Тэма тыдня

Тема недели

Суверэнітэт для Беларусі — гэта святое, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён у свой час уносіў мноства прапаноў па развіцці Саюзнай дзяржавы, аднак не ўсе былі ўспрыняты расійскім бокам, а цяпер зноў пачалі ўзнімацца гэтыя пытанні, але схематычна, пры гэтым блытаецца палітыка і эканоміка. «У імя чаго? Навошта раптам цяпер? І што Расія хацела б, што яна прапануе?» — спытаў Прэзідэнт.

«Для нас, запомніце, святое — гэта суверэнітэт, я ўжо аб гэтым гаварыў. Гэта адносная незалежнасць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаў няма».

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці адчувае ён пагрозу суверэнітэту краіны, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды ёсць пагроза з аднаго ці другога боку.

Паводле яго слоў, большая пагроза адчуваецца з паўднёвай граніцы, адкуль хлынула зброя — вось гэта праблема і небяспека.

Аб аднаўленні міру ў рэгіёне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае імкненне беларускага боку максімальна садзейнічаць мірным працэсам у рэгіёне. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

«Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, каб аднавіць мір і згоду паміж славянамі. Гэта нялёгка, але нават калі захаваецца самы малы шанц, сваіх спроб мы не пакінем. Мы будзем імкнуцца да таго, каб у нас тут, на тэрыторыі асноўных славянскіх дзяржаў, быў мір», — заявіў беларускі лідар.

У гэтым павінны дапамагчы і журналісты, перакананы Аляксандр Лукашэнка. «Хаця б таму, што ачагом канфліктаў часта становіцца менавіта медыйная прастора. Трэба ўсведамляць адказнасць за кожнае сказанае і напісанае слова. Калі яно разбурае мір і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін рад з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. А некаторыя гавораць, што вы гэта зброя масавага паражэння. І я з гэтым згодны. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі», — сказаў Прэзідэнт.

У час прэс-туру ў Беларусь расійскія журналісты і блогеры наведалі Полацк. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. «Калі ўзяць «Аповесць мінулых гадоў», то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі — знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Можа, таму ў нашай краіне асабліва цяжка і балюча ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце. Мы не можам застацца ў баку ад падзей, якія раздзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пра вырашэнне канфлікту ва Украіне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заклікае бакі, якія варагуюць, да практычных крокаў па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны.

«Я не хачу, каб старыя гінулі ў Данбасе. Я ведаю, што там адбываецца, лепш, чым прысутныя тут, і лепш, чым нават кіраўніцтва Расіі. Я ведаю, што адбываецца. За што гінуць дзеці і старыя, жанчыны? Мужыкі ж там ваююць недзе… Але дзеці чаго гінуць, яны ў чым вінаватыя? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вось з чаго зыходзіць мая пазіцыя. І ці нам — славянам — ваяваць тут».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны, і гэта магчыма. «Але чым далей — тым горш. Я вам скажу сваю пазіцыю: усе баяцца, што там будзе НАТА. Я нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было НАТА, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесці», — адзначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт адзначыў, што без удзелу ЗША ніякая Еўропа, Меркель ці Макрон праблему не вырашаць. «Але мы ўтраіх (Расія, Украіна і Беларусь. — Заўвага БЕЛТА) вырашыць можам. Як гэта зрабіць? Трэба сесці і падумаць, але для гэтага трэба адмовіцца ад нападкаў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней прапаноўваў канкрэтны ўдзел ва ўрэгуляванні канфлікту, у тым ліку забеспячэнні бяспекі на граніцы, арганізацыі выбараў у адпаведнасці з мінскімі пагадненнямі. Аднак ні ўкраінскі бок, ні расійскі на гэта не пайшлі.

Неабходна сабіраць «Хельсінкі-2», каб супакоіць свет

«Я лічу, што тэрмінова трэба сабіраць такую канферэнцыю. Каб неяк супакоіць свет, трэба гэта зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я бачу выратаванне свету ў гэтым, каб мы спыніліся хаця б, каб не беглі ў гонку ўзбраенняў і заўтрашнюю вайну. А мы ўжо амаль страляем адзін у аднаго. Нам «Хельсінкі-2″ патрэбны».

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што краіны не могуць правесці паўнацэнны саміт АБСЕ (апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбылася ў Астане ў 2010 годзе, папярэдняя — у Стамбуле ў 1999 годзе), каб абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі, не гаворачы ўжо пра запуск новага перагаворнага працэсу. «Гэта ж ганьба», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб узаемаадносінах з Расіяй

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі і аказваецца пэўная крэдытная падтрымка з расійскага боку, то, па-першае, гэта робіцца па значна большай працэнтнай стаўцы, чым крэдыты МВФ. З іншага боку, Расія крэдытуе канечнага спажыўца, які вырабляе тавар, у тым ліку з расійскіх камплектуючых.

«Калі мы сёння ад Расійскай Федэрацыі, напрыклад $4-5 млрд атрымалі крэдытаў, то кожны год мы за абслугоўванне гэтых крэдытаў плацім $1 млрд 200 млн», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка назваў падатковы манеўр галоўным пытаннем маючай адбыцца сустрэчы з Пуціным

Сустрэча лідараў дзвюх дзяржаў павінна адбыцца да канца бягучага года. Галоўным пытаннем перагавораў Аляксандр Лукашэнка назваў падатковы манеўр. «Самае галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць, — пытанне эканамічнае — падатковага манеўру», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не пойдзе ні на якія хітрыкі ў асабістых інтарэсах і ў гульні гуляць не будзе. «Развіваць праект Саюзнай дзяржавы трэба дастойна і толькі ў інтарэсах беларусаў і расіян», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Аб інтэграцыйных аб’яднаннях

Адказаць на глабальныя выклікі здольны толькі магутныя інтэграцыйныя аб’яднанні

«Любыя праблемы могуць быць вырашаны толькі сумесна і толькі праз супрацоўніцтва. Аб гэтым сведчыць і шэраг міжнародных самітаў: «Вялікай дваццаткі», ЕАЭС, АДКБ. Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольны толькі магутныя інтэграцыйныя аб’яднанні. Паасобку нават буйной дзяржаве не справіцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў наступным годзе Беларусь і Расія адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама пяцігоддзе Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Мы разам прайшлі не заўсёды просты, але вельмі плённы і багаты на добрыя справы шлях», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Якія б пры гэтым не ўзнікалі цяжкасці, бакі заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: трэба аб’ядноўвацца на фоне знешняга націску

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прадаўжаць інтэграцыю з Расіяй і ў ЕАЭС на фоне знешняга націску.

«Я сказаў прэм’ерам ЕАЭС — ведаеце, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба цяпер тут аб’яднацца, як вы сказалі, пры націску гэтым знешнім і сваё шчасце шукаць тут. Дык чаму не шукаеце?»

«Дробныя праблемы — іх не тое што трэба не бачыць, адкінуць… Іх не трэба ствараць. Чаго мы б’ёмся? Добра, вы не прададзіце нам 5 млрд куб.м газу дадаткова. Куды вы дзенеце гэты прыродны газ пры тым шалёным тэмпе, калі адыходзяць ад традыцыйных вуглевадародаў?» — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння ў свеце ідуць гандлёвыя войны, з прыходам Дональда Трампа на пасаду Прэзідэнта ЗША складаная сітуацыя складваецца вакол Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Сярод краін ЕАЭС толькі Беларусь не з’яўляецца членам СГА, хоць дамаўляліся каардынавацца ў пытанні ўступлення ў арганізацыю, але Расія ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, гэта зрабіў і Казахстан. Аднак цяпер сталі відавочны праблемы з СГА — на пляцоўцы «Вялікай дваццаткі» гучаць заявы, што арганізацыю трэба перафармаціраваць, перарабіць. «У Піцеры нядаўна абмяркоўвалі гэту праблему. Назарбаеў (і Пуцін яго падтрымаў) гаворыць — зноў Лукашэнка выйграў», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб СМІ

Лукашэнка пра цэнзуру: я катэгарычны праціўнік закрываць каму-небудзь рот

Цэнзуры ў інфармацыйнай сферы быць не павінна, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

На думку кіраўніка дзяржавы, агульны дэпрэсіўны інфармацыйны фон наносіць вялікую шкоду грамадству. Часта гэта вызначае рэчаіснасць і ўжо дакладна ніяк не садзейнічае якасным змяненням жыцця чалавека, канстатаваў ён.

«Цэнзуры ні ў якім разе быць не павінна, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я катэгарычны праціўнік каму-небудзь закрываць рот. І не толькі таму што я такі дэмакрат. Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання: усё гэта дарэмна. А яшчэ горш — гэта на шкоду».

Прэзідэнт дадаў, што цэнзура асабліва бессэнсоўная ў эпоху інтэрнэту. «Час змяніўся. Амаль палова насельніцтва сядзіць у інтэрнэце, і яны там усё бачаць», — заўважыў ён.

Лукашэнка заклікае СМІ не спрабаваць раздуваць полымя з беларуска-расійскіх спрэчак

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць спрэчкі, што ўзнікаюць на высокім узроўні па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, рабочымі момантамі. «Што датычыцца гарачых падстаў, то якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздуваць з іх полымя. Гэта рабочыя моманты. У адносінах паміж нашымі краінамі яшчэ не было сітуацый, у якіх мы не знайшлі б кампрамісу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія застаецца стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі.

«Там жывуць проста нашы браты. Хто б яны ні былі: рускія, чачэнцы, інгушы, яўрэі… Гэта нашы браты, таму што ўчора мы жылі ў адной дзяржаве», — дадаў ён.

Лукашэнка пра стаўленне да фэйкаў: галоўнае — паглядзець, каму гэта выгадна

«З цягам часу я больш спакойна пачаў рэагаваць на нейкія фэйкі. Тым больш ёсць такі фэйк, які табе на карысць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але галоўнае для мяне — паглядзець, каму гэта выгадна і хто гэта распаўсюджвае. Я гавару пра некаторы ўхіл расійскіх сродкаў масавай інфармацыі так востра, таму што ўжо бачу, што гэта адтуль закідваецца. Я не прыхільнік гэтага. Ты лепш у вочы глядзі і скажы або публічна, або ў закрытым рэжыме. Я прыхільнік такой палітыкі, а не закуліснай».

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што на фэйкавыя навіны ў інтэрнэце рэагуе больш спакойна, чым у традыцыйных СМІ. «Можа, я вельмі кансерватыўны, таму ў мяне такое стаўленне да кніг і газет, — дадаў Прэзідэнт. — Я нават інтэрнэтам рэдка карыстаюся: і некалі, і я асабліва да гэтага не імкнуся».

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *