Верхнядзвінскія актывісты шукаюць невядомыя магілы ваеннага часу

Актуально Беларусь помнит!

5. Яшчэ адна таямніца

Сёлетняя сухая вясна падаравала шукальнікам таямніц гісторыі дарогі, прыгодныя для наведвання самых глухіх лясных куточкаў. Нястомны верхнядзвінскі краязнаўца Уладзімір Юдзін прапанаваў нашаму музею неацэнную паслугу – дапамагчы выявіць на мясцовасці няўлічаныя дагэтуль магілы ваеннага часу з вызначэннем дакладных геаграфічных каардынат іхняга знаходжання.

3. Тут пахаваны ахвяры вялікага Сяла
Халаднаваты дзень, які мы выкарысталі напоўніцу з дапамогай уласнага аўтамабіля і навігатара нашага дабраахвотнага памочніка, аказаўся вельмі плённым. Маршрут пошуку пралёг ад вытокаў рэчкі Рудня ў глухіх лясах Дзёрнавіцкага лясніцтва да расонскай вёскі Малавіды. “Фольксваген-Пасат” праявіў свае добрыя хадавыя якасці не толькі на асфальце ды гравейках, але давозіў нас ляснымі дарогамі блізка да чарговай мэты, пакідаючы на пешыя пераходы толькі ўчасткі з ручаінамі, балотамі, ляснымі выспамі ды нізіннай глухаманню.

1. магілы ахвяр вёскі Іскра
Вясною нават цёмныя старыя ельнікі святлеюць. Але прызнаюся шчыра, самастойна мне з сябрам па вандроўках Генадзем Давыдзёнкам не ўдалося б знайсці і паловы жаданага. Гады тры таму я цэлы дзень да стомы шукаў магілы мірных жыхароў – ахвяраў фашызму ў няблізкім наваколлі Французскай гары, але беспаспяхова, бо лапіны дзялянак і часовыя лесавозныя дарогі зрабілі амаль непрыгоднымі для расшыфроўкі як старыя, так і сучасныя тапаграфічныя карты.
На наша шчасце, Уладзімір яшчэ падчас працы ў турысцка-паляўнічай гаспадарцы “Чырвоны Бор” адначасова з галоўнай працай узяў на сябе яшчэ высокі грамадзянскі клопат па зберажэнні памяці апошняй вайны. Ён не толькі наведаў мясціны колішніх лясных лагераў і партызанскіх баёў, не толькі знайшоў магілы, пра якія расказвалі яму былыя партызаны, паляўнічыя ды ўцалелыя ў час карных экспедыцый жыхары спаленых вёсак, але і даглядаў тыя журботныя адмеціны вайны. І зараз яны нават у гушчары клікалі да сябе яшчэ зыркім полымем памятных стужак і кветак на вянках, якімі былы “егер над егерамі” “Чырвонага Бору” калісьці пазначыў грудкі магіл.
На жаль, некаторыя з памятных мясцін, за якімі замацавана шэфства, сваім выглядам сведчаць пра тое, што гады два-тры дарэмна чакалі людской увагі. Нехта, мо, скажа, што гэта не так проста – даглядаць тыя мясцінкі ў глухіх лясах. Але ж ані не лягчэй клапаціцца і пра тыя помнікі, што раскіданы сярод палёў, якія ўлетку зарастаюць буйнымі травамі, а то і порсткім на рост кустоўем. Не зарастала б толькі нашая памяць.
У выніку нашага маніторынгу ўдалося нанесці на карту дакладныя месцы знаходжання пашпартызаваных раней памятных мясцін – брацкай магілы Васільевых і Ушаковых у наваколлі Верасна, брацкай магілы ахвяр фашызму ва ўрочышчы Смалаўкі і пахаванняў жыхароў сучаснай вёскі Іскра паміж Бараўцамі і Сярэдняй Пушчай. Гэта дазваляе нам унесці папраўкі ў картасхемы адпаведных пашпартоў.
Спіс памятных мясцін вайны папоўняць і раней не ўлічаныя аб’екты – магіла на правабярэжжы рэчкі Піжаўкі паблізу былой “партызанскай” вёскі Шчуні і брацкая магіла ахвяр вёскі Вялікае Сяло ў наваколлі Малавідаў. За абе-дзвюма гэтымі мясцінамі трэба замацаваць шэфаў, паклапаціцца пра ўсталяванне помнікаў. Пра магілу пад Малавідамі ў свой час клапаціўся мясцовы настаўнік са сваімі вучнямі, пра што сведчаць рэшткі штакетнай агароджы. Але школы ў вёсцы даўно няма, лясное паселішча крыху ажывае толькі ўлетку. На магіле каля Шчуняў захаваўся маленькі драўляны струпехлы слупок-абеліск з фрагментам самаробнай бляшанай зорачкі.
Гутарка з жыхарамі былой асвейскай вёскі Малавіды вымагае дадатковага даследавання яшчэ адной таямніцы – замшэлага насыпу на высокай лясной выспе, на якім, як сцвярджаюць, раней стаяў помнік і які некаторыя тубыльцы лічаць магілай савецкага афіцэра.
Антон Бубала,
старшы навуковы супрацоўнік
Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *