У Росіцы праходзяць юбілейныя ўрачыстасці

Актуально Духовность

2-3 жніўня ў Росіцкім касцёле Святой Троіцы адзначаць 20-ю гадавіну беатыфікацыі благаславёных мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

Усе дарогі ў пачатку жніўня вядуць у Росіцу – сюды прыходзяць і прыязджаюць пешыя, веласіпедныя і аўтамабільныя пілігрымкі, на гэтай святой зямлі збіраюцца тысячы людзей, каб пакланіцца подзвігу звычайных беларускіх святароў, якія ў гадзіну выпрабаванняў выявілі сябе годнымі апосталамі веры і аддалі жыццё за сваю паству.
Шлях да святасці росіцкіх мучанікаў і сёння ўзрушвае свет. Падчас карніцкай экспедыцыі «Зімовае чараўніцтва» у лютым 1943 года фашысты сагналі ў Росіцкі касцёл некалькі тысяч жыхароў навакольных вёсак для фільтрацыі: здаровых і маладых – для адпраўкі ў канцлагер Саласпілс, нямоглых і старых – у агонь. На працягу пяці дзён святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра былі разам з вязнямі: падтрымлівалі, маліліся, прыносілі ежу і ваду, абагравалі. А калі карнікі пачалі сваю страшную расправу і загадалі ксяндзам пакінуць людзей, святары засталіся з палоннымі да канца і ра-зам з імі прынялі пакутнікую смерць.
У агні Росіцы загінула 1528 мірных жыхароў – гэта дзесяць хатыней. А ўсяго ў Верхнядзвінскім раёне спалена 426 вёсак, больш 300 з якіх – з людзьмі.
Гэта месца на ўскрайку паўночнай беларускай зямлі стала сімвалам памяці і болю ахвяраў войнаў, яно прымушае чалавецтва задумацца аб выбары каштоўнасцей і схіліць галаву перад высокай духоўнасцю, якая была праяўлена росіцкімі святарамі.
У 1999 годзе Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра былі беатыфікаваны каталіцкай царквой. Двойчы ў год – у лютым і жніўні – тут адбываюцца малітоўныя ўрачыстасці ў гонар благаславёных, на якія прыбываюць высокія духоўныя асобы і тысячы вернікаў.

Сёлета духоўныя мерапрыемствы пачнуцца 2 жніўня ў 18 гадзін святой Імшой для пілігрымаў. Апоўначы пачнецца Літургія, а па яе заканчэнні – працэсія да месца мучаніцкай смерці. 3 жніўня малітоўная праграма прадоўжыцца і завяршыцца святой Імшой у 12 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *