Сёння – Дзень роднай мовы

Наш край

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых  праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Максім Танк.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымання нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэння права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Усяго ў свеце налічваецца больш за сем тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання тых, што знікаюць, найперш і абвешчаны Дзень роднай мовы – каб пра іх успомнілі і загавырылі.
Гэта нагода і для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую завём матчынай мовай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова. Няхай нават сёння яна – распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра не трапіць у спіс тых, якія могуць знікнуць.
Таму ў гэты дзень ёсць яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам, мова якіх мае багатую гісторыю. Даўней беларуская мова была адной з самых вядомых усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы.
Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. Успомнім, што ў 1517 годзе ў Празе доктар навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.
Беларусь ганарыцца творцамі, якія пісалі на роднай мове і ўзбагацілі яе палітру новымі фарбамі. Класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк, Змітрок Бядуля, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і іншыя праславілі беларускую мову ў свеце і перадалі нашчадкам багатую моўную спадчыну.
«Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет», – пісаў Якуб Колас. Не даць гэтай крыніцы засохнуць, напаўняць яе жыватворнай сілай – справа гонару кожнага беларуса. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў нашым раёне ладзяцца розныя мерапрыемствы: у школах праводзяцца тыдні роднай мовы, ва ўстановах культуры – выставы і творчыя сустрэчы, грамадскія суполкі арганізоўваюць конкурсы і чытанні. Важна, каб увага да роднай мовы была пастаяннай, каб мы ведалі, шанавалі і выкарыстоўвалі яе ў паўсядзённым жыцці, памяталі, што менавіта мова – носьбіт нашай нацыянальнай адметнасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *