Тэма тыдня

Тема недели

Ламаць існуючую сістэму адукацыі ў Беларусі нельга, але ўдасканальваць неабходна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.
«Да пытанняў адукацыі мы звяртаемся пастаянна. Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт не выключыў, што пры ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў школах і ВНУ давядзецца адмовіцца ад некаторых аспектаў. «Калі мы разумеем, што ад гэтага трэба адмовіцца, гэта трэба рабіць рашуча. Самае галоўнае ў адукацыі, ды і наогул (у эканоміцы і іншых пытаннях) — калі мы ведаем, што трэба рабіць, але з-за нашага махровага бюракратызму пачынаем зацягваць гэтыя працэсы. Тады праходзіць час, і мы бачым: тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальна для сённяшняга і тым больш заўтрашняга дня».
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў вызначыцца з неабходнай колькасцю навучэнцаў у вышэйшых навучальных установах. Аднак растлумачыў, што гэта даручэнне не распаўсюджваецца на экспарт адукацыйных паслуг, які прыносіць краіне немалыя грошы. Толькі па лініі Міністэрства адукацыі ўдалося зарабіць $35 млн. «Сістэма беларускай адукацыі вельмі запатрабавана. Па-мойму, 108 краін навучаюцца ў Беларусі, амаль 25 тысяч чалавек. Гэта здорава, — адзначыў ён. — А нам трэба столькі выпусціць з ВНУ студэнтаў, колькі патрэбна для нашай эканомікі і жыцця».
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на асаблівасцях навучання ў бакалаўрыяце і магістратуры. На яго думку, студэнт павінен выходзіць з ВНУ ўжо цалкам падрыхтаваным спецыялістам, а не проста з першапачатковымі ведамі і навыкамі. «Я катэгарычна забараняю такім чынам будаваць сістэму адукацыі. У нас ёсць нармальная сістэма адукацыі: чалавек скончыў ВНУ, атрымаў вышэйшую адукацыю — ідзі і працуй. Я не супраць магістратуры, але туды павінны ісці самыя здольныя і жадаючыя далей атрымліваць адукацыю, займацца навукай і выкладаннем. І ў нас такая традыцыя з савецкага часу, а можа, яшчэ і дасавецкага. І гэта добра. Як ідуць справы тут? Я даручаў праверыць. Ці выканана маё даручэнне?» — спытаў Прэзідэнт.
Калі справа ў зарплаце педагогаў, якая залежыць ад колькасці гадзін, то, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна проста павялічыць ім зарплату. «Няхай будзе менш гадзін, ставак, але грошы пакінем тыя ж, яшчэ дабавім. Але выкладчык не павінен увесь час хадзіць за студэнтамі. Палову рабочага дня ён павінен выкладаць, а палову — займацца самаадукацыяй. У адваротным выпадку, які ён выкладчык», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Зарплаты настаўнікаў, на яго думку, ужо вывелі на прымальны ўзровень, астатняе ў руках саміх педагогаў. «Школа мае магчымасць даплаціць. Настаўнік у нас ужо за Br900 атрымлівае ў сярэднім. Можа, недзе трэба моладзь падтрымаць, можа, яшчэ нешта. Глядзіце, каб вы дашліфавалі зарплату. Нельга настаўніка крыўдзіць — гэта наша апора і аснова. Без настаўніка нічога быць не можа — ні сённяшняга дня, ні заўтрашняга», — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна цаніць як школьных настаўнікаў, так і педагогаў у ВНУ, колькі б гадоў ім ні было. Калі яны хочуць і могуць працаваць, прыносяць карысць універсітэту, трэба берагчы такіх спецыялістаў і ні ў якім разе не выганяць.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб праблемных пытаннях вузаўскай падрыхтоўкі, адзначыўшы, што навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным. «Часам адукацыя ні к чорту! Людзі пачынаюць не тое што давучвацца на вытворчасці (гэта зразумела, жыццё мяняе хутка), яны перавучвацца пачынаюць. Мы перавучваем на вытворчасці, калі прыходзіць чалавек. Гэта значыць, у некаторых ВНУ працуем ухаластую. Гэта ненармальна, мы адрываемся ад жыцця. Гэтага быць не павінна», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
У час нарады таксама абмяркоўваліся пытанні правядзення экзаменаў пасля заканчэння школы, а таксама цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў ВНУ. «Паглядзіце, колькі мы, пасля таго як увялі тэсціраванне, зрабілі адступленняў, патрэбных для жыцця, каб не загубіць талент. Не заўсёды толькі тэсціраванні могуць даць уяўленне выкладчыкам, якія набіраюць у ВНУ абітурыентаў, аб іх жыццёвым узроўні, ведах, здольнасцях», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Крытэрыем павінна быць жыццё і рэчаіснасць

Са школьных праграм неабходна выключаць усё лішняе і прыводзіць іх у адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснага жыцця, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што яму даводзіцца кожны дзень сутыкацца са школьнымі праграмамі, таму ён бачыць усе недахопы. «Здаецца, матэматыкаў адных толькі рыхтуем. Давайце гаварыць шчыра, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё ў краіне патрэбна матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы (у школьнікаў. — Заўвага БЕЛТА) павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэбнасць менш за ўсё», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, вялікіх матэматыкаў шмат быць у прынцыпе не можа. Гэта, на яго думку, рэдкасць. «А мы пад гэту рэдкасць пачынаем касіць. У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпужваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы, — заўважыў Прэзідэнт. — Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае разважанні, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзе-небудзь на факультатыве, але ў асноўным — у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць у школу. Навошта вы гэта робіце?»
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ёсць і іншыя прадметы, праграмы па якіх пабудаваны няправільна. У прыклад ён прывёў біялогію, на якой ледзь ці не палову навучальнага года могуць падрабязна вывучаць чарвякоў.

Адзіная магістратура для падрыхтоўкі навукова-арыентаваных спецыялістаў

Аб гэтым паведаміў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Тэма дзейнасці магістратуры ў ліку іншых разглядалася ў час даклада. «Дамовіліся, што будзе адзіная магістратура. Да нядаўняга дня ў нас функцыянавалі два віды магістратуры — навукова-арыентаваная і практыка-арыентаваная, — сказаў міністр. — Цяпер будзе адзін від магістратуры, нацэлены на падрыхтоўку навукова-арыентаваных спецыялістаў пад інавацыйныя, канструктарскія распрацоўкі, а таксама пад педагагічную дзейнасць».
Паводле слоў Ігара Карпенкі, пэўная работа ў гэтым напрамку пачалася ўжо. «Мы стварылі мадэль такой магістарскай падрыхтоўкі і цяпер працуем над вучэбнымі планамі, праграмамі. Узбуйнены навукова-арыентаваныя, інавацыйныя і педагагічныя спецыяльнасці магістра-туры», — сказаў ён.
Падпісаны загад міністра па наборы на такія спецыяльнасці. «У бліжэйшы час будуць сфарміраваны лічбы прыёму ў магістратуру як на бюджэтнай, так і на платнай аснове. І такім шляхам будзем рухацца далей. Гэта значыць, магістратура павінна рыхтаваць кадры, якія ў перспектыве будуць уплываць на інавацыйнае развіццё эканомікі, на навуковую сферу і педагагічную дзейнасць», — рэзюмаваў кіраўнік ведамства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *