Баявы шлях дывізіі, якая вызваляла Асвейшчыну

Беларусь помнит!

У баях па вызваленні Асвейскага і Дрысенскага раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прынялі ўдзел 15 дывізій, некалькі танкавых брыгад і шэраг іншых вайсковых частак і падраздзяленняў. Цяжкія баі адбыліся на рубяжах рэк Дрыса, Вужыца, Сар’янка, на вышынях Асвейскай грады і на Каханавіцкіх прасторах.
Агульная карціна гэтых баёў у энцыклапедыях, даведніках і атласах паказана толькі некалькімі стрэлкамі-вектарамі заходняга кірунку. Але па картасхемах, распрацаваных штабамі дывізій і палкоў, спярэшчаных рознакаляровымі ўмоўнымі знакамі, можна прачытаць гісторыю аб нялёгкай, падчас драматычнай «працы» савецкай «вайсковай машыны» па выгнанні варожых полчышчаў.
Прачытайце ўсяго некалькі старонак з журнала баявых дзеянняў адной з дывізій – 319-й стралковай, якая ваявала ў ліпені 1944 на Верхнядзвіншчыне. Зацікаўлены можа адшукаць на картах атласаў названыя ў журнале вёскі, большасць якіх ужо не існуе, і, злучыўшы іх стрэлкамі, прасачыць баявы шлях гэтай дывізіі, якая сярод іншых прынесла нам вызваленне.

12.7.44 г. Часткі дывізіі працягвалі пераследваць праціў-ніка, збіваючы яго з прамежкавых пазіцый. 1336 стралковы полк (далей – СП) да 2.00 авалодаў Расонамі.
13 – 14.7.44 г. праціўнік працягваў адыход. Часткі дывізіі пераследвалі адыходзячага ворага ў кірунку Рудня, Зябкі Медунецкія (каля в. Лешня), Задзежжа, Забор’е. У 5.00 авангардны 1341 СП сустрэўся з праціўнікам у раёне Зайцава (зараз Стралкі). Разведчыкі артылерыі лейтэнанта Акаева далажылі, што праціўнік абстраляў разведгрупы пры падыходзе да Курылава. Наступнай выведкай было ўстаноўлена, што праціўнік арганізаваў абарону па лініі Лунёва, Пушчавыя, Чырвонцы. 1341 СП заняў зыходнае становішча для наступу трыма батальёнамі на паўночную ўскраіну Абрамава. Згодна з загадам камандзіра дывізіі абсталявалі зыходнае становішча для наступу, вывелі на агнявыя пазіцыі артылерыю і мінамёты, падвозілі боепрыпасы, арганізоўвалі сувязь з батальёнамі і ад батальёнаў да рот, вялі даразведку пярэдняга краю праціўніка і ўдакладнялі яго агнявую сістэму.
1336 СП і 1344 СП, ідучы за 1341 СП, да 6.00 выйшлі на паўночную ўскраіну в. Маскалёнкі. 1336 СП да 7.00 заняў зыходнае становішча для наступу на рубяжы Пушчавыя, Чырвонцы, 1344 СП заставаўся ў рэзерве камандзіра дывізіі.
У 16.00 1341 СП пры падтрымцы артылерыі і мінамётаў перайшоў у наступ з задачай прарваць абарону праціўніка на мяжы Лунёва, Папелушова, авалодаць в. Зайцава і працягваць пераслед праціўніка ў напрамку Асвеі ўздоўж шашы. Пасля кароткага артналёта па пярэднім краі праціўніка пяхота паднялася ў атаку, і ў выніку двухгадзіннага зацятага бою полк авалодаў вёскамі Лунёва, Курылава, Зайцава, Стралкі.
Смела і адважна дзейнічалі байцы і афіцэры батальёна капітана Жукава. Узвод лейтэнанта Кеніна першым уварваўся ў в. Зайцава. Сам Кенін ва ўпор застрэліў двух немцаў і двух узяў у палон. За смелыя і рашучыя дзеянні ўзвода ўсе прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Радавы Елісееў так сказаў пра свайго камандзіра: «З такім камандзірам не страшна ісці ў любы бой, ён нас не толькі вучыў як ваяваць, але і на справе паказаў, як трэба біць ворага».
Злева, дапамагаючы батальёну капітана Жукава, паспяхова наступаў батальён капітана Зенава. Рота, якой камандаваў лейтэнант Грашцоў, першай уварвалася на заходнюю ўскраіну Зайцава і выбіла немцаў з першай траншэі. У выніку баёў у раёне Зайцава ўзята ў палон 6 салдат і два унтэр-афіцэры 389 палявой дывізіі (далей – ПД). Палонныя паказалі, што праціўнік намерваўся адысці на раней падрыхтаваны рубеж, але нашы дзеянні перашкодзілі планамернаму адводу. 15.7.44 г. праціўнік пад націскам нашых частак, пакінуўшы мяжу Зайцава – Курылава, адышоў на новы рубеж Прудок – Грыцкава – выш. 138,2.
1341 СП заняў зыходнае становішча для наступу і рыхтаваўся да яго з задачай збіць праціўніка і з гэтага абарончага рубяжа і працягваць пераслед у напрамку Асвеі. 1336 СП поспеху не меў, працягваў заставацца на занятым рубяжы, рыхтаваўся да выканання пастаўленай задачы. 1344 СП заставаўся ў другім эшалоне. КП дывізіі размяшчаўся ў лесе з паўночнага захаду ад в. Маскалёнкі.
Праціўнік, падцягнуўшы свежыя рэзервы, у 11.00 спрабаваў перайсці ў контратаку сілаю да роты пры падтрымцы двух танкаў і самаходнай гарматы, але арганізаваным агнём падраздзяленняў капітана Зенава контратака была паспяхова адбітая.
Пры адбіцці контратакі праціўніка здзейсніў новы подзвіг камандзір агнявога ўзвода батарэі 45-мм гармат старшына Шчыгельскі. На яго гармату ішлі два танкі праціўніка. Ён асабіста выкаціў гармату на адкрытую пазіцыю і прамой наводкай знішчыў адзін танк; другі танк, бачачы ганебны канец свайго партнёра, не адважыўся выйсці з-за схованкі.
Праз некаторы час назіральнік далажыў, што па шашы да пярэдняга краю падыходзяць дзве аўтамашыны з пяхотай праціўніка. Шчыгельскі зноў навёў сваю гармату і чатырма бранябойнымі снарадамі разбіў абедзве машыны, знішчыўшы да 50 немцаў. У гэты ж дзень рота лейтэнанта Грашнова, якую ён падтрымліваў, сустрэла моцны агнявы супраціў; пры напрузе ўсіх сіл рота не мела поспеху. Патрэбен быў «язык». Старшына Шчыгельскі вырашыў прабрацца да немцаў з тылу. Ён зняў боты, імкліва прабег прастрэльваную прастору, нечакана ўляцеў у траншэю праціўніка і, знішчыўшы там фрыцаў, аднаго ўзяў у палон. У гэтым жа баі гармата Шчыгельскага знішчыла тры кулямёты і падбіла 37-мм гармату.
Праціўнік для падтрымкі пяхоты выкарыстаў авіяцыю. У 16.00 група бамбавікоў колькасцю 9 самалётаў з’явілася над баявымі парадкамі нашых частак, але фашысцкія сцярвятнікі былі сустрэты агнём зенітнай артылерыі і кулямётным агнём роты капітана Сляпых. Камандзір разліку старшы сяржант Пахомаў збіў самалёт «Ю-88», напад авіяцыі быў сарваны, самалёты скінулі бязладна бомбы і сышлі ў заходнім кірунку.
А.Бубала.

(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *