У Верхнядзвінску адбыўся вечар-успамін вядомага земляка – артыста Яўгена Шыпілы

Актуально Наш край Общество

Шмат цёплых, удзячных слоў гучала ў адрас нашага земляка,  народнага артыста Беларусі Яўгена Патафеевіча Шыпілы падчас вечара-успаміна, наладжанага раённай бібліятэкай. 

IMG_9474

Нарадзіўся будучы артыст у вёсцы Відокі ў 1943 годзе. Па ўспамінах яго сястры Галіны, жылі на папялішчы, бо вёска была спалена яшчэ ў сакавіку. А як пайшлі карнікі, маці з двума старэйшымі і нованароджаным пабеглі за Свольна, да расонскіх балот. Дзіця з голаду ды холаду плакала, і суседзі раілі маці, каб яна яго кінула, паберагла старэйшых. Але насупраць усяму Марыя зберагла Жэньку…
Школьнікам Яўген “захварэў” тэатрам, калі ўпершыню ўбачыў артыстаў-коласаўцаў, якія пры-везлі у Асвею “Уцёкі з ночы”. Пазней яму прапанавалі стаць загадчыкам Відокскага сельскага клуба, затым накіравалі на курсы па падрыхтоўцы работнікаў культуры ў Мінск.
Пасля двух няўдалых спроб паступіць у тэатральны быў залічаны ў студыю пры тэатры імя Якуба Коласа. Спачатку ў масоўку, а потым некалькі першых роляў – і залічэнне ў асноўны састаў.
Марай артыста была роля Несцеркі, і яна здзейснілася. Яўген Патафеевіч замяніў захварэўшага Фёдара Шмакава і сыграў нават без рэпетыцыі.
На сцэне Яўген Шыпіла ствараў не толькі вобразы сваіх равеснікаў, але і непаўторныя, трапныя і пераканаўчыя – старых людзей: дзед Курыла ў “Сымоне-музыке”, Глахун з “Закона вечнасці”.
У 1984 годзе за высокія творчыя дасягненні Яўген Шыпіла быў удастоены ганаровага звання народнага артыста БССР.
Падчас мерапрыемства гучалі ўспаміны родных і знаёмых Яўгена Шыпілы. Нагадвалі яны, як цудоўна, пявуча размаўляў ён на роднай мове, быў выдатным жартаўніком, не баяўся простай работы – сена накасіць, вады прынесці. Па словах сястры, збіраўся, як пойдзе на пенсію, пераехаць на Асвейшчыну. Але гэтым марам не давялося здзейсніцца…
Успамінамі аб сумеснай працы з Яўгенам Шыпілам падзяліліся яго калегі, госці з Віцебска.
— Яўген Патафеевіч быў народным па званні і па сутнасці, — адзначыў літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Юрый Іваноўскі. — Шмат перайграў класічных персанажаў, але бліжэй яму былі людзі з народа — праўдашукальнікі, бяссрэбранікі… Ён іх найбольш разумеў. Ролі быццам і не іграў, гэта было проста з жыцця… Пастаноўкі па п’есах Дударава мелі асаблівы поспех, іх заканчэнне суправаджалася авацыямі гледачоў. Гэта быў творчы пік Яўгена Шыпілы.
Урывак з п’есы “Парог” прысутным прапанаваў артыст Генадзь Гайдук, але адразу папярэдзіў:
“Тое, як іграў Яўген, перадаць проста немагчыма, на яго гэтая роля клалася стопрацэнтна, яна менавіта яму падыйшла лепш за іншых, аўтар быццам для яго яе і пісаў”.
— Патафеевіч і ў жыцці быў добрым, простым чалавекам, добразычлівым і ўважлівым, — дадаў ён. — А для мяне, як і для іншых артыстаў, важна, калі побач такі вопытны артыст.
Сярод яго герояў былі і персанажы класічных п’ес – Ларэнца (“Рамэо і Джульета”), Глостэр (“Кароль Лір”), Іван Пятровіч Вайніцкі (“Дзядзя Ваня”). Чэхаўскага Дзядзю Ваню іграў разам з Таццянай Ліхачовай (Соняй), заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь.
Таццяна Уладзіміраўна прадэкламавала ўрывак са спектакля і падзялілася сваімі ўспамінамі аб артысце.
— Жартаўнік быў незвычайны, добра чытаў вершы і выдатна спяваў, у тым ліку і разам з жонкай. І сам пісаў вершы, здымаўся ў кіно. Харызматычны чалавек быў, шчыры, добры бацька.
Госці прывезлі з сабой не толькі цёплыя словы ўспамінаў, але і шэраг фотаздымкаў са сцэнічнымі вобразамі Яўгена Шыпілы. У прысутных была цудоўная магчымасць паглядзець відэазапісы некаторых спектакляў з удзелам народнага артыста.
Падчас сустрэчы гучалі песні ў выкананні хора «Ветэран». Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Кісялевіч уручыла гасцям кнігі “Верхнядзвінск. Залатая паралель Беларусі” і запрасіла прыязджаць яшчэ.
Вечарам-успамінам бібліятэка пачала сваю дзейнасць у адноўленым пасля рамонту будынку. Гэта даніна павагі нашаму вядомаму земляку і ёсць яго самая галоўная роля – пражыць жыццё чалавекам, якога праз гады ўспамінаюць з такой цеплынёй і пяшчотай.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *