КРОКІ ВЫЗВАЛЕННЯ. СТАРОНКІ БАЯВОГА ШЛЯХУ 813 СТРАЛКОВАГА ПАЛКА

Беларусь помнит!

 

Пасля жорсткіх баёў па вызваленні Полацка савецкія дывізіі рушылі напорыстым маршам на захад, да межаў Латвіі, дзе іх чакалі моцныя варожыя ўмацаванні. Але і на гэтым адрэзку шляху нашым салдатам сустрэліся цяжкія рубяжы рэк Дрыса, Вужыца, Сар’янка, якія сустракалі наступоўцаў шквалам агню з высокіх зарэчных берагоў.

   У ліку дзясятка дывізій на напрамку галоўнага ўдару з баямі ішла і 239-я, у складзе якой ваяваў 813-ы стралковы полк. У архівах захаваўся дзённік баявых дзеянняў палка. Мы прагартаем толькі тыя яго старонкі, якія апісваюць крокі вызвалення нашых мясцін на доўгім шляху палка ад Пскоўшчыны да Паўднёвай Саксоніі, да Перамогі. На верхнядзвінскай зямлі пахавана 65 воінаў гэтага палка – хлопцаў, прызваных большай часткай ува Ўкраіне, а таксама на Урале і ў Сібіры, у Паволжы і Сярэдняй Азіі  і палеглых у баях каля вёскі Забор’е на подступах да Боркавічаў.

 

5.07.44 г. Днём – купанне ў р. Палата, заняткі па баявой падрыхтоўцы, галоўным чынам стральба з тымі, хто дрэнна страляе, і фарсіраванне ракі. Нанач размясціліся на адпачынак, арганізаваўшы варту.

6.07.44 г. На працягу дня – адпачынак, заняткі, галоўным чынам па фарсіраванні ракі, чыстка зброі, гармонік, песні. У 20.30 загадана выступаць на марш; маршрута дакладнага не далі: здзяйсняць марш да сутыкнення з праціўнікам (арыентоўна да в. Старынцы).

Наперад была выслана галаўная паходная застава. Выйшлі на марш з песнямі, на здзіўленне і радасць для сустрэтых беларускіх жыхароў, якія выходзілі з лясоў да сваіх хат.

7.07.44 г. Пройдзена: Зялёны Гарадок, Баравуха 1-я, Старынцы. Чуецца аддаленая артылерыйская стральба. У 8.00 засяродзіліся ў лесе на беразе прыгожага возера ля в. Падазерцы. Артылерыя праціўніка б’е недзе блізка: немцы, відаць, пасля Полацка замацаваліся тут.

Да вечара атрымана задача: выявілася, што на нашым участку няма нашых войск, і нашаму палку загадана ў ноч на 8.07.44 г. выйсці на зыходны рубеж для наступлення. З надыходам цемры батальёны пачалі рух. Стрэчныя жыхары паказалі, што немцы займаюць в. Забор’е і лес на поўнач ад вёскі, дзе яны будуюць “бункеры”. Падчас руху параніла камандзіра 2-й кулямётнай роты.

8.07.1944 г. Разведка пацвердзіла сведчанні мясцовых жыхароў пра немцаў. Рэшткі 24 палявой дывізіі праціўніка займаюць прамежкавы рубеж перад Забор’ем і па ўзлеску на  поўнач.

Да ранку полк быў гатовы да наступлення. На працягу дня працягвалі актыўную  разведку сіламі па адным узмоцненым стралковым  узводзе ад батальёна. Да канца дня стала прыкладна зразумелай агнявая сістэма праціўніка: кулямётныя гнёзды на ўскраіне Забор’я і на ўзлеску. Рэдкі артылерыйска-мінамётны агонь і кулямётная перастрэлка працягваліся да наступлення цемры.

   9.07.44 г. 6.00. Артпадрыхтоўка, пасля якой дзве стралковыя роты пайшлі ў наступ, але, сустрэтыя моцным кулямётным і адсякальным мінамётным агнём, залеглі. Але батальёны тымчасам паспелі прасунуцца, палепшыўшы свае пазіцыі.

Да вечара – распараджэнне са Штадыву: змяніць правага суседа – 511 сп, расцягнуўшы правы фланг палка. На працягу ночы адбывалася перамяшчэнне падраздзяленняў направа, і да ранку полк заняў участак працягласцю 4,5 км па фронту; канкрэтна: шаша ПдЗ Жмакі 1 км, мост 0,2 км Пн Піскунова і далей на поўдзень па ўзлеску, усходней Забор’я 0,7 км.

10.07.44 г. Рэдкая артылерыйская перастрэлка. Праціўнік страляе налётамі. Рэдка – кулямётныя чэргі. У 16.50 група салдат праціўніка да 40 чал. нечакана рушыла на правы фланг, але агнём нашай пяхоты была рассеяна.

Да ночы – невялікае ажыўленне: артылерыя з абодвух бакоў адкрыла перастрэлку.

   11.07.44 г. На золку выявілася, што праціўнік пачаў адыходзіць. Адразу было арганізавана пераследаванне яго ў паўночна-заходнім напрамку, на м. Боркавічы. Асобныя групы аказвалі нашым падраздзяленням супраціў, галоўны чынам у лесе на правым флангу, але роты 2-га батальёна без затрымкі ліквідавалі гэты супраціў, захапіўшы асобных салдат у палон (выявілася – “уласаўцы”).

У 8.00 перадавыя падраздзялнні ўварваліся ў м. Боркавічы, а праз гадзіну ўжо ўвесь полк замацаваўся на паўднёвым беразе ракі Дрысы на ўчастку Дворыца – лесапілка – мост ПдУ Буракова. Праціўнік толькі праз гадзіны 1,5 прывёў сябе ў парадак і адкрыў моцны артмінагонь па Боркавічах, Дворыцы, але наша пяхота і штабы былі ўжо ў сховішчах, і страт амаль не было.

На ст. Боркавічы апынуліся захопленымі наступныя трафеі:

1.Склад з мукой

  1. Склад з соллю (каля 20 тон)
  2. Склады і вагоны з будпіламатэрыяламі
  3. 8 вагонаў рэек лёгкіх і каля 100 тон калючага дроту.

Агульная колькасць палонных, захопленых падчас пераследавання, склала 28 чал., галоўным чынам “уласаўцы”.

Каля 1000 чал. мірнага насельніцтва і 9 населеных пунктаў вызвалены ад немцаў.

12.07.44 г. Працягваючы пераслед у паўночна-заходнім напрамку, ранкам  паспяхова фарсіравалі р. Дрысу ў раёне 1 км на ўсход ад платф. Беніслаўскага і галоўнымі сіламі засяродзіліся на яе правым беразе ў лесе 1 км на захад ад в. Новы Свет (Княжыцы), а перадавы атрад – узмоцнены 1-ы стралковы батальён – працягваў пераслед у напрамку да Антонава і далей на паўночны захад да ракі Свольна ў раёне Заточча – Пользіна.

У 16.00 ад 1-га сб атрымана радыёграма: сустрэў агнявы супраціў у р-не Заточча. Раку фарсіраваў, замацоўваюся. У 17.00 галоўныя сілы выступілі на марш праз платф. Беніслаўскага, Грулева, Трэскавічы, Балоціна, Абухава, дзе і засяродзіліся да 24.00. Яшчэ 13 вёсак і чыг. станцыя Беніслаўскі вызвалены ад захопнікаў.

13.7.44 г.  У 4.30, хуткім  маршам выступіўшы з Абухава праз Нікіфараўцы, Пользіна і злучыўшыся з 1-м батальёнам, полк працягнуў пераслед. У 5.30 дасягнулі ўскраіны Самулешкава; нягледзячы на тое, што ўсе дарогі і масты былі старанна  (з нямецкай акуратнасцю!) ўзарваны, полк у 11.30 насцігнуў праціўніка на рубяжы Гараваткі – Бузова, дзе завязаўся ўпарты бой. 1-ы батальён развярнуўся на ўскрайку гаю для ўдара на адзн. 131.2; 2-і батальён ужо быў на паўднёва-ўсходняй ускраіне Бузова; атакі выш. 131.2 не мелі поспеху, выклікалі толькі страты.

    14.07.44 г. 13.15. Праціўнік сілай да роты контратакаваў, але панёс страты і адкаціўся. На працягу дня тры разы адбівалі контратакі пяхоты праціўніка пры падтрымцы артылерыі і мінамётаў. КП палка перамясціўся з Казлоўшчыны ў Стрыжано. Утвораны разрыў у сутыку з правым суседам – 648-м сп 200-й сд – дазволіў праціўніку арганізаваць фланкіраваны агонь па нашым 1-м сб. Страты за дзень склалі 65 чал. раненымі, 12 – забітымі.

   15.07.44 г. Перад світанкам дзейнічалі дзве разведгрупы: адна – на 10 чал. – была падпушчана да траншэй праціўніка і трапіла пад кінжальны агонь; страціўшы 4 чал., вярнулася. Другая група з 5 чал. была ў засадзе, але захапіць нікога не здолела. У 15.30 згодна з загадам 1-ы б-н зноў пачаў наступ на выш. 131.2, але залёг пад моцным кулямётным і аўтаматным агнём.

Страты: 7 чал. забітымі, 34 параненых. Да зыходу дня ў штаб прыбылі прадстаўнікі 387-га асобнага артылерыйска-кулямётнага батальёна для змены нашых падраздзяленняў. У 23.00 прыступілі да перадачы ўчастка.

   16.7.44 г. У 5.00 выйшлі на марш: Бузова – Стрыжано – Каркалец, і ў 8.00 засяродзіліся ў лесе за 0,3 км на ўсход ад в. Карабы. 2-і б-н заняў зыходнае становішча для наступу па правым беразе р. Ужыца на паўночны захад ад в. Карзуны. Рэдкая артылерыйска-мінамётная перастрэлка. Да ночы паступіў загад: перадаць участак 69-му сп 21-й гв. сд. Полк засяродзіўся ў яры за 1 км на поўнач ад в. Карабы.

17.7.44 г. Праціўнік нечакана адышоў у паўночна-заходнім напрамку. Полк працягваў пераслед і, уступіўшы ў бой з ар’ергардамі праціўніка ў 16.00 на рубяжы в. Ходараўшчына, збіў праціўніка і ў 19.30 фарсіраваў р. Сар’янку ў р-не Вял. Абухава – могілкі. 11 населеных пунктаў засталіся ззаду.

18.7.44 г. Працягваючы пераслед у напрамку Запасішкі, з надыходам цемры і ў лесе крыху расстсроіліся баявыя парадкі палка: была страчана сувязь з з 1-м б-нам. У Запасішках штаб запрасіў 1-ы сб па радыё абазначыць сваё месцазнаходжанне зялёнай ракетай. Праз хвіліну ў начной цемры, шыпучы, узвілася ракета і ўпала побач са штабам, выклікаўшы агульны смех: 1-ы батальён знайшоўся за 100 м ад штаба!

На золку пасля паверкі асабовага складу полк калонай рушыў на Кавалеўшчыну – Папоўшчыну – Нов. Маразы – Стар. Маразы – Спругі. Ля в. Кулакова, за 4,5 км ад мяжы Латвійскай ССР, у 13.00 адбыўся невялікі мітынг, прысвечаны хуткаму ўступленню ў Латвію. З прыўзнятым настроем выслухалі воіны-вызваляльнікі 813-га сп простыя прамовы свайго камандзіра, маёра Чупрына, і нам. па палітчастцы падпалкоўніка Калесніка.

У 17.00 полк перайшоў граніцу Латвійскай ССР у р-не в. Янелева і засяродзіўся ў лесе за 1 км на захад ад вёскі.

Здалёк даносіцца рэдкая артылерыйская стральба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *