Акцыя «Добры сусед» будзе працягвацца

Актуально Год малой радзімы Общество

На правядзенне свята двара па вул.Першамайскай нашага горада раённая арганізацыя ГА «Беларуская жаночая ліга», якая выступіла афіцыйным заяўнікам свята, атрымала дазвол ад мясцовых уладаў.

DSC01378

DSC01381

Але святу папярэднічала больш двух месяцаў працы, і самую вялікую падтрымку мы мелі ад раённага Савета дэпутатаў і яго старшыні Ірыны Францаўны Козел, да якой звярнуліся, калі палічылі неабходным абмеркаваць план дзейнасці з жыхарамі дома. Звярнуліся і да дэпутата раённага Савета У. В. Зубрыцкага, у межах акругі якога знаходзіцца гэты дом па вул. Першамайскай.
І адразу ж накіравалі дэпутацкі запыт У. В. Зубрыцкаму на правя-дзенне рамонту тратуараў. На працягу двух з паловай месяцаў два-тры разы на тыдзень, а то і часцей, даводзілася сустракацца з жыхарамі дома. І акцыя «Добры сусед», вельмі спадзяюся, будзе бяс-концай, бо спраў чакае шмат.

DSC01345
Калі напачатку мы сваім жаночым аргкамітэтам планавалі правесці некаторыя работы, былі вялікія сумневы адносна актыўнасці жыхароў. І нават першы сход, які прайшоў у сярэдзіне красавіка, не вельмі абнадзеіў. Але ўжо першая пасадка дрэў зняла ўсе сумненні. У адзін дзень было пасаджана 17 прыгожых туй. Дзякуй жылкамунгасу, які зразумеў нашы памкненні і на працягу ўсёй акцыі дапамагаў «Добраму суседу».
Затым адрамантавалі пляцоўку для кантэйнераў, і зараз самі жыхары кантралююць узнікненне «непажаданых звалак», якія да гэтага часу былі праблемай. Першыя еўракантэйнеры з’явіліся таксама каля дома №72, затым прыйшла чарга сметніц. І зноў жа – пры падтрымцы ЖКГ і эколага арганізацыі Алены Карасевай.
Прыгажуні вербы атулілі азярцо, абапал тратуара з’явіліся хосты і дэкаратыўныя кусты, радуюць пятунні, якія таксама садзілі ўсім домам, і кожны пад’езд упрыгожылі вазоны з кветкамі. «Птушыныя домікі» абжылі качкі.Дарэчы, апошні домік спускалі на ваду ўсім домам падчас свята, на якое завіталі госці не толькі з суседніх дамоў, а і з горада і нават з суседніх вёсак. Самым смелым мужчынам, які ў той халаднаваты вечар рызыкнуў залезці ў ваду, стаў Аляксандр Кананчук. Дарэчы, і адзін з самых актыўных удзельнікаў усей акцыі.
Лепшым маім памочнікам у гэтай справе стала намесніца па жаночай арганізацыі Валянціна Мінчук, якая жыве ў гэтым доме. А колькі намаганняў прыклалі да справы М. Дашкевіч, В. і А. Кананчукі, М. Мінчук, А. і А. Казачонкі, Л. Счасная, І. Сініцына.
Аргкамітэт «Добрага суседа» стварыўся неяк сам, яшчэ калі мы абмяркоўвалі праект па добраўпарадкаванні двара па вул. Першамайскай і рыхтавалі заяўку. Якая, праўда, дала штуршок далейшай працы і мы сёння кажам вялікі дзякуй «Офісу еўрапейскай экспертызы і камунікацый»! Іх невялікі фінансавы ўклад даў пачатак добрай справе. І, канешне, мы не маглі не запрасіць іх да сябе ў госці на сустрэчу, на якую прыйшлі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі грамадскіх арганізацый раёна, а потым быў выезд на месца, дзе Валерыя Валкагонава і Марына Корж увачавідкі пабачылі тое, што мы робім.
Аргкамітэт да свята падрыхтаваў адмысловыя Ганаровыя граматы для найбольш актыўных удзельнікаў акцыі. А яшчэ ад імя раённага аддзялення ГА «Беларуская жаночая ліга» я звярнулася з хадайніцтвам у раённы Савет дэпутатаў аб узнагароджанні самага актыўнага ўдзельніка, можна сказаць, гаспадара дома – Фёдара Андрэевіча Ломача Граматай раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада. Грамату райсавета на свяце ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Козел. Вось так!
Каштоўным падарункам аргкамітэта ўзнагароджаны і наш памочнік Аляксей Краўчанка. А Граматы аргкамітэта атрымалі аж 15 чалавек! Сяброўкі жаночай арганізацыі — Тамара Фёдараўна Кецкіна, Валянціна Шумская, Крысціна Шыпіла – зрабілі выставы сваіх творчых прац. Тамара Кецкіна ўнесла прапанову адзначыць самых пажылых людзей дома і падрыхтавала ім падарункі, а Марына Каляда – самаму маленькаму жыхару дома.
Ужо распачата праца па ўкладцы пліткі на тратуарах каля дома. Вось гэта ўжо было нечакана! Відаць, наша сустрэча са старшыней выканкама І. І. Марковічам была недарэмнай.Некалі ён паабяцаў жыхарам заасфальтаваць аўтапляцоўку каля дома. Ужо зрабілі!
Дом мае 5 пад’ездаў і кожны на свяце прадэманстраваў свае творчыя набыткі. Першы пад’езд быў у нас «Спартыўны», дзе жыве сям’я Навіцкіх. Святлана і Сяргей разам з двума дачушкамі былі арганізатарамі спартыўнай часткі. Валянціна Мінчук, маці траіх сыноў і траіх унукаў, падрыхтавала такі стол, што, як кажуць, пальчыкі абліжаш. Яшчэ адзін з пад’ездаў дэманстраваў веды гісторыі свайго краю, а пераможца атрымаў у падарунак кнігу Алены Карасевай, сяброўкі аргкамітэта. Музычны пад’езд уразіў спевамі, а пачатак конкурсу распачала Наталля Васіленка, кіраўніца арганізацыі шматдзетных сем’яў раёна «СемьЯ», якая выступіла з музычным прывітаннем.
Кансультантам «Арт-пад’езда» стала дырэктар Цэнтра выхаваўчай працы для дзяцей і школьнікаў Ала Барысаўна Марозава.
Свае падарункі актыўным удзельнікам акцыі падрыхтаваў і “Беларускі саюз жанчын”, дзякуй за гэта яго кіраўніку А. В. Міронавай.
На свяце кожнаму пад’езду ўручаны прыгожыя карціны, якія, па творчай задуме аргкамітэта, павінны распачаць стварэнне, лічы, карцінных галерэй, у кожным пад’ездзе. Чакаем, што ў нашых пад’ездах з’явяцца прыгожыя краявіды Верхнядзвіншчыны, фотаздымкі са святаў і цікавых мерапрыемстваў, нацюрморты «хатніх закатак», бо ў доме шмат сапраўдных гаспадынь, і іншых работ.
Жаданымі гасцямі «Добрага суседа» былі Андрусь Такінданг і Аляксей Шэін, які прэзентаваў сваю кнігу «Сем камянёў». Наш зямляк Сяргей Сцяпанавіч Панізнік так напісаў Аляксею: «Аляксей! На Дрысеншчыне сем камянёў пасей!». Была сустрэча на «Бібліаночы» у раённай бібліятэцы, а затым удзел у свяце дома. А Андрусь Такінданг за невялікі прамежак часу стварыў сапраўдны дзіцячы хор! Як жа хораша спявалі дзеткі разам з ім беларускія песні! А пераможца літаратурнай віктарыны на веданне творчасці У. Караткевіча атрымаў шыкоўны падарунак – два тамы Васіля Быкава. Вось што ўзрадвала: ведаюць дзеткі і пра Караткевіча, і пра Быкава!
І, канешне, свята не было б такім насычаным і вясёлым, калі б не мясцовая дзетвара! Вось дзе патэнцыял! Калі аргкамітэт абвясціў пра тое, што пройдуць спаборніцтвы на веласіпедах, то дзіву даліся: увесь двор быў застаўлены велатранспартам! Паглядзелі б вы, як танчылі дзеткі! Прычым, танцы развучвалі спецыяльна для свята! Зараз наважыліся правесці свята спартыўнае! Так што «Добры сусед» яшчэ не раз раскажа пра сваю дзейнасць!
В. БОЛБАТ,
няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *