У раёне пачаўся пашавы перыяд

Актуально Жизнь сельских Советов

У раёне стартаваў пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы – час, калі гаспадаркі маюць магчымасць павялічыць надоі і атрымаць якаснае і таннае малако.

У ААТ «Сакалоўшчына» першым выгналі ў поле дойны статак з МТФ «Лаўрукі-3», дзе атрымліваюць чвэрць ад агульнага аб’ёму малака гаспадаркі. За апошнія тры месяцы на ферме надоена 242 тоны 187 кілаграмаў малака.
– Каб не дапусціць спаду прадуктыўнасці жывёлы, пераход на пашавы рэжым праводзіцца паступова, – расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля Шамшур. – Перад выпасам, напрыклад, ажыццяўляецца падкормліванне сенам і канцэнтратамі.
Загадзя праведзены неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы – абрэзка капытоў і рагоў, апрацоўка ад паразітаў. Наладжана і абсталяванне: перасоўныя даільныя ўстаноўкі, станкі для штучнага асемянення жывёлы, ёмістасці для малака і водапаення, печкі для падагрэву вады. Не забыліся пра электраправодку і перасоўныя бытавыя памяшканні для работнікаў.
– Пашы таксама своечасова прабаранаваны, падкормлены, – расказвае Наталля Алегаўна. – Травастой яшчэ толькі фарміруецца, таму робім разлік сутачнай патрэбы ў пашы і колькасці загонаў. Напрыклад, за суткі, у залежнасці ад травастою, можам зрабіць да 10 загонаў: галоўнае, каб каровы як мага хутчэй з’елі маладую траву, а не вытапталі зялёныя кармы.
Жывёла знаходзіцца на агароджаных участках палёў пад кругласутачным наглядам пастухоў – братоў Андрэя і Аляксея Руткоўскіх, Віктара Шаламава. Два разы на дзень для жывёлаводаў дастаўляюцца абеды і падвячоркі. 250 галоў абслугоўваюць аператары Наталля Руткоўская, Святлана Ламінская, Ірына Рудкевіч-Малашонак і Таццяна Піскун.
– Аплата працы напрамую залежыць ад надояў малака, работы ў начны час, прыняцця прыплоду і ўдзелу ў выяўленні кароў у ахвоце, – працягвае Наталля Шамшур.
За ўсімі этапамі наладжаны кантроль. Зараз, напрыклад, на полі знаходзяцца брыгадзір Таццяна Маісеева і інжынер па працаёмкіх працэсах Анатоль Хмяльніцкі, якія своечасова вырашаюць узнікаючыя праблемы. Падчас даення пастаянна прысутнічаюць галоўны ветурач Людміла Матузава і галоўны заатэхнік Наталля Шамшур.
– Выйшлі на пашу – не значыць, што забыліся пра фермы, – працягвае Наталля Алегаўна. – Пасля выгану жывёлы ў поле адразу правялі ачыстку памяшканняў ад арганікі, каб у далейшым нічога не замінала рамонту, вапнаванню і дэзінфекцыі, якую правядуць спецыялісты райветстанцыі. Немалаважная акалічнасць – навядзенне парадку на тэрыторыях ля ферм.
У пашавага ўтрымання кароў ёсць мноства пераваг. Сакавіты зялёны корм, сонечныя прамяні, свежае паветра і рух спрыяльна ўплываюць на здароўе буронак, а значыць – быць малаку!
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *