дзяцей. Так пачалася трагедыя ўсёй Асвейскай зямлі. У выніку блакады, якая доўжылася паўтара месяца, у Асвейскім раёне былі знішчаны 158 населеных пунктаў, многія – з людзьмі. З 21 тысячы жыхароў на папялішчы вярнуліся толькі шэсць з паловай. Яны і ўзяліся адраджаць свой край з руінаў.
Памятаць аб тым, што перажылі нашы продкі ў гады вайны, не дапусціць на родную зямлю разгулу нянавісці і фальшы, падмены каштоўнасцяў, як спрабуюць зрабіць сённяшнія неанацысты, – абавязак сучаснага пакалення. Наша гісторыя дае такія ўрокі, перад якімі бяссільныя іншыя аргументы. Бібліятэкары прэзентавалі на мерапрыемстве выставу кніг пісьменнікаў Верхнядзвіншчыны аб Вялікай Айчыннай вайне. Пакуль будуць чытаць іх людзі, асабліва дзеці і моладзь, мы ўтрымаем такія каштоўнасці, як мір і спакой на сваёй зямлі.
Маленькія прадстаўнікі Асвейскай СШ расказалі пра вучобу, пазакласныя заняткі, дзе даведваюцца аб гісторыі роднага краю. А малады спецыяліст, настаўнік гісторыі А.М. Пахомава падзялілася сваімі ўражаннямі ад пасёлка, куды прыехла працаваць, аб дасягненнях сваіх таленавітых вучняў.
Упраўляючы справамі Асвей-скага сельскага Савета дэпутатаў Г.Ф. Зінкевіч паведаміла землякам аб тым, што зроблена ў Асвеі за апошнія гады і што плануецца ажыццявіць у бліжэйшы час. Змены да лепшага відавочныя: рэалізуецца план аднаўлення пасёлка, добраўпа-радкоўваюцца вуліцы і тэрыторыі, абсталёўваюцца зоны адпачынку, якія прыцягваюць у Асвею турыстаў. А неўзабаве адкрыецца перапрацоўчае прадпрыемства, дзе з’явяцца новыя рабочыя месцы, а значыць, будуць затрымлівацца маладыя людзі.
На працягу вечара гучалі песні, прысвечаныя роднаму краю, у выкананні вакальнага гурта «Вясёлы настрой» Асвейскага ГДК, а таксама вершы мясцовых паэтаў пра сваю маленькую радзіму.
А. Жорава,
культарганізатар Асвейскага ГДК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *